Вы тут

Той, хто ўмеў пісаць для дзяцей


Для ўсіх аматараў па-сапраўднаму займальнай беларускай літаратуры — свята: у серыі «Беларускі кнігазбор» выйшлі «Выбраныя творы» Янкі Маўра. Укладанне і каментарыі зрабіла ўнучка пісьменніка Марыя Міцкевіч.


Янка Маўр з унукамі Марыяй і Сяргеем, 1956 г.

 Запытайцеся ў любога беларускага аўтара, і амаль кожны пагодзіцца, што сапраўдная літаратура павінна здзіўляць. Так, большасць пра гэта ведаюць, але зрабіць, каб іх творы чыталі масава, не могуць. Янка Маўр быў той унікальны пісьменнік, які ўмеў ствараць менавіта такую вельмі цікавую, без падману для ўсіх займальную прозу. Ён умеў здзіўляць і ў творчасці, і ў жыцці.

Калі ў 1920-я ўсе гналі тэксты пра вёску, калектывізацыю, зверствы белапалякаў, то Янка Маўр першым ашаламіў савецкага чытача, паказаўшы яму зусім іншы (але не меней жорсткі) свет першабытных людзей («Чалавек ідзе»), небяспечную экзотыку Новай Гвінеі («У краіне Райскай птушкі»), Індыі («Слёзы Тубі»), вострава Ява («Амок») і г.д. Яго героі падарожнічалі ў часе і прасторы, былі на Марсе і ў Пекле, перамагалі самых неверагодных ворагаў. Насуперак традыцыйнай коласаўскай «палескай глушы» піша пра такое Палессе, якое больш нагадвае джунглі Амазонкі («Палескія рабінзоны»).

У жыцці ён — аматар розыгрышаў, тонкі педагог, які, не павышаючы голасу, мог, дзякуючы сваім амаль гіпнатычным здольнасцям, прымусіць вучыцца і апошняга хулігана, майстар спірытычных сеансаў.

Янка Маўр не вельмі верыць дарослым, якія зазвычай у яго выступаюць слабымі, адмоўнымі, нягеглымі, хітрымі. Галоўныя героі — дзеці. Толькі яны, паводле рамантычнай волі пісьменніка, могуць перайначыць свет, ды не толькі наш, але і падземны.

У 1929 г. выходзіць яго адзін з самых нечаканых твораў — «Пекла» (пазней пераназваны ў «Падарожжа ў пекла»), у якім два піянеры здзейснілі немагчымае: арганізавалі ў апраметнай рэвалюцыю, скінулі тырана Люцыпара і зрабілі Пекла свабодным краем, дзе простыя чэрці і грэшнікі сталі аднолькавымі гаспадарамі. Аповесць выйшла тады, калі ў сталінскім пекле пачыналася першая хваля рэпрэсій, былі арыштаваныя Уладзімір Дубоўка, Язэп Пушча, Адам Бабарэка ды шэраг іншых свабодалюбівых і творча-незалежных літаратараў. У кнізе змешчаныя цікавыя ўспаміны дачкі Наталлі Міцкевіч, якая згадвала, што пісьменнік таксама чакаў штодзённага арышту, але калі яго выклікалі ў НКУС, следчы… аказаўся вялікім прыхільнікам творчасці пісьменніка, і гэта, відаць, дапамагло ўратавацца. Казачнае шанцаванне! Бо, напрыклад, тым жа НКУСаўцам нічога не замінала катаваць Міхася Зарэцкага, хоць яны і зачытваліся яго «Голым зверам».

Сярод апублікаваных лістоў (на жаль, у кнізе іх змясцілі толькі шэсць) найбольш цікавы, шчымліва-эмацыянальны адрасаваны Алесю Якімовічу. Янка Маўр напісаў яго падчас святкаванняў 20-годдзя сваёй творчай дзейнасці. Тут пісьменнік гнеўна здзіўляўся: «Чаму лічыцца “неприличным” упамянуць, напрыклад, што “Амок” (і “Пекла”) выйшаў на Украіне, друкаваўся ў Амерыцы? Чаму сорамана адзначыць, што “Сын вады” друкаваўся ў Чэхаславакіі, а “Слёзы Тубі” ў Англіі? /…/ А чым не цікава, што ў адным партызанскім атрадзе на Палессі адзінай і галоўнай кнігай былі “Палескія рабінзоны”? /…/ Што Горкі зацікавіўся “ТВТ” і запрасіў мяне персанальна на на з’езд. /…/ Адзін капітан у Маскве казаў, што ён калісь у Мінску вывучыў беларускую мову толькі для таго, каб мець магчымасць прачытаць кнігі Маўра…».

 Так, Янка Маўр ведаў сабе цану, разумеў, што ў беларускай літаратуры ён быў адзін з тых рэдкіх пісьменнікаў, якім зачытваліся без аніякай прынукі дзеці. Ведаў, што яго прыгодніцкія творы па-сапраўднаму ўплывалі на свядомасць хлопчыкаў і дзяўчынак. Таму і засмучаўся «казённым», як ён казаў, артыкулам пра сваю творчасць, таму стараўся не чытаць рэцэнзій (ні станоўчых, ні адмоўных) на свае кнігі.

Сёння, калі сучасная беларуская літаратура не мае шырокага водгуку ў масавага чытача, асабліва важна, што з’явіліся «Выбраныя творы» Янкі Маўра. Так, тут чамусьці няма яго шэдэўральнага «Пекла» і дэбютнай аповесці «Чалавек ідзе», як заўсёды (для нашых выданняў ужо норма!), канспектна-бедныя каментарыі, мала эпісталярнай спадчыны, няшмат успамінаў. Але гэтая кніга прымушае нас узгадаць таго, хто быў каралём беларускай прыгодніцкай літаратуры першай паловы ХХ стагоддзя. Таго, хто сапраўды ўмеў пісаць для дзяцей. Сённяшнім аўтарам варта набыць гэтую кнігу. У Янкі Маўра ёсць чаму павучыцца.

Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.