Вы тут

Пра выкладанне беларускай літаратуры: спроба рэфлексіі


З пачаткам школьнага жыцця зноў набываюць актуальнасць пытанні метадаў выкладання. Як знайсці аптымальны баланс паміж займальнасцю і акадэмічнасцю — менавіта гэтай тэме быў прысвечаны артыкул Васіля Дранько-Майсюка «Эквілібрыстыка педагогікі, альбо Ці зацікавяцца школьнікі беларускай літаратурай?», змешчаны ў нумары «ЛіМа» за 22 верасня 2017 года. Меркаванні, выказаныя аўтарам, выклікалі розныя водгукі ў настаўніцкім асяроддзі.


Фота Кастуся Дробава.

Марына КАЗЛОЎСКАЯ, кандыдат філалагічных навук, загадчык кафедры беларускай мовы і літаратуры Ліцэя БДУ:

— Я выкладаю беларускую мову і літаратуру чатырнаццаты год, раблю гэта ў розных аўдыторыях, часта з людзьмі, апантанымі дакладнымі навукамі (матэматыкай, фізікай, біялогіяй etc.), значна радзей — з тымі, каго не цікавіць нічога. І штогод задаю сабе адно і тое ж пытанне: як зрабіць беларускае цікавым для падлеткаў?

Скажу банальную рэч: каб дзіця зацікавілася кнігай, трэба, каб яно з маленства бачыла кнігу ў руках сваіх бацькоў; каб вучні зацікавіліся прадметам, трэба, каб яны бачылі, што настаўніку гэты прадмет неабыякавы, што настаўнік любіць тое, што робіць, і атрымлівае ад гэтага асалоду.

Выкладаць літаратуру сённяшнім падлеткам — задача надзвычай складаная. І справа нават не ў праграме з яе вельмі спецыфічным адборам тэкстаў, і не ў падручніках па літаратуры, і нават не ў беларускай мове, якой большасць сённяшніх беларускіх дзяцей, на жаль, не разумее, і нават не ў гісторыі, якой большасць з іх, па шчырасці, не ведае.

Праблема куды больш глабальная: людзі новага пакалення перасталі быць людзьмі кнігі. Яны выраслі ў інтэрнэце, на інстаграме і твітары і звыклі атрымліваць інфармацыю з іншых крыніц. Таму адзін выгляд вялікай па аб’ёме кнігі, скажам, рамана Івана Мележа «Людзі на балоце», іх дэмаралізуе. Безадносна да зместу твора. Што з гэтым рабіць? Як мага больш візуалізаваць: паказваць фотаздымкі, карціны, відэа. Здымаць разам з дзецьмі буктрэйлеры. Слухаць і ствараць разам музыку. Чытаць рэпам «Новую зямлю» Якуба Коласа. Хадзіць разам на літаратурныя фестывалі.

Безумоўна, на ўроках літаратуры трэба ажыўляць забранзавелыя партрэты класікаў, праз біяграфію Янкі Купалы ці Кузьмы Чорнага паказваючы складаную, супярэчлівую і ад таго вельмі натуральную чалавечую асобу.

Але пры гэтым нельга ператвараць працэс выкладання літаратуры ў танную клаўнаду, у пасяджэнне камеды-клаба, з карагодамі, жартамі і калялітаратурнымі плёткамі.

Варта памятаць адну важную рэч: у сучаснай беларускай школе літаратура — адзіны прадмет, які выконвае нацыятворчую функцыю. Як і ў пачатку ХХ стагоддзя, беларуская літаратура адначасова рэпрэзентуе нацыянальную гістарыясофію, філасофію, псіхалогію і транслюе досвед папярэдніх пакаленняў у будучыню, ствараючы прастору калектыўнай нацыянальнай памяці. Ці магчыма адмовіцца ад усяго гэтага на карысць займальнасці? Мяркую, што не.

Настаўнік беларускай літаратуры павінен добра ўсведамляць: што, як і дзеля чаго ён робіць. Павінен мець канцэпцыю развіцця літаратуры, бачыць мастацкія тэксты не паасобку, а цэласна, у кантэксце творчасці канкрэтнага аўтара, канкрэтнай гістарычнай эпохі і ўсёй літаратуры як такой. Бачыць тэкст як пазл у агульнай мазаіцы нацыянальнай культуры.

Толькі ў такім выпадку можна навучыць дзяцей думаць, аналізаваць і бачыць заканамернасці літаратурнага працэсу, з якога немагчыма дастаць, напрыклад, апавяданне Максіма Гарэцкага «Роднае карэнне», бо ў такім выпадку губляецца логіка, становіцца не зусім зразумела, адкуль праз паўстагоддзя вырастае Міхась Стральцоў са сваім «Сенам на асфальце», дзе «Літоўскі хутарок» і «Пошукі будучыні» працуюць на «Знак бяды» Васіля Быкава. Так, на маю думку, ствараецца ўяўленне пра культурную традыцыю, якая яднае нацыю.

І ва ўсім гэтым глыбока трагічным нацыянальным досведзе варта паказваць вучням і беларуса, і проста чалавека, універсалізуючы лакальныя праблемы, аналізуючы мастацкі тэкст на розных узроўнях, паказваючы, як ён можа быць інтэрпрэтаваны ў межах свайго часу і як гэтая інтэрпрэтацыя эвалюцыянуе з гадамі.

Так паступова, рухаючыся ад апавяданняў да раманаў, можна сфарміраваць не проста ўважлівага чытача, а асобу, здатную думаць, разважаць і спачуваць іншаму. На маю думку, гэта галоўнае.

Ганна СЕВЯРЫНЕЦ, настаўніца Смалявіцкай раённай гімназіі:

— Насамрэч і вучні, і наша літаратура стаміліся ў чаканні таго падыходу, які прапануе Васіль Дранько-Майсюк. Сапраўды, немагчыма кожны год перажоўваць адну і тую ж хрэстаматыйную жуйку пра «любоў да роднай зямелькі» і «спачуванне патрэбам прыгнечанага народа». Гэтыя словы, заўсёды аднолькавыя ў дачыненні да любога беларускага класіка, даўно ўжо не працуюць у выпадку з сучаснымі дзецьмі. А вось зомбіапакаліпсіс — працуе, і гэта добра! Нашы класікі былі жывымі людзьмі, умелі і любілі жартаваць, жылі поўным жыццём. Здорава, калі мы нарэшце дазволім сабе размаўляць з вучнямі пра класіку жывой, сучаснай, цікавай мовай.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.