Вы тут

Як Руандзе ўдалося стаць «тыграм»?


У новым рэйтынгу Global Competіtіveness Іndex якасці дарог, які штогод складаецца экспертамі Сусветнага эканамічнага форуму, невялічкая афрыканская Руанда заняла 32-е месца, апярэдзіўшы шэраг еўрапейскіх і азіяцкіх дзяржаў, не кажучы ўжо пра суседзяў па кантыненце. Усяго ў пераліку фігуруе 137 краін. Літаральна на дзясятыя долі наперадзе Вялікабрытанія, а адразу за Руандай — фешэнебельныя Бруней і Саудаўская Аравія. Дзіўны вынік для афрыканскай дзяржавы. Але Руанду шмат у чым можна лічыць хутчэй выключэннем з правілаў, і сусветны дарожны рэйтынг тут адзін са шматлікіх станоўчых прыкладаў. Зямля тысячы пагоркаў (так гэтую краіну называюць з-за прыроднага ландшафту) насамрэч заявіла аб сабе як аб адной з найбольш дынамічных дзяржаў кантынента. Нездарма яе нярэдка называюць афрыканскім эканамічным «тыграм». Як Руандзе ўдалося здзейсніць немагчымае?


Сто дзён генацыду

Першы раз гэтая краіна трапіла на галоўныя старонкі сусветных СМІ ў 1990-я. Інфанагодай сталі перарослыя ў генацыд этнічныя чысткі прадстаўнікоў племені тутсі. Справа ў тым, што яшчэ з дакаланіяльных часоў тут склаўся пэўны баланс паміж качэўнікамі-жывёлаводамі тутсі, якія прыйшлі з поўначы, і аседлымі земляробамі хуту. Нягледзячы на тое, што тутсі заўсёды былі ў меншасці (каля 20% насельніцтва), ваяўнічасць і арганізаванасць забяспечвалі гэтаму племені галоўную ролю. Фактычна яны складалі ваенную і кіраўнічую эліту. Еўрапейскія каланізатары, якія прыйшлі сюды напрыканцы XІX стагоддзя, фармальна ўраўнавалі хуту і тутсі. Тым не менш эканамічнае панаванне ўсё ж засталося за тутсі, ды і на дробныя адміністрацыйныя пасады прызначалі ў асноўным прадстаўнікоў гэтага племені.

Пасля атрымання незалежнасці ў 1962 годзе ў краіне ўсталявалася непадзельнае панаванне хуту. Імкнучыся адпомсціць за старыя крыўды, хуту праводзілі палітыку адкрытай дыскрымінацыі тутсі, з-за якой дзясяткі тысяч прадстаўнікоў гэтага племені былі вымушаныя бегчы з краіны. Да 1990 года ўцекачы-тутсі сфарміравалі на тэрыторыі суседняй Уганды ваенізаваную арганізацыю «Руандыйскі патрыятычны фронт» і пачалі партызанскую вайну супраць кіруючага рэжыму. Радыкальна настроеныя лідары хуту ў адказ проста вырашылі фізічна знішчыць усіх тутсі.

6 красавіка 1994 года ваенная хунта ўзяла ўладу ў свае рукі і тут жа звярнулася да ўсіх хуту з заклікам забіваць тутсі. За сто дзён генацыду было забіта каля аднаго мільёна чалавек. Гэта прыкладна па 10 тысяч тутсі кожны дзень. У ліпені таго ж года сілы Руандыйскага патрыятычнага фронту захапілі ўсю краіну, прымусіўшы кіруючую хунту збегчы. Генацыд быў спынены, да ўлады прыйшоў кааліцыйны ўрад. Фармальна прэзідэнтам стаў хуту Пастэр Бізімунгу, але рэальная ўлада засяродзілася ў руках міністра абароны, лідара Руандыйскага патрыятычнага фронту Поля Кагамэ. Сам Кагамэ — тутсі. Ён вырас у лагеры бежанцаў ва Угандзе, куды яго бацькі беглі ад папярэдняга пагрому. У 2000 годзе Кагамэ адхіліў ад улады Бізімунгу, узяўшы паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы на сябе. З гэтага моманту і пачалася гісторыя руандыйскага поспеху.

