Вы тут

Мінск стане сталіцай дзіцячага «Еўрабачання-2018»


Прэстыжны міжнародны музычны конкурс пройдзе ў Беларусі ўжо другі раз

Да пачатку дзіцячага «Еўрабачання-2017», якое адбудзецца ў Тбілісі 26 лістапада, застаецца крыху больш за месяц, а арганізатар маштабнага шоу, Еўрапейскі вяшчальны саюз (EBC), ужо афіцыйна абвясціў, куды адправіцца конкурс налета. У Беларусь!


Нагадаем, наша краіна ўжо прымала 14 краін — удзельніц дзіцячага «Еўрабачання» ў 2010-м, прычым тады выканаўчы прадзюсар ЕВС Свантэ Стакселіус асобна адзначыў высокі ўзровень работы Белтэлерадыёкампаніі: «Гэта было адно з найлепшых шоу, на якіх я наогул калі-небудзь быў». Акрамя таго, Беларусь заўжды паказвала добрыя вынікі і на самім конкурсе: на творчым рахунку нашых юных артыстаў — два «золаты» (больш мае толькі Грузія), адно «серабро» і дзве «бронзы» дзіцячага «Еўрабачання».

Клапоцячыся пра будучыню міжнароднага дзіцячага песеннага конкурсу, кіруючая група ЕВС вырашыла ўнесці змены ў правілы мерапрыемства, паводле якіх краіна, што перамагла ў папярэднім шоу, мела права першай адмовы ад арганізацыі наступнага конкурсу. Таму заяўкі на правядзенне дзіцячага «Еўрабачання» прымаліся загадзя, і менавіта беларуская была прызнана наймацнейшай сярод усіх.

Як падкрэсліў у інтэрв'ю БЕЛТА старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька, медыяхолдынг мае ўсе тэхнічныя магчымасці для правядзення маштабнага творчага форуму на самым высокім узроўні. Група прафесіяналаў ужо распрацоўвае слоган і лагатып конкурсу 2018 года. Акрамя таго, неўзабаве Мінск наведае супервайзер «Еўрабачання» Ян Ола Санд, каб агледзець патэнцыйныя конкурсныя пляцоўкі і абмеркаваць шэраг арганізацыйных момантаў. Тым часам не змяншае абаротаў падрыхтоўка да конкурсу «Еўрабачанне-2017» у Тбілісі: усе канкурсанты праводзяць фотасесіі, шматлікія рэпетыцыі, здымаюць прэзентацыйныя кліпы на свае песні.

Ужо вя­до­ма, што фі­нан­са­выя вы­дат­кі на пра­вя­дзен­не кон­кур­су бу­дуць нес­ці як Бел­тэ­ле­ра­дыё­кам­па­нія, так і ЕВС як ар­га­ні­за­тар дзі­ця­ча­га "Еў­ра­ба­чан­ня".

Грузінская сталіца сустрэне ўдзельнікаў з 16 краін (менавіта столькі пацвердзілі свой удзел па стане на 16 кастрычніка. — Аўт.) рознакаляровым сонейкам-лагатыпам і заклікам «Ззяй ярка!» («Shіne Brіght»). Беларусь на сцэне Алімпійскага палаца прадставіць 14-гадовая Хелена Мерааі з песняй «Я самая». Ці дабавіць беларуская ўдзельніца да гэтага азначэння слова «першая», залежыць ад таго, наколькі яе нумар і песня «зачэпіць» і тэлегледачоў, і прафесійнае журы — менавіта па суме іх ацэнак вызначыцца пераможца.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

tselyashuk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?