Вы тут

Беларускія і эстонскія мастакі ў праекце добрых твораў


Восень — прыгожая і рамантычная пара. Адзінае, чаго можа не хапаць цяпер, — цеплыні. Калі ёсць патрэба сагрэцца дабрынёй, то арт-гасцёўня «Высокае месца» запрашае наведаць беларуска-эстонскі праект «Выстаўка 5», дзе прадстаўлены толькі цёплыя і спакойныя творы.


Аляксандр Дзямідаў «Вясновая музыка», 2012

Праект атрымаў назву «Выстаўка 5» таму, што творы прадставілі пяць аўтараў, якія працуюць у розных тэхніках і жанрах выяўленчага мастацтва. Аднак усіх іх аб’ядноўвае жаданне раскрываць у творах прыгажосць свету, ідэя спакою і сузіральнасці. Так, экспазіцыю праекта складаюць казачныя сюжэты графічных работ Війве Наор, анёлы, створаныя разцом Наталляй Піневіч, стыльная кераміка Анне Турн, дынамічныя сюжэты Ганны Каралёвай, наіўныя жывапісныя кампазіцыі Аляксандра Дзямідава.

Падчас прагляду экспазіцыі з’яўляецца адчуванне, што ты патрапіў у іншы свет. І хоць галерэя размешчана ў самым сэрцы Мінска, глядач усё роўна абстрагуецца. Мастакі паспрабавалі адысці ад тэмы нацыянальных адрозненняў, шукалі агульныя тэмы, якія былі б цікавыя не толькі беларускаму ці эстонскаму гледачу, але маглі б прыцягнуць аўдыторыю розных краін свету.

— Гэта вельмі рамантычны праект, у якога ёсць адметны стыль і свая аўдыторыя, інтэлігентная, якая думае і аналізуе кожную дэталь, — адзначыла на адкрыцці выстаўкі пасол Эстонскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Мерыке Кокаеў. — Выстаўка беларускіх і эстонскіх мастакоў арганізавана невыпадкова. Гэты год важны для нашых краін: дваццаць пяць гадоў таму Беларусь і Эстонія ўступілі ў дыпламатычныя адносіны. Выстаўка дэманструе тую мяккасць і цеплыню, з якімі нашы народы ставяцца адзін да аднаго. Наступны крок, які мы зробім у рамках двухбаковага супрацоўніцтва, — выстаўка беларуска-эстонскіх мастакоў у Эстоніі, якая будзе адкрыта 18 кастрычніка.

Наталля Піневіч «Перад дальняй дарогай», 2014 г

Мастакі-аднадумцы прапануюць гледачу бліжэй пазнаёміцца з іх унутраным светам і адкрыць душу чыстага і наіўнага дзіцяці, што жыве ў кожным. Такое адкрыццё і ёсць частка задумы выставачнага праекта. Праз чароўныя светы, прыдуманыя аўтарамі, напаўзабытыя казкі, расказаныя імі ў творах, глядач патрапіць у чароўны свет.

У мастакоў атрымалася арганічна спалучыць розныя жанры мастацтва, пры гэтым не парушыць цэласнасці канцэпцыі. Дзеці, кветкі, анёлы, фантастычныя зверы — асноўныя вобразы, з дапамогай якіх аўтары сфарміравалі адзінства ўспрымання твораў. Кожны наступны твор — нібыта працяг папярэдняга.

Анне Турн з цыкла «Зацьменне месяца».

— Ідэя праекта нарадзілася год таму. Я патрапіў у арт-гасцёўню «Высокае месца» і быў зачараваны складанасцю і ў той жа час вытанчанасцю яго архітэктуры, — падкрэсліў на адкрыцці праекта куратар і ўдзельнік выстаўкі, мастак Аляксандр Дзямідаў. — Адразу ж прапанаваў маім калегам прыдумаць цікавую канцэпцыю і арганізаваць тут выстаўку. Усе, хто звязаны з мастацтвам, разумеюць, што кожны праект — гэта вялікі кацёл з супам, які гатуецца заўсёды доўга, але на фінішы ўсе атрымліваюць задавальненне. У нашым выпадку ўсе мастакі падышлі да сумеснай справы сур’ёзна і стараліся не выпусціць з-пад увагі ніводнай дробязі. На гэтай выстаўцы ўпершыню ў Беларусі выстаўляюцца керамічныя работы Анне Турн. Адна справа — бачыць іх на малюнках, а іншая — калі ёсць магчымасць разгледзець ужывую, убачыць усе тонкасці і дэталі, якім аўтар аддае шмат часу. Калі толькі прывезлі скрынкі з работамі, я баяўся, што не атрымаецца з усёй разнастайнасці сплесці нешта агульнае. Але ў выстаўцы жыве наша агульная душа, пры ўсім тым, што аўтары праекта — прадстаўнікі розных мастацкіх школ і адчуваюць мастацтва па-рознаму.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».