Рэцэпты Лі Куан Ю

Прыхільнік бацькі-заснавальніка Сінгапура Лі Куан Ю, Поль Кагамэ вырашыў выкарыстоўваць рэцэпты знакамітага рэфарматара для пераўтварэння Руанды. У краіне была абвешчаная бязлітасная вайна з карупцыяй. Дзяржаўны апарат істотна скарочаны, а заробкі чыноўнікаў цяпер наўпрост залежаць ад вынікаў іх працы. Старыя праваахоўныя структуры былі ліквідаваныя, новыя створаны па заходніх стандартах з прыцягненнем заходніх жа спецыялістаў.

Была абвешчаная палітыка нулявой талерантнасці да злачыннасці: за любое злачынства «свеціць» досыць сур'ёзны турэмны тэрмін. У выніку Руанда стала бяспечнай дзяржавай нават па агульнасусветных мерках, а пра афрыканскія і казаць няма чаго. Турысты, якія пабывалі ў гэтай краіне, распавядаюць, што па любых, нават самых бедных, раёнах Кігалі — сталіцы Руанды — можна шпацыраваць з дарагой фотатэхнікай у любы час дня і ночы без найменшай рызыкі быць абрабаваным. Што ж датычыцца карупцыі, то ў Індэксе глабальнага ўспрымання карупцыі, які публікуе арганізацыя Transparency Іnternatіonal, усходнеафрыканская краіна займае 44-е месца, абышоўшы цэлы шэраг дзяржаў ЕС.

Яшчэ адна нехарактэрная для Чорнага кантынента рыса, якая прыводзіць у здзіўленне гасцей Руанды, — фантастычная чысціня. Драконаўскія штрафы за кожны кінуты на вуліцы недакурак разам з эфектыўнай работай камунальных службаў прывялі да таго, што вуліцы руандыйскіх гарадоў выглядаюць стэрыльна-вылізана і дадуць фору мноству гарадоў у Еўропе. Сваю ролю адыграла і забарона на выкарыстанне пластыкавых пакетаў, уведзеная яшчэ ў 2008 годзе.

Рай для інвестараў

У Руандзе праведзена радыкальная лібералізацыя эканомікі. Падаткі былі скарочаныя, рэгістрацыя бізнесу спрошчаная, а пераважная большасць дазволаў, інспекцый і праверак адмененыя. У выніку па лёгкасці рэгістрацыі прадпрыемства Руанда апынулася на 37-м месцы, па лёгкасці рэгістрацыі ўласнасці — на 12-м, а па лёгкасці атрымання крэдытаў — і зусім на другім месцы ў свеце, саступіўшы толькі Новай Зеландыі. У рэйтынгу Doіng Busіness краіна займае 56-ы радок, абышоўшы ўсе краіны Афрыканскага кантынента. Урад актыўна вітае замежны капітал і літаральна здзімае пылінкі з кожнага інвестара. І інвестар, хвілінку падумаўшы, пацягнуўся.

У першую чаргу краінай зацікавіліся буйныя вытворцы кавы: узгорысты рэльеф і высакагорны субэкватарыяльны клімат Руанды ідэальныя для вырошчвання гэтай стратэгічнай культуры. Замежныя інвестыцыі і заходнія тэхналогіі зрабілі сваю справу: даход ад продажу кавы цяпер складае 65% ад усяго руандыйскага экспарту. Крыху пазней у краіну прыйшлі замежныя дэвелаперы і рытэйлеры. У сталіцы масава адкрываюцца прадстаўніцтвы буйных сусветных карпарацый і філіялы замежных банкаў, супермаркеты транснацыянальных рознічных гандлёвых сетак. Імкліва змяняецца цэнтр Кігалі: з'яўляюцца новыя будынкі са шкла і сталі, якія, па мясцовых мерках, можна назваць хмарачосамі.

