Вы тут

Кіраўнік Гродзенскай вобласці адказаў на пытанні журналістаў


Сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ рэгіёна праходзяць раз на квартал. Чарговая прэс-канферэнцыя адбылася ў Навагрудку. Старажытны горад быў першай сталіцай ВКЛ, а зараз Міністэрства культуры аб'явіла цэнтр горада зонай, якая ахоўваецца дзяржавай. Эканоміка раёна цесна звязана з развіццём турызму, але не толькі. Раён — лідар па альтэрнатыўнай энергетыцы ў вобласці. Тут актыўна развіваецца «зялёная» энергетыка, створаны самы буйны ў рэспубліцы ветрапарк. Прамысловы патэнцыял таксама значны і складае 4%, а сельскагаспадарчы — 6% Гродзенскай вобласці, адзначыў Уладзімір Краўцоў.


Кітайскі рынак і «Еўрарэгіён»

Што датычыцца работы Гродзеншчыны ў цэлым, эканамічны рост паказваюць усе галоўныя сферы, ёсць падставы лічыць, што за дзевяць месяцаў усе прагнозныя паказчыкі будуць выкананы. На 114% выраслі інвестыцыі ў асноўны капітал у параўнанні з такім жа перыядам мінулага года. Паспяховы вынік назіраецца ў знешнеэканамічнай дзейнасці. Больш чым на 20% вырас экспарт тавараў, амаль на 40 — экспарт паслуг. На думку губернатара, ёсць добрыя перспектывы па выхадзе на кітайскі рынак. «Прарыў» плануецца забяспечыць прадукцыяй дзіцячага харчавання.

Працягваецца работа з кітайскай правінцыяй Ганьсу. У найбліжэйшы час кітайскія інвестары прыступяць да рэканструкцыі гасцініцы «Гродна». У Дзятлаве кітайскія партнёры купілі аб'ект для арганізацыі дрэваапрацоўкі. Таксама плануецца пабудаваць у Гродне лагістычны цэнтр, які звяжа еўрапейскія і азіяцкія чыгуначныя маршруты. Распрацоўваецца пытанне выкарыстання кітайскага крэдыту на будаўніцтва новага комплексу «Гродна Азот» і холдынга «Гроднамясамалпрам».

Журналісты пацікавіліся вынікамі самага буйнога эканамічнага форуму і кірмашу «Еўрарэгіён «Нёман», які прайшоў у верасні ў Гродне.

Уладзімір Краўцоў адзначыў, што гэта добрая пляцоўка для новых дзелавых кантактаў і іх трэба развіваць. На апошнім «Еўрарэгіёне» заключаны шэраг дагавораў і пагадненняў. З'явіліся цікавыя для рэгіёна партнёры з Азербайджана, упершыню сустрэліся і знайшлі агульныя кірункі дзейнасці з румынамі. Нямала кантрактаў падпісана з традыцыйнымі партнёрамі — расіянамі, у тым ліку з Рэспублікай Комі. Прадпрыемствамі «Гроднамясамалпрама» заключаны кантракты на пастаўку прадукцыі ў 2018 годзе на 1,8 мільёна долараў. Знайшлі партнёраў і ёсць дагаворы на продаж тавараў у прыватных гродзенскіх фірмаў. На біржы дзелавых кантактаў было прадстаўлена 80 інавацыйных распрацовак.

«Шляхам Тызенгаўза»

На прэс-канферэнцыі было агучана пытанне аб удзеле Гродзеншчыны ў трансгранічных праектах «Польша — Беларусь — Украіна» і «Латвія — Літва — Беларусь», якія з'яўляюцца важным інструментам у прыцягненні інвестыцый ва ўсіх сферах.

Як вядома, зараз ідзе адбор праектаў, і шанцы ў гродзенцаў высокія, падкрэсліў кіраўнік аблвыканкама. Усяго сфарміравана 200 праектаў па розных крытэрыях з літоўскімі і польскімі партнёрамі. Палова з іх прайшлі ў другі тур, а некаторыя ўжо зацверджаны. Сярод іх — праект «Шлях Тызенгаўза», на які выдзяляецца 1,3 мільёна еўра. На гэтыя сродкі будзе створаны музей у будынку часоў вядомага гродзенскага старо́сты Антонія Тызенгаўза. Работы пачнуцца ў наступным годзе.

Другі праект прадугледжвае будаўніцтва рэгіянальных цэнтраў па даследаванні і захаванні помнікаў. У яго рамках у цэнтры горада будзе створаны Цэнтр рамёстваў. Кошт праекта — 600 тысяч еўра.

У рамках праграмы мяркуецца пабудаваць стадыён у Шчучыне. Гэта будзе тэрыторыя як для спартыўных, так і для культурных мерапрыемстваў, дзе будзе пабудавана сцэна, закуплена неабходнае абсталяванне. У разрад паспяховых увайшлі і каля дзясятка транспартных праектаў на прыгранічных тэрыторыях, што асабліва важна для турыстычнай прывабнасці рэгіёна.

