Вы тут

«Уладару сяла» — 10 гадоў


...«Ну, а што самі сем'і: стомленыя, усхваляваныя, узнагароджаныя каштоўнымі прызамі? Многія з іх адразу ж пасля святочнага вечара заявілі арганізатарам: «Калі будзеце ладзіць які новы праект — адразу запісвайце ва ўдзельнікі ўсіх нас! Мы — першыя добраахвотнікі...»

«Першы сакратар Глыбоцкага райкама БРСМ, аднаго з арганізатараў «Уладара сяла», Людміла Чэбан: «Скажу шчыра, спадабаліся абсалютна ўсе конкурсы, усе сем'і-ўдзельнікі. Больш за тое, лічу, што праект гэты карысны не толькі для моладзі і не толькі для асобна ўзятага Глыбоцкага раёна, а, магчыма, і для ўсёй краіны — як прыклад цікавай арганізацыі вольнага часу людзей, выхавання моладзі, умацавання яе стасункаў з больш старэйшымі пакаленнямі...»


Ідзе этап «Вострая каса».

І, як паказала жыццё, гэтыя словы, сказаныя ў снежні 2007 года, сталі прарочымі. Яркі і займальны праект, ініцыяваны моладдзю Глыбоччыны — удзельнікамі народнага сямейнага клуба «Востраў разумення» маладзёжнага цэнтра аддзела адукацыі і райкамам БРСМ, — літаральна праз год быў падтрыманы на рэспубліканскім узроўні. Колькі за дзесяць гадоў ён аб'яднаў маладых сем'яў? Але давайце звернемся да гісторыі, паглядзім, што пісала наша газета тады...

«Пераможцы сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла», які больш за паўгода доўжыўся ў Глыбоцкім раёне, акрамя ўласна гэтага ганаровага тытула атрымалі вельмі каштоўны прыз — ордар на так званы прэзідэнцкі домік. Шчаслівымі ўладальнікамі жылля стала сям'я Герасімёнкаў: муж Віктар — электрамеханік Полацкай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі Беларускай чыгункі, жонка Маргарыта — заатэхнік СВК «Ломашы-Агра», і двое іх дзетак — Настасся і Яўген.

Аляксандр Зайкоўскі ў «Парным малацэ».

Гэта сапраўды вельмі дружная, працавітая сям'я (трымаюць вялікую гаспадарку), яны мелі патрэбу ў новым жыллі, але, каб не ўдзел і перамога ў праекце «Уладар вёскі», так хутка палепшыць свае жыллёвыя ўмовы ў іх наўрад ці атрымалася б. Паколькі сям'я пастаянна пражывае на тэрыторыі СВК «Ломашы-Агра», новы домік будзе выдзелены пераможцам менавіта ў гэтым аграгарадку. Ордар ім уручыў кіраўнік гаспадаркі.

На «Сенакосе» — Руслан Лаўроў.

Але ўзнагароджанню і святкаванню папярэднічаў апошні — 17-ы па ліку — этап-конкурс праекта «Подыум». Ён складаўся з трох частак: спартыўнай «Вясёлыя рабяты», сельскагаспадарчай «Вясковы двор» і танцавальнай. Апошняя, дарэчы, стала самым сапраўдным выпрабаваннем для сем'яў, асабліва вясковых. Людзям, якія дагэтуль на этапах фактычна выконвалі звыклую для сябе працу — саджалі бульбу, даілі кароў, касілі, секлі дровы, гатавалі ў печы і г. д. — трэба было ці не ўпершыню ў жыцці перад вялікай публікай выйсці на сцэну... Два тыдні няспынных трэніровак з харэографам, і ўсё роўна многія ўдзельнікі праекта былі ўпэўнены (ці спадзяваліся?), што іх не выпусцяць на сцэну. Выпусцілі!..

— Агульнае адчуванне — свята атрымалася. Многія ўдзельнікі раскрыліся зусім па-іншаму, — падсумавала вынік праекта Марына Гараповіч».

Сям’я Пашковічаў падчас «Выжывання на хутары».

А чаго толькі не было падчас яго! Усім удзельнікам запомніўся этап «Уладар печы», калі сем'ям давялося за тры гадзіны гатаваць сялянскі абед з трох страў на 30 чалавек. І хаця абыходжанне з чыгункамі і нават з самой печчу для многіх былі ў навінку, ад прыгатаваных страў стаяў такі водар! А этап «Выжыванне на хутары»? Гэта была ролевая гульня, напачатку якой ва ўсіх пазабіралі ежу, мабільнікі, і трэба было пратрымацца, зарабляючы сабе на неабходнае рознымі работамі. Дзецям нават давялося хадзіць «жабраваць» у Мосар! А пасля была вельмі кранальная рэтрафотасесія, калі ўдзельнікі прымералі на сябе адзенне нашых продкаў... А яшчэ падчас праекта і жыта жалі, і ягады збіралі, і рыбу лавілі, і валоданне народнымі рамёствамі ці промысламі дэманстравалі! Была нават свая грашовая адзінка!

«Кулінарны конкурс» сям’і Шарабайка.

— Што вам памятаецца з таго часу? — спыталі мы ў цяперашняга кіраўніка народнага сямейнага клуба «Востраў разумення» гарадскога цэнтра культуры Марыны Гараповіч.

— Дагэтуль захаваліся вельмі моцныя эмоцыі. Быццам усё гэта было ўчора. Сем'і, якія ўдзельнічалі ў праекце, і цяпер падтрымліваюць стасункі, сустракаюцца. Самай малой дзяўчынцы-ўдзельніцы тады было ўсяго два гады, а зараз яна вучыцца ў 7 класе. Многія дзеці за гэты час паспелі скончыць школу...

Удзельнікі «Уладара вёскі-2007».

— Чаго, на ваш погляд, магчыма, не хапае праекту цяпер?

— Шкада, што з яго прыбралі многае з таго, што мы некалі прыдумалі. Але самае галоўнае — некалькі забыліся пра сутнасць конкурсу: праводзіць праект трэба найперш у вёсцы, а не на гарадской плошчы...

Фінал праекта ў Глыбокім.

...Той самы першы праект атрымаўся такі душэўны па атмасферы і разнастайны па конкурснай праграме таму, што яго распачалі і рабілі (і падтрымалі), і ўдзельнічалі ў ім сапраўды неабыякавыя людзі — уладары свайго лёсу, уладары сваёй зямлі...

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Як быццам усё гэта было ўчора...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».