Перажывае бум і турыстычная галіна. І нядзіўна: многія хочуць убачыць Афрыку, якая імкліва ператвараецца ў Еўропу. Яшчэ больш ахвотных паглядзець на горных гарыл, возера Ківу — адзінае ў Афрыцы, у якім няма кракадзілаў, і наведаць шматлікія запаведнікі і нацыянальныя паркі. І пры гэтым карыстацца ўсімі выгодамі знаходжання ў па-сапраўднаму цывілізаванай краіне. Цяпер турызм складае каля паловы ВУП Руанды. А многія еўрапейцы, ацаніўшы магчымасці для жыцця і бізнесу, застаюцца тут, адкрываючы свае рэстараны і гатэлі.

Унушальныя фінансавыя сродкі ўкладваюцца ў інфраструктуру, адукацыю і медыцыну. Па ўсёй Руандзе цягнуць оптавалакновыя кабелі для хуткаснага інтэрнэту, ідзе будаўніцтва новых і рэканструкцыя існуючых дарог. Большая частка насельніцтва свабодна карыстаецца інтэрнэт-банкінгам, укараняецца сетка 4G. Кожны школьнік за кошт дзяржавы забяспечаны простым персанальным камп'ютарам.

Сваімі мэтамі Кагамэ пазначыў барацьбу з беднасцю і ўрбанізацыю краіны, а ў выніку — пабудова эканомікі, арыентаванай на паслугі і высокія тэхналогіі. Ужо функцыянуе нешта накшталт мясцовай Сіліконавай даліны — цэнтр інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій kLab. У ім спецыялісты займаюцца распрацоўкай ІT-тэхналогій і анлайн-гульняў. Паводле Індэкса працвітання ў Афрыцы, апублікаваным лонданскім Legatum Іnstіtute, краіна апынулася на першым месцы па тэмпах развіцця. З таго часу, як Кагамэ афіцыйна стаў прэзідэнтам, рост ВУП складаў у сярэднім 8% у год (па дадзеных Сусветнага банка). Гэта адзін з лепшых паказчыкаў на кантыненце. Вынікам пераўтварэнняў стаў беспрэцэдэнтны для Чорнага кантынента рост узроўню жыцця руандыйцаў. За час прэзідэнцтва Поля Кагамэ ВУП на душу насельніцтва вырас амаль у чатыры разы — з $500 да $1800. У Руандзе сапраўды скарацілася беднасць, знізілася дзіцячая і мацярынская смяротнасць.

Руанда яшчэ і фемінісцкі «рай». Яна першая краіна ў свеце па прадстаўніцтве жанчын у органах улады. Некамерцыйныя арганізацыі адыгрываюць найважнейшую ролю ў дзяржаве, праз іх размяркоўваецца да 350 мільёнаў долараў міжнароднай дапамогі штогод — каля 5% ВУП. 90% кіраўнікоў НКА
ў Руандзе — жанчыны.

У першы свет

Адсутнасць традыцыйных парадкаў і адрознівае дынамічную Руанду ад суседзяў — бедных, карумпаваных і адсталых афрыканскіх краін. Поль Кагамэ, салдат-прэзідэнт Руанды, кіруе бясспрэчна самым арганізаваным і дысцыплінаваным грамадствам Афрыкі. Менавіта мікс планавання і імправізацыі ляжыць у аснове, верагодна, самага дзёрзкага эксперыменту нацыянальнага будаўніцтва і сацыяльнага інжынірынгу ў Афрыцы. «Нельга сказаць, што мы развіваліся або выраслі ў нармальных умовах», — стрымана заўважыў Кагамэ падчас інтэрв'ю Fіnancіal Tіmes напярэдадні яго інаўгурацыі на трэці прэзідэнцкі тэрмін. Як заўважае FT, прэзідэнт валодае далікатным целаскладам, але бясспрэчным аўтарытэтам. Хоць Кагамэ прамаўляе ледзь гучней, чым шэпт, кожнае слова важка запаўняе прастору. Афіцыйна ён выйграў выбары ў барацьбе супраць некалькіх кандыдатаў, набраўшы 98,7% галасоў. Сёлета ў жніўні Поль Кагамэ ўжо трэці раз стаў прэзідэнтам на сямігадовы тэрмін. Дзейны кіраўнік дзяржавы набраў у выніку 98% галасоў выбаршчыкаў. Падтасоўваць вынікі для гэтага яму не трэба: народу і праўда падабаецца тое, як ён ператварыў іх краіну за паўтара дзясятка гадоў. Гэта праўдзівы вынік, настойвае Кагамэ, прапаноўваючы задумацца, якой была і якой стала Руанда: «Цяпер ёсць стабільнасць, пачуццё бяспекі, надзея».