Пра «здароўе» вёскі

Журналісты цікавіліся, як будзе весціся фінансавае аздараўленне сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, якія знаходзяцца ў стадыі банкруцтва. Губернатар падкрэсліў, што існуе заканадаўчая база, меры дзяржаўнай падтрымкі адпрацаваны і вызначаны з улікам сусветнай практыкі. Ёсць некалькі ўказаў па фінансавым аздараўленні. Запазычанасць не спісваецца, а прадпрыемства праходзіць рэструктурызацыю, у ходзе якой запазычанасць пагашаецца паэтапна, у тым ліку з дапамогай дзяржавы. Новы падыход антыкрызіснага кіравання будзе адпрацаваны на сельгаспрадпрыемстве «Мастаўчанка».

У рэгіёне вызначаны 52 гаспадаркі, якія з'яўляюцца неплацежаздольнымі. І «лячыць» іх будуць па-рознаму, растлумачыў Уладзімір Краўцоў, у тым ліку «хірургічнымі» метадамі. Важна захаваць сельгасвытворчасць. Адзін з выхадаў — продаж замежным інвестарам. У рэгіёне такія прыклады ёсць.

Да зімы гатовы

Важным пытаннем, якое было агучана падчас прэс-канферэнцыі, губернатар назваў падрыхтоўку да ацяпляльнага сезона. Як вядома, гродзенцы атрымалі цяпло ў ліку першых па краіне. І гэты працэс прайшоў паспяхова. Праведзена значная работа, каб забяспечыць належнае функцыянаванне цепласетак. Перакладзена каля 100 кіламетраў цеплатрасы, гэта ў два разы больш, чым летась. Пры гэтым большую палову труб замянілі на сучасныя, марозаўстойлівыя. Створаны неабходныя запасы паліва. Вядзецца работа па мадэрнізацыі кацельняў. Стаіць задача пераходу на новыя тэхналогіі, што зніжае расходы. Так, у Навагрудку плануецца прыцягнуць сродкі Еўрасаюза для перавода кацельнай на шчэпкі. У вобласці падрыхтаваны 34 аўтаномныя крыніцы цяпла для выкарыстання ў выпадку аварыйных сітуацый.

«Бязвіз» і Еўрагульні

Гэта пытанне не засталося па-за межамі прэс-канферэнцыі. Падлічана, што амаль за год дзеяння бязвізавай зоны на тэрыторыі Гродна і часткі Гродзенскага раёна тут пабывала больш за 40 тысяч бязвізавых турыстаў, у асноўным суседзяў — літоўцаў і палякаў. Да 1 студзеня неабходна прыняць рашэнне аб яго далейшым лёсе.

Губернатар паведаміў, што мясцовыя ўлады маюць намер прадоўжыць дзеянне ўказа і выйшлі з прапановай пашырыць як геаграфію зоны, так і транспартны калідор. Гэта значыць да дзеючых аўтамабільных і веласіпедных пунктаў пропуску далучыць чыгуначны вакзал і аэрапорт, а ў склад бязвізавай зоны ўключыць увесь Гродзенскі раён. Пытанне павінна вырашыцца да пачатку студзеня.

Вынікі дзеючага ўказа відавочныя. Ажывіўся малы і сярэдні бізнес, будуецца пяць гасцініц, адкрываюцца кафэ і рэстараны, ствараюцца музеі. А гэта спрыяе развіццю эканомікі, бо падлічана, што ў сярэднім турыст траціць сто долараў у суткі.

Журналісты пацікавіліся, як рэгіён будзе наводзіць парадак напярэдадні Еўрапейскіх гульняў, якія адбудуцца ў 2019 годзе. Як вядома, у сувязі з гэтым ёсць даручэнне Прэзідэнта.

Асаблівая ўвага будзе звернута на работу прыдарожнага сэрвісу, адзначыў Уладзімір Краўцоў. У наступным годзе з'явіцца некалькі новых аб'ектаў на рэспубліканскіх трасах, у тым ліку на магістралі Гродна — Мінск. Некаторыя АЗС будуць рэканструяваны. Некалькі аб'ектаў будуць поўнасцю знесены, а на іх месцы пабудаваны новыя, сучасныя, з вялікім асартыментам паслуг. Таксама на трасе М6, якая зараз актыўна рамантуецца, будзе адноўлена шэсць былых і пабудавана пяць новых пляцовак для адпачынку. Выдзелены ўчасткі для размяшчэння інвестарамі прыдарожных кафэ.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Фота Міхаіла ІСАЧАНКІ

Загаловак у газеце: Ацяпляльны сезон і іншае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».