Вы тут

Лукашэнка перадаў спачуванні маці Аляксандра Коржыча


Пасля гібелі Аляксандра яго маці, Святлане Коржыч, патэлефанавала прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант. Яна перадала спачуванні прэзідэнта і паведаміла, што справа знаходзіцца на асабістым кантролі Аляксандра Лукашэнкі і што будуць прынятыя ўсе меры для пакарання вінаватых, паведамляе tut.by.


Па факце гібелі салдата распачатая крымінальная справа, затрыманыя прапаршчык і два сяржанты той вайсковай часці, пяць чалавек адхіленыя ад пасад.


Следства разглядае тры версіі гібелі Аляксандра Коржыча, заявіў на брыфінгу начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта Беларусі Сяргей КАБАКОВІЧ.


Фота БЕЛТА.

— Паводле паведамлення, што паступіла ў Барысаўскае РУУС 3 кастрычніка ў 17.47, каля 17.00 3 кастрычніка 2017 года ў падвале будынка медыцынскай роты знойдзены труп вайскоўца тэрміновай службы радавога Коржыча А. А., які вісеў у пятлі з рэменя, прымацаванага свабодным канцом да металічнай арматуры пад столлю склепа, з перавязанымі шнурком абутку нагамі і надзетай на галаву майкай, — паведаміў Сяргей Кабаковіч.

— Першая версія — давядзенне да самагубства радавога Коржыча ў выніку нестатутных адносін у вайскоўцаў, гвалту, здзекаў, дамаганняў, адабрання ў яго прадметаў асабістага ўжытку, грашовых сродкаў, маёмасці, — паведаміў прадстаўнік Следчага камітэта. — Другая — забойства радавога Коржыча па матывах асабістых непрыязных адносін, з карыслівых меркаванняў, з-за таго, што ён валодаў інфармацыяй, якая кампраметуе іншых вайскоўцаў. Трэцяя — самагубства радавога Коржыча ў выніку псіхалагічнай траўмы, нежадання працягваць службу ва Узброеных Сілах, а таксама адмовы ад камісавання.

З паказанняў ваеннаслужачых тэрміновай службы вынікае, што паводзіны радавога Коржыча змяніліся з верасня 2017 года. Ён скардзіўся на стан здароўя, выказваўся аб болях у вобласці сэрца, няправільным лячэнні, аднак думак пра суіцыд не агучваў.

Сяргей Кабаковіч таксама падкрэсліў, што з 19 дапытаных салдат тэрміновай службы, якія непасрэдна праходзілі службу ў вайсковай часці, ніхто не звярнуў увагу на наяўнасць непрыязных адносін з боку кіраўніцтва часці да Аляксандра Коржыча. Але пры гэтым...

— Следствам устаноўлена, што з боку камандзіраў аддзяленняў мелі месца факты злоўжывання ўладай, якія выявіліся ў прыняцці грашовых сродкаў ад ваеннаслужачых тэрміновай службы за неабмежаванае па часе карыстанне тэлефоннымі апаратамі сотавай сувязі ў парушэнне ўстаноўленага парадку. Сумы пабораў з кожнага вагаліся ад 20 да 40 беларускіх рублёў, — дадаў Сяргей Кабаковіч. — Сяржант Б. і малодшы сяржант С. гэтай вайсковай часці прызнаныя падазраванымі па справе, узбуджанай па частцы 3 арт. 443 КК. Прымаецца рашэнне аб іх затрыманні ў парадку арт.108 КПК.

Акрамя таго, распачата крымінальная справа ў дачыненні да старшыны роты ў Печах, дзе загінуў вайсковец Коржыч. «Ён проста скарыстаўся даверам салдата і з пачатку ліпеня па 25 верасня выкраў з яго банкаўскай карты грошы на суму не менш за 180 беларускіх рублеў. І без ведама ўладальніка расплачваўся ў крамах і кафэ на тэрыторыі Барысава, — адзначыў Сяргей Кабаковіч. — Яго дзеянні кваліфікаваныя па частцы 2 арт. 209 КК Беларусі. З яго ўдзелам праводзяцца следчыя дзеянні, плануецца яго затрыманне ў якасці падазраванага».

У ходзе расследавання паўторна правялі агляд месца здарэння, канфіскаваны тэлефоны ваеннаслужачых, накіраваны запыты і ўжо часткова атрыманы звесткі аб злучэнні абаненцкіх нумароў, якія выкарыстоўваліся Коржычам і вайскоўцамі гэтай часці.

— Прызначаная комплексная экспертыза па даследаванні адзення загінулага салдата, прадметаў, канфіскаваных падчас агляду месца здарэння, і слядоў, пакінутых на сцяне падвальнага памяшкання медыцынскай роты, прызнаная пацярпелай і дапытаная маці памерлага, — заявіў Сяргей Кабаковіч. — Па месцы жыхарства праведзены агляд, падчас якога канфіскавана камп'ютарная тэхніка, атрыманая ў паліклініцы медыцынская дакументацыя Аляксандра Коржыча. Дапытаныя ў якасці сведак сябры, з якімі ён увесь час меў зносіны па тэлефоне і знаходзіўся ў перапісцы ў інтэрнэце, агледжаны тэлефоны, якія знаходзіліся ў карыстанні Коржыча, а атрыманая інфармацыя аб перапісцы далучана да крымінальнай справы.

Таксама плануецца ў самыя кароткія тэрміны дапытаць каля 60 ваеннаслужачых роты, дзе служыў загінулы, а таксама тых, хто знаходзіўся на лячэнні і нёс службу ў медыцынскай роце — 104 вайскоўцы — у тым ліку накіраваных з медыцынскай роты ў медыцынскі пункт №1 сумесна з радавым Коржычам. Будуць працягнутыя допыты сяброў і знаёмых салдата. Прызначана пасмяротная псіхолага-псіхіятрычная экспертыза ў дачыненні загінулага. Калі ў ходзе папярэдняга следства ўзнікне неабходнасць, будуць праведзены іншыя следчыя дзеянні.

Радавога Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка знайшлі нежывым ў падвале вайсковай часці ў Печах. Коржыч вісеў на бручным рамяні, які мацаваўся да арматуры пад столлю. Ногі былі перавязаныя шнурком ад абутку, на галаву нацягнута майка.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Тры версіі трагедыі

Каментары

Гэтага мала.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?