Пры гэтым Руанда — адна з самых густанаселеных краін свету (12 мільёнаў жыхароў на 26,3 тыс. кв. км). Яна змагаецца за поўнае забеспячэнне харчаваннем сваімі сіламі, не кажучы ўжо пра атрыманне дэфіцытнай валюты за кошт экспарту. Кагамэ кажа, што яго ўрад вядзе гульню, пралічыўшы рызыкі (як ён прарабіў гэта ў палітыцы), увасабляючы «інтэграваную стратэгію». Гэта «надзвычай сур'ёзная група тэхнакратаў», апантаных зборам дадзеных, усталяваннем мэтавых паказчыкаў і тонкай наладай эканомікі. Яны робяць стаўку на ўсё, што павінна стымуляваць развіццё: ад беспілотных грузаперавозак да падвядзення да вёсак інтэрнэту. Урад Кагамэ праводзіць рызыкоўную інвестыцыйную стратэгію, мэта якой — ператварыць Руанду ў «сертыфікаванае» месца для турыстаў і правядзення канферэнцый, а таксама ў высокатэхналагічны рэгіянальны хаб. Значыць, патрэбны маштабныя ўкладанні ў інфраструктуру, канферэнц-цэнтры і дзяржаўную авіякампанію. Папярэднія інвестыцыі ў пяцізоркавыя гатэлі і тэлекамунікацыі сталі добрым ходам.

«Гэта не ідэальны швейцарскі гадзіннік», — кажа эксперт брытанскага Каралеўскага ўніверсітэта Холаўэй Уіл Джонс, але заўважае, што нідзе ў Афрыцы не знайсці такой жа эфектыўнасці, як у Руандзе. У Кагамэ, разважае ён, спалучаецца марксісцкая ідэалогія, якой ён прасякнуўся ва Угандзе, з узятай на сябе роляй «гендырэктара Rwanda Іnc.». «Нішто не ідэальна, — кажа Кагамэ. — Але я бачу тут прынцыпы і складнікі дэмакратычнага грамадства, якое адпавядае інтарэсам народа». На прыкладзе вельмі малой, скатаванай вайной і генацыдам краіны, якая не валодае стратэгічнымі запасамі карысных выкапняў, можна пераканацца: радыкальныя рэформы і фантастычны рост магчымыя ў, здавалася б, абсалютна бесперспектыўных выпадках. Нават векавая племянная варожасць і беднае неадукаванае насельніцтва не з'яўляюцца непераадольнымі перашкодамі. Наяўнасць палітычнай волі і элементарная прыстойнасць — усё, што патрабуецца для падарожжа з «трэцяга свету» ў першы.

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Дзейны прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі атрымаў падчас галасавання на выбарах кіраўніка дзяржавы каля 22 мільёнаў галасоў выбаршчыкаў — 97 % ад агульнай колькасці тых, хто прагаласаваў. Аб гэтым заявіў старшыня цэнтральнай выбарчай камісіі Лашын Ібрагім. Такім чынам, ас-Сісі зноў зойме прэзідэнцкае крэсла на наступныя чатыры гады. Новаабраны прэзідэнт Егіпта прынясе прысягу перад Палатай прадстаўнікоў у пачатку чэрвеня, пасля чаго пачнецца адлік яго другога тэрміну. Што адбываецца ў адной з ключавых краін Чорнага кантынента?


