Вы тут

Найгоршая футбольная каманда ў свеце


У далёкім 1938 годзе Жааа Кейрас, уладальнік буйной тэкстыльнай фабрыкі ў бразільскім штаце Пернамбуку, вырашыў арганізаваць футбольную каманду для сваіх работнікаў. Новы клуб быў названы ў гонар святой птушкі Старажытнага Егіпта — «Ібіс».


Праз некалькі гадоў «Ібіс» стаў ужо прафесійнай камандай, а ў яго складзе нават нядоўга гуляў будучы чэмпіён свету Вава. Але вядомы «Ібіс» не толькі гэтым фактам, у васьмідзясятыя гады яго прызналі найгоршым футбольным клубам свету і ўнеслі ў Кнігу рэкордаў Гінеса. Прычым абсалютна заслужана. За першыя 60 гадоў свайго існавання «Ібіс» здолеў забіць усяго 120 мячоў, у сярэднім, атрымліваецца, па 2 мячы штогод. А вось у свае вароты клуб-рэкардсмен прапусціў значна больш — 3700. А ў 1980—1984 гадах ён выдаў проста фантастычную серыю, не здолеўшы атрымаць ніводнай перамогі на працягу 3 гадоў і 11 месяцаў. Пры гэтым у некаторых сустрэчах «Ібіс» прапускаў па 30—40 мячоў. Але нават у такой сітуацыі заўзятары клуба ўмудраліся захоўваць аптымізм. Напрыклад, найлепшым гульцом у гісторыі каманды яны прызналі Маўра Цешэйра Торпа, па мянушцы «Шампунь», які за 10 гадоў выступленняў за «Ібіс» забіў у вароты сапернікаў усяго адзін гол. Ды і той поспеху камандзе не прынёс: каманда прайграла матч з лікам 1:8.

Паступова неверагодна дрэнная гульня каманды стала яе фірмовай маркай, бо нават дрэнная слава — усё роўна слава. Пару гадоў таму кіраўніцтва каманды нават зрабіла шакіруючую прапанову легендарнаму Жазэ Маўрыньё, з якім скасаваў кантракт лонданскі «Чэлсі». Праўда, перад партугальцам паставілі ўмову: калі каманда атрымае дзве перамогі запар, ён неадкладна будзе адпраўлены ў адстаўку. А за кожнае паражэнне трэнеру належала прэмія — шчаня або кацяня на выбар. Цяжка сказаць, ці даведаўся Маўрыньё пра такую «пахвальную» прапанову, але ў камандзе ён, натуральна, не з'явіўся.

Зрэшты, за доўгія гады свайго існавання нават у «Ібісе» былі некаторыя пробліскі ў гульні. Напрыклад, у 1999 годзе клуб заняў другое месца ў другім дывізіёне штата. Але прасунуцца далей не атрымалася, не аказалася грошай нават на заробак футбалістам, і каманда зноў была адпраўлена ў ніжэйшы дывізіён. 

Сапраўдную сенсацыю «Ібіс» стварыў у верасні гэтага года, калі атрымаў на старце турніру тры перамогі запар і выйшаў у лідары Серыі 2А штата Пернамбуку. Заўзятары наладзілі нават жартаўлівы пікет, запатрабаваўшы ад каманды... тэрмінова спыніць выйграваць!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.