Вы тут

1200 студэнтаў-платнікаў размеркавалі сёлета па іх жаданні


Сёлета ва ўніверсітэтах быў двайны выпуск — на ІТ-спецыяльнасцях, гуманітарных, педагагічных, прыродазнаўчанавуковых. У выніку размеркаваны 24,3 тысячы студэнтаў ВНУ, якія вучыліся на бюджэце (без уліку ўстаноў адукацыі МУС, МНС, Міністэрства абароны і Дзяржпагранкамітэта). Гэта на 7,4 тысячы больш, чым летась.


— Сітуацыя на рынку працы характарызавалася зніжэннем попыту на спецыялістаў і ростам канкурэнцыі паміж прэтэндэнтамі на вакансіі. Пры гэтым паказчыкі размеркавання значна палепшыліся ў параўнанні з мінулым годам. Па аператыўных звестках, сёлета першае працоўнае месца атрымалі 98,9 працэнта выпускнікоў, якія вучыліся за кошт бюджэтных сродкаў. У 2016-м такіх было 96 працэнтаў, — агучыла лічбы кансультант галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Вольга МУШЧЫНСКАЯ.

Дадаткова былі размеркаваны 1200 платнікаў, які выказалі такое жаданне. Права на самастойнае працаўладкаванне атрымала нязначная колькасць студэнтаў. У асноўным з-за таго, што ім не маглі падабраць работу ў сувязі з сямейна-бытавымі ўмовамі (напрыклад, па месцы жыхарства мужа або жонкі ці бацькоў-інвалідаў не было адпаведных вакансій).

Што да ўстаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, то там было размеркавана 99,5 працэнта выпускнікоў з ліку бюджэтнікаў (усяго сёлета каледжы і ліцэі падрыхтавалі больш за 45 тысяч рабочых і спецыялістаў). Свабодны дыплом атрымалі толькі 204 чалавекі.

Па інфармацыі Мінадукацыі, штогод да першага працоўнага месца не даязджае 5—6 працэнтаў «размеркаванцаў». Кажуць, што прычыны ў асноўным уважлівыя — прызыў у армію ці паступленне ў магістратуру.

Па словах Вольгі Мушчынскай, у новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі будзе разглядацца пытанне аб удасканаленні сістэмы размеркавання. Але размовы пра адмену не ідзе. «Мы працуем у інтарэсах наймальнікаў. Калі б мясцовыя органы выказаліся за адмену размеркавання, тады іншая справа. Але пакуль падобных заяў не паступала».

Начальнік упраўлення кадравай палітыкі, устаноў адукацыі Міністэрства аховы здароўя Вольга МАРШАЛКА расказала пра сітуацыю ў сваёй галіне. Сёлета медуніверсітэты падрыхтавалі тры тысячы спецыялістаў.

— Мы працуем пад бягучую і перспектыўную кадравую патрэбу. Каля 70 працэнтаў выпускнікоў былі размеркаваны ў сельскую мясцовасць і пярвічнае звяно. Заробкі маладых спецыялістаў у вёсках, дарэчы, вышэйшыя, чым у горадзе, — адзначыла прадстаўнік ведамства.

Над тым, каб юныя ўрачы заставаліся на месцах і пасля заканчэння размеркавання, міністэрства працуе разам з мясцовымі выканаўчымі ўладамі. Перш за ўсё вырашаюць пытанне пражывання. Таксама праводзяць анкетаванне моладзі, каб высветліць найбольш актуальныя для іх моманты і ўбачыць рэгіёны, якія не спраўляюцца з сітуацыяй.

Вольга Маршалка заўважыла, што ў цэлым працэнт спецыялістаў, якія сыходзяць з галіны, змяншаецца.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Работай забяспечылі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».