Ісламісты і вайскоўцы

Унутраная палітыка Арабскай Рэспублікі Егіпет вызначаецца яе эканамічнымі перавагамі. Зараз найбольшыя паступленні ў казну дзяржавы забяспечваюць плацяжы за права праходу суднаў па Суэцкім канале. На другім месцы — турызм, які атрымаў у апошнія гады асаблівы статус у краіне. На трэцім месцы — здабыча нафты і газу. Такім чынам, унутраная палітыка краіны арыентавана перш за ўсё на падтрыманне і развіццё бюджэтаўтваральных кірункаў. Кампаніі, што ствараюцца ў Егіпце для інвестыцый, напрыклад, у турбізнесе, атрымліваюць важкія падатковыя льготы. У краіну дазволены ўвоз любой валюты ў неабмежаванай колькасці.

Заахвочваюцца інвестыцыі замежных кампаній у нерухомасць. Пры ўсім гэтым Егіпет трыццаць гадоў фактычна быў краінай аднаго кіраўніка. Прэзідэнтам рэспублікі з 1981-га з'яўляўся нязменны Хосні Мубарак. Палітыка, якую ён праводзіў, на працягу дзесяцігоддзяў не выклікала актыўнага пратэсту большасці насельніцтва. Мубарака зрынула хваля народнага гневу ў ходзе «арабскай вясны». Прэзідэнт падаў у адстаўку пасля 18 дзён дэманстрацый і агульнанацыянальнай забастоўкі.

У выніку ў лютым 2011-га ўлада перайшла да вайскоўцаў, традыцыйных захавальнікаў стабільнасці ў дзяржаве. 16 чэрвеня 2012 года ў краіне прайшлі выбары — пераможцам аказаўся стаўленік умеранай ісламісцкай групоўкі «Браты-мусульмане». Ісламісты падтрымалі Мурсі, аднак грамадства ў цэлым аказалася расколатае. Улада новаабранага прэзідэнта аказалася нетрывалай — у лістападзе 2012-га ён выдаў указ, які надзяляе яго практычна неабмежаванай уладай у імя абароны рэвалюцыі. Сам кіраўнік адзначаў, што мае на мэце абарону Устаноўчага сходу, які павінен быў напісаць краіне новую канстытуцыю. У чэрвені 2013-га, у гадавіну прыходу Мурсі да ўлады, шматмільённыя маршы вымусілі ваенных умяшацца. Генерал Абдэль Фатах ас-Сісі прад'явіў Мурсі ўльтыматум і запатрабаваў вырашыць супярэчнасць з пратэстоўцамі на працягу дваіх сутак. Ваенныя дэ-факта ўзялі ўладу ў свае рукі, прэзідэнт-ісламіст быў зрынуты.

Цяжкія рэформы

У студзені 2014-га краіна прыняла новую канстытуцыю — за яе прагаласавалі 98 працэнтаў выбаршчыкаў. Праз паўгода ас-Сісі, фактычна кіруючы краінай на той момант, выйграў прэзідэнцкія выбары. Людзі чакалі ад прыходу ваенных нармалізацыі сітуацыі ў краіне і стабільнасці. Ас-Сісі абвясціў «перыяд цяжкай працы» — ён заклікаў суграмадзян уставаць у пяць раніцы і аддаваць працы ўсе сілы. Ён ахвяраваў у бюджэт палову сваёй маёмасці, многія чыноўнікі і бізнесмены ўзялі з яго прыклад. 140 мільёнаў долараў выдзеліла армія. Краіна пачала балючыя эканамічныя рэформы — інфляцыя падскочыла да 34 працэнтаў, аднак ас-Сісі растлумачыў: кароткі перыяд нягод забяспечыць эканамічны росквіт у будучыні. Прэзідэнт таксама абвясціў рэформу і мадэрнізацыю ісламу. Ён прапанаваў выключыць з падручнікаў рэлігійных школ заклікі да гвалту і ўслаўленне жорсткасці. Прэзідэнт нават прыехаў на калядную імшу ў хрысціянскі храм і пажадаў вернікам шчаслівых Калядаў.

