Вы тут

Рэкорды маладзёжнага фэсту розных гадоў


Роўна 60 гадоў таму ў СССР стартаваў самы масавы Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў. Ён быў шосты па ліку і праходзіў у Маскве. На форум з'ехаліся 34 тысячы ўдзельнікаў з усёй планеты. Менавіта дзякуючы гэтай падзеі краіна атрымала стадыён «Лужнікі», аўтобусы «Ікарус» і знакаміты лозунг «Мір, дружба, жуйка».

Наладжваць дыпламатычныя сувязі і тварыць мір ва ўсім свеце ў Маскву прыехала больш за 30 тысяч замежнікаў. Для камфорту ўдзельнікаў у дні фестывалю ў сталіцы адступілі ад жорсткіх рамак. На вуліцах у адкрытую гучаў джаз, а ў некаторых месцах можна было без боязі пачаставацца нябачанай да гэтага кока-колай.


А першы сусветны фестываль моладзі і студэнтаў адбыўся ў 1947 годзе ў Празе і стаў самым працяглым у гісторыі фестывальнага руху — ён доўжыўся амаль шэсць тыдняў! У ім прынялі ўдзел 17 тысяч чалавек з 71 краіны. Затым былі фестывалі ў сталіцах краін Усходняй Еўропы: Будапешце (1949), Берліне (1951), Бухарэсце (1953) і Варшаве (1955). Першыя фэсты праводзіліся з перыядычнасцю раз у два гады. У канцы 40-х — пачатку 50-х гадоў назіраўся рост колькасці ўдзельнікаў і колькасці краін, якія яны прадстаўлялі.

VІ Сусветны фестываль 1957 года, які прайшоў у Маскве, стаў самым масавым за ўсю гісторыю фестывальнага руху. У ім бралі ўдзел 34 тысячы чалавек. Яны прадстаўлялі 131 краіну свету, што ў той час стала рэкордам. На наступных фестывалях колькасць удзельнікаў была меншай, аднак рэкорд па ліку краін, прадстаўленых на фестывалі, быў пабіты. Акрамя таго, Масква стала самай паўночнай кропкай правядзення фестывалю за ўсю яго гісторыю.

У 1959 годзе VІІ фэст моладзі і студэнтаў упершыню прайшоў у капіталістычнай краіне, у сталіцы Аўстрыі — Вене. Затым фестываль прымалі Хельсінкі (1962) і Сафія (1968).

На фестывалях у сяброўскай абстаноўцы маглі мець стасункі дэлегаты з краін капіталізму і сацыялістычнага лагера, у тым ліку тых, якія ўступілі ў ваеннае супрацьстаянне. Напрыклад, з ЗША і Паўночнай Карэі. Але ў 1970-х гадах фестывальны рух набыў ярка выражаную пракамуністычную афарбоўку.

У 1978 годзе ХІ фестываль упершыню быў праведзены на Амерыканскім кантыненце — у сталіцы Кубы Гаване. Фестываль упершыню прайшоў на беразе мора. Сталіца Вострава Свабоды — самая заходняя кропка правядзення фестываляў.

На прайшоўшым у Маскве ў 1985 годзе ХІІ Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў імкнуліся мінімізаваць кантакты замежнікаў з выпадковымі, неправеранымі людзьмі. Фестываль, задуманы для свабодных стасункаў, стаў моцна фармалізаваным мерапрыемствам.

У 1989 годзе ХІІІ Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў пабіў два рэкорды. Па-першае, ён упершыню прайшоў у Азіі. Прымала гасцей фестывалю сталіца КНДР — Пхеньян. Па-другое, мерапрыемства стала самым прадстаўнічым — у ім удзельнічалі госці са 177 краін свету. Спецыяльна для яго быў пабудаваны грандыёзны стадыён Першага мая на 150 тысяч чалавек, які і дагэтуль застаецца самым умяшчальным стадыёнам на планеце. Пхеньян стаў самым усходнім месцам правядзення фестывалю за ўсю яго гісторыю. У канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў паміж фестывалямі адбыўся самы працяглы перапынак — каля васьмі гадоў. Фестывальны рух быў адроджаны ў 1997 годзе — чарговы маладзёжны фэст адбыўся ў Гаване.

У 2001 годзе ў Алжыры прайшоў ХV фестываль. Гэты быў першы фестываль на Афрыканскім кантыненце. У ім прыняла ўдзел найменшая колькасць удзельнікаў за ўсю гісторыю маладзёжнага руху — 6,5 тысячы чалавек.

ХVІ Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў адбыўся ў Каракасе (Венесуэла) у 2005 годзе з удзелам 17 тысяч чалавек са 144 краін.

ХVІІ фестываль паспяхова прайшоў у Прэторыі, ПАР, 13—21 снежня 2010 года. Месца правядзення стала самым паўднёвым за ўсю гісторыю фестывальнага руху.

ХVІІІ фестываль у Эквадоры сабраў у снежні 2013 года больш за 8 тысяч удзельнікаў з 88 краін. Фестываль праходзіў у экзатычных умовах: у высакагорным раёне на пляцоўцы былога аэрадрома сталіцы рэспублікі Кіта, на вышыні каля трох тысяч метраў над узроўнем мора. Такім чынам, гэта быў самы высакагорны фестываль.

ХІХ Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў (на які паедзе беларуская дэлегацыя, у складзе якой і спецыяльны карэспандэнт «Звязды» Ілья Крыжэвіч) адбудзецца ў Расіі — 15 кастрычніка яго прымае Сочы... Ужо цяпер можна казаць, што ён паставіў рэкорд у фестывальнай гісторыі па колькасці нацыянальных дэлегацый удзельнікаў, якіх будзе больш за 180.

Таксама варта завастрыць увагу на героях цырымоніі адкрыцця. Прадстаўленне будзе пабудавана вакол рэальных гісторый людзей, якія змяняюць жыццё да лепшага: у іх ліку Афроз Шах з Індыі, які за 86 тыдняў прыбраў 5,4 тоны смецця з пляжа ў Мумбаі; Раман Гек з Расіі, які за два гады пабудаваў школу ў Непале; заснавальнікі дабрачыннага фонду падтрымкі дзяцей з асаблівасцямі развіцця «Я ёсць!» Ягор Бяроеў і Ксенія Алфёрава і іншыя.

І, вядома, адной з адметных рыс ХІХ Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў будзе валанцёрскі корпус, які аб'яднаў 5 тысяч добраахвотнікаў з 67 краін і стаў самым масавым у свеце сярод неспартыўных мерапрыемстваў.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: За мір і дружбу!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.