Вы тут

Фемінізм па-беларуску


Фемінізм па-беларуску

Нядаўна ездзілі з бацькамі ненадоўга ў Вільню, «пагуляць». Стоячы ў чарзе на мяжы, я вырашыла разрадзіць абстаноўку і выпаліла: «А вы ўвогуле ў курсе, што я феміністка?» Абодва сінхронна павярнуліся і ў адзін голас спужана прамовілі: «ТЫ???»

Дзеля справядлівасці скажу, што мае бацькі — людзі адукаваныя. Яны шмат ведаюць/чытаюць/пазнаюць. Але нават іх ад слова «фемінізм» кідае ў нейкія незразумелыя стэрэатыпныя дрыжыкі.

Часта, калі я кажу людзям пра тое, што я феміністка, сустракаю неразуменне: «Ты ж носіш доўгія валасы, голіш ногі, трэніруеш попу і рыхтуеш свайму хлопцу вячэру?» — І? Для мяне дзіўна, што шмат хто ў XXI стагоддзі лічыць, што ўсё гэта і фемінізм — рэчы ўзаемавыключальныя. Чаму грань паміж радыкальным фемінізмам і класічным была сцёртая ва ўспрыманні беларусаў?

Хочацца расставіць кропкі над «i». Фемінізм змагаецца за роўныя правы жанчын з мужчынамі. Гэта значыць, калі я хачу прысвяціць сваё жыццё толькі кар’еры і мне не падабаецца фарбаваць фэйс і гатаваць ежу — я маю на гэта права. Але калі хочацца, то сядзець дома, мыць падлогі, чытаць глянцавыя часопісы — гэта асабістая справа кожнага. Фемінізм — гэта права выбару.

Наогул, выбар павінен мець любы чалавек. Думаю, калі б у грамадстве было крыху менш стэрэатыпаў, то шчаслівых і багатых сем’яў стала б больш. Наглядна можна растлумачыць на прыкладзе дэкрэтнага водпуску. Бяром сям’ю, дзе жонка — генеральная дырэктарка буйнога прадпрыемства, а муж — слесар. Нараджаем ім дзіця і адпраўляем жонку ў дэкрэт. Што адбываецца з матэрыяльным дабрабытам сям’і? Ці хацела гэтая жанчына адрывацца ад працы на некалькі гадоў? Ці гатова яна рызыкаваць кар’ерай, якую будавала гадамі? Чаму сям’я так паступіла? Адказ адзін: «Так прынята». У пытаннях дэкрэтнага водпуску соцыум дыскрымінуе мужчыну як бацьку і жанчыну як «будаўніка» кар’еры. Не верыце? Прагугліце. На TUT.by лёгка можна знайсці матэрыялы пра цяжкасці сем’яў, дзе ў дэкрэт вырашана было адправіць бацьку.

Складанасць барацьбы за роўнасць і выбар у тым, што гэта змяя кусае свой хвост. Многія трактуюць гендэрную роўнасць так, як выгадна ім. Сымона дэ Бавуар у кнізе «Другі пол» распавядае пра пісьменніцу, якая не дазволіла змясціць свой партрэт сярод жанчын-аўтарак: ёй хацелася стаяць у адным шэрагу з мужчынамі. Каб дамагчыся гэтага, яна скарысталася сувязямі мужа.

Яшчэ адзін прыклад таго, як стэрэатыпы падаграваюць самі сябе, — новыя правілы некаторых еўрапейскіх і амерыканскіх кампаній. Там, каб пазбегнуць дыскрымінацыі, увялі абавязковую квоту «жаночых месцаў». З-за гэтага часам выбіраюць не кандыдата-мужчыну, рэзюмэ якога падыходзіла больш, а менш адукаваную жанчыну. Потым гэтая жанчына працуе не так добра, і работадаўца з калегамі пераконваюцца, што дзяўчыны дурнейшыя.

Як знайсці залатую сярэдзіну ў пытанні роўнасці, не зусім зразумела, хоць гэта пытанне і актуальнае ўжо не першае стагоддзе. Думаю, праблему трэба вырашаць не «зверху», а «знізу». Кожны сам павінен усвядоміць і «пераварыць» гэтую роўнасць. Але трошкі мер «зверху» усё ж не пашкодзіць. Напрыклад, спецыяльныя дысцыпліны ў школах і іншых установах адукацыі, заахвочванне бацькоў, якія ідуць у дэкрэт (як у шведаў) і г. д.

P. S. Калі жанчын перастануць лічыць слабымі, ім больш не будуць саступаць месца ў транспарце і прытрымліваць дзверы. Магчыма, большасці беларусак такой цаной гэта і не трэба. Але я не супраць перастаць уціскаць «дзвярыма метро» мужчын.

Яна Мусвідас

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.