Былы прэзідэнт Мурсі ў гэты час быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Прысуд потым адмянілі. Зараз Мурсі сядзіць у турме. Тым не менш дагэтуль Егіпет узрушваюць тэракты. У 2015-м, напрыклад, начыненая выбухоўкай машына ўзарвалася на шляху картэжа пракурора Хішам Бараката. Чыноўнік загінуў. Армія краіны вядзе безвыніковую барацьбу з ісламістамі Сінайскага паўвострава, раз'юшанымі звяржэннем Мурсі. Мясцовыя тэрарысты прысягнулі на вернасць баевікам «Ісламскай дзяржавы» і прынялі назву «Вілаят Сінай». Менавіта яны заклалі бомбу на борт расійскага пасажырскага самалёта A321, з-за выбуху якой загінулі 224 чалавекі. Баевікі не шкадуюць ні хрысціян-коптаў, ні нават братоў па веры. 24 лістапада 2017 года яны напалі на мячэць эр-Роўд у ваколіцах горада Арыш. Тады былі забітыя больш за 300 чалавек. Цяжкая абстаноўка з бяспекай падарвала турыстычную галіну: калі да «арабскай вясны» ў Егіпет прыязджалі да 15 мільёнаў турыстаў штогод, то сёння ад паездак у краіну пірамід перасцерагаюць улады шэрагу дзяржаў.

Два дзіцяці на сям'ю

Егіпет з'яўляецца самай населенай дзяржавай на Блізкім Усходзе і другой па колькасці насельніцтва на афрыканскім кантыненце. Паводле апошніх даных, тут пражывае амаль 95 мільёнаў чалавек. Яшчэ дзевяць мільёнаў егіпцян знаходзяцца за мяжой. Насельніцтва хутка павялічвалася ў перыяд з 1970 па 2010 год у сувязі з дасягненнямі ў медыцыне і павышэннем прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі, так званай зялёнай рэвалюцыі. Пры ўварванні Напалеона ў 1798 годзе колькасць жыхароў Егіпта налічвала ўсяго тры мільёны, у 1939-м — 16,5 мільёна. Насельніцтва сканцэнтравана ўздоўж і ў дэльце ракі Ніл (у прыватнасці, у Каіры і Александрыі), а таксама паблізу Суэцкага канала.

Летась міністр аховы здароўя і народанасельніцтва Егіпта Ахмед Імада эд-Дзін і міністр мясцовага развіцця Мухамед Хішам аш-Шэрыф абвясцілі аб запуску стратэгічнага плана па кантролі за нараджальнасцю пад назвай «Развіццё Егіпта: толькі два дзіцяці на сям'ю». Як адзначыў кіраўнік міністэрства аховы здароўя, змагацца з рэзкім прыростам насельніцтва перш за ўсё неабходна з дапамогай павышэння ўзроўню адукаванасці, працаўладкавання жанчын і прадухілення ранніх шлюбаў. Паводле яго слоў, «кантрацэпцыя — апошняе, на што варта спадзявацца пры рэалізацыі гэтай стратэгіі». Рэлігійныя ўстаноўкі, на яго думку, «таксама адыграюць важную ролю ў працэсе павышэння ўзроўню праінфармаванасці насельніцтва».

У 2005 годзе ўзровень нараджальнасці ў Егіпце складаў у сярэднім 2,5 дзіцяці, а цяпер ён вырас да 3,5. «Альбо прырост насельніцтва і далей будзе разбураць Егіпет, альбо мы вырашым гэтую праблему», — заявіў Ахмед Імада эд-Дзін. Насельніцтва Егіпта штогод павялічваецца больш чым на два мільёны чалавек. Як адзначыў міністр мясцовага развіцця, калі прырост працягнецца такімі ж тэмпамі, праз тры гады ўрад Егіпта будзе абавязаны забяспечыць насельніцтва 20 тыс. дзіцячых садоў, праз шэсць гадоў — 100 тыс. школ, а праз 25 гадоў — дадатковымі двума мільёнамі працоўных месцаў. Раней у шэрагу рэгіёнаў Егіпта дзейнічалі праграмы бясплатнага распаўсюджання сродкаў кантрацэпцыі, але, як правіла, па рэлігійных меркаваннях шмат хто адмаўляецца ад удзелу ў іх. Для Каіра нормай лічыцца два — чатыры дзіцяці на сям'ю, для больш бедных сельскіх раёнаў — ад шасці і вышэй.

