Вы тут

Падчас Сусветнага фестывалю моладзі дэлегацыя БРСМ арганізуе выставу


Падчас Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Сочы маладзёжная дэлегацыя БРСМ арганізуе маштабную выставу, на якой будуць прэзентаваны дасягненні Беларусі ў самых розных сферах. «Хлопцы і дзяўчаты запросяць равеснікаў з іншых дзяржаў наведаць нашу краіну, у тым ліку па бязвізавым рэжыме. Мы хочам, каб як мага больш маладых людзей з розных куткоў свету ўбачылі ўнікальныя аб'екты культурна-гістарычнай спадчыны, бліжэй даведаліся пра беларусаў, пабывалі ў сталіцы на ІІ Еўрапейскіх гульнях 2019 года, чэмпіянаце свету па хакеі, які Беларусь у 2021 годзе будзе прымаць разам з Латвіяй», — сказаў перад ад'ездам дэлегацыі ў Сочы першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта БРСМ Сяргей Клішэвіч. Чым плануюць здзіўляць равеснікаў з іншых краін нашы маладыя суайчыннікі?


На выставе ў блоку «Беларусь — краіна натхнення» можна будзе азнаёміцца з «Азбукай беларускага арнаменту». На мальбертах размесцяць такія з іх, як «Маладосць», «Узбагачэнне», «Квітнеючая зямля», «Чысціня», «Агонь». Дзяўчаты-актывісткі Саюза моладзі ў вышыванках з яблыкамі прапануюць усім ахвотным дамаляваць арнамент. На гатовы варыянт паставяць пячатку з картай Беларусі і хэштэгам #ChooseBelarus, перавяжуць чырвонай ці зялёнай стужкай з біркай, на якой тлумачыцца значэнне арнаменту, і ўручаць наведвальніку выставы ў якасці сувеніра.

Тут жа ў фотазоне «Беларусь старажытная» ахвотныя мужчыны змогуць апрануць шляхетны касцюм і сфатаграфавацца з «паненкай» — дзяўчынай у нашым нацыянальным строі. Усім наведвальнікам дадуць візітку са спасылкай на «воблака», куды кожны вечар будуць загружаць фатаграфіі. А ў фотазоне #ВыбіраемБеларусь прапануюць сфатаграфавацца з аднайменнымі хэштэгамі на рускай, англійскай мовах і на лацініцы, а таксама паставіць пячатку на руцэ #СhooseBelarus. Можна будзе таксама зрабіць здымак на фоне сцяга Рэспублікі Беларусь і выставы дасягненняў краіны. Зноў жа, фатаграфіі кожны вечар будуць загружацца на «воблака».

Бодзіарт «Малюем па-беларуску» прапануе наведвальнікам нанесці на адкрытыя ўчасткі цела беларускі арнамент і іншыя элементы беларускай дзяржаўнасці. А на пляцоўцы «Беларускія гасцінцы» ўсе ахвотныя атрымаюць яблык як сімвал ураджаю намаганняў і дасягненняў моладзі краіны, а таксама стужку на руку з беларускім арнаментам.

На пляцоўцы «100 ідэй для Беларусі» будуць прадстаўлены праекты ў сферы ІT-тэхналогій, напрыклад, фізічны калькулятар, пальчатка-трэнажор і многія іншыя.

Наведвальнікам прэзентацыі «Студэнцкія атрады» будзе прапанавана пераапрануцца ў студатрадаўскую форму, узяць у руку кельму і сфатаграфавацца на памяць. Вітрына «Піянерская скарбонка» ў блоку «Піянерыя — краіна сяброўства і дабра» заклікана ў нагляднай форме пазнаёміць з дасягненнямі Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Круглы стол будзе аформлены пад «майстэрню піянерскіх спраў», тут можна прышыць манжэты з тасьмы з беларускім арнаментам.

Конкурс па зборы пазлаў «Еўрагульні-2019» прапануюць наведвальнікам выставачнага блока «Добрае Сэрца». Удзельнікі будуць збіраць на хуткасць пазлы з аб'ектамі ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года. Пераможца атрымае сувенір. Таксама дзяўчына-валанцёр прапануе вырабіць арыгамі-фігурку ў форме сімвала валанцёрскага руху «Добрае Сэрца» і прымацаваць яе да адзення. Тут жа на пляцоўцы «Рэкорды Беларусі» можна будзе зрабіць рывок гірай (16, 24 і 32 кілаграмы). Вынік агульнай вагі будзе складацца па колькасці пад'ёмаў усіх удзельнікаў цягам усіх дзён выставы — з мэтай устанаўлення міжнароднага рэкорду фестывалю.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Здзіўляць, уражваць, запрашаць

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.