На першы погляд, дзяржаўная палітыка па скарачэнні нараджальнасці ў мусульманскай краіне (больш за тое — у адным з цэнтраў мусульманскага свету) — нерэальная задача. Аднак варта ўлічваць той факт, што галоўным ініцыятарам гэтай праграмы ў Егіпце сталі не два міністры, а асабіста прэзідэнт Абдэль Фатах ас-Сісі. Гэта ён забіў трывогу, калі атрымаў лічбы штогадовага прыросту насельніцтва краіны на 2,5 мільёна чалавек. Прэзідэнт Егіпта паставіў пагрозу росту насельніцтва ў адзін шэраг з пагрозай тэрарызму. «Дзве галоўныя праблемы, якія стаяць перад нашай дзяржавай, — тэрарызм і рост насельніцтва. Гэтыя праблемы значна абцяжарваюць наш рух наперад», — сказаў ён. Характэрна, што гэтая заява была зроблена менавіта на маладзёжным форуме. Матывацыя ас-Сісі выключна эканамічная. Чыста матэматычныя падлікі егіпецкага ўрада такія: калі скараціць нараджальнасць хоць бы да 2,4 мільёна ў год, то да 2030-га ўдасца сэканоміць да 11 мільярдаў долараў.

Універсітэт аль-Азхар — найбуйнейшая ў суніцкім свеце мусульманская навучальная ўстанова, абсалютны аўтарытэт для ўсіх мусульман не толькі ў Егіпце, нечакана падтрымаў ініцыятыву свецкай улады. Ён апублікаваў фетвы, у якіх сказана, што іслам у прынцыпе не забараняе планаванне сям'і.

Суэц і новая сталіца

За свой першы прэзідэнцкі тэрмін ас-Сісі многае зрабіў: будаваў дарогі, жыллё, электрастанцыі, мацаваў абарону. Сярод маштабных праектаў — пашырэнне Суэцкага канала, стварэнне новай сталіцы. У шэрагу дасягненняў ас-Сісі — дамоўленасці з Саудаўскай Аравіяй і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі аб істотнай фінансавай падтрымцы, шмат у чым дзякуючы поспехам у барацьбе супраць «Братоў-мусульман». Аднак усё роўна трэба было залазіць у даўгі да МВФ, які выдзеліў Егіпту 21 млрд долараў на даволі жорсткіх умовах. У выніку егіпцянам прыйшлося зноў зацягваць паясы.

Увогуле, ас-Сісі ўступае ў свой другі прэзідэнцкі тэрмін у няпростых для Егіпта ўмовах. «Ён робіць фантастычную працу ў вельмі складанай сітуацыі», — так сказаў пра кіраўніка Егіпта прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля іх сустрэчы ў мінулым годзе ў Вашынгтоне. Як заявіў «Коммерсанту» афіцыйны прадстаўнік МЗС Егіпта Ахмед Абу Зейд, падчас свайго першага тэрміну прэзідэнту краіны ўдалося актывізаваць адносіны з усімі замежнымі партнёрамі краіны. З тым, што Каір вяртае сабе пазіцыі на Блізкім Усходзе, згодныя і іншыя эксперты. Зрэшты, знешнепалітычных партнёраў Егіпта прэзідэнт цалкам задавальняе як узважаны і моцны палітык, які вядзе непрымірымую барацьбу з тэрарызмам. Аднак для павышэння ўзроўню бяспекі ў краіне яшчэ неабходна прыкласці шмат намаганняў. Дарэчы, наколькі гэта складана, паказвае беспрэцэдэнтная ваенная аперацыя на Сінайскім паўвостраве. Перамагчы тэрарыстаў да выбараў, як меркаваў ас-Сісі, не ўдалося.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Зямля тысячы пагоркаў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.