Вы тут

Стаўку на прадпрымальных робіць старшыня Асіповіцкага райвыканкама


Павел Налівайка на пасадзе старшыні Асіповіцкага райвыканкама ўсяго два месяцы — з 8 жніўня, але яму не патрэбны быў час, каб азнаёміцца са справамі і адаптавацца ў новых умовах. Яго жыццё цалкам звязана з гэтым горадам. Ён тут нарадзіўся, праходзіў тэрміновую службу, у розныя часы працаваў на заводзе аўтамабільных агрэгатаў, ва ўстанове «Маяк». З 2016-га займаў пасаду першага намесніка старшыні райвыканкама. І вось новы рубеж. Прызнаецца, што адчувае асабістую адказнасць за сваю малую радзіму і збіраецца прыкласці максімум намаганняў, каб дабрабыт землякоў узрастаў, а іх жыццё станавілася больш уладкаваным.


— Павел Уладзіміравіч, якое ваша жыццёвае крэда? Чым вы кіруецеся ў сваёй рабоце?

— Заўтра павінна быць лепш, чым сёння, — такая мая жыццёвая ўстаноўка. Існаваць і развівацца любому прадпрыемству дапамагае наяўнасць матываванага і кваліфікаванага калектыву. Для мяне галоўнае — не дапусціць пагаршэння сацыяльна-эканамічных паказчыкаў у раёне, стварыць спрыяльныя ўмовы і адпаведны клімат для ўмацавання існуючых і ўзнікнення новых прадпрыемстваў, у тым ліку з прыцягненнем замежнага капіталу, забяспечыць занятасць насельніцтва. У людзях перш за ўсё цаню прыстойнасць і накіраванасць на выкананне пастаўленых мэт.

— На слыху гісторыя, калі вы яшчэ будучы першым намеснікам дапамаглі прыватнаму прадпрыемству выйсці са складанай сітуацыі. Чым завяршылася гэта справа?

— Цяпер у ваенным гарадку, дзе размясцілася названае прадпрыемства — ТАА «ЭкаАрбаБуд», — ужо адкрыта восем прадпрыемстваў з колькасцю працоўных месцаў ад 3 да 46. Мне вельмі прыемна, што ёсць людзі, якія жадаюць забяспечыць годны лад жыцця не толькі сабе, але і іншым. Гэта наш сярэдні клас, патэнцыял для развіцця раёна.

— У Асіповічах створаны прыдатныя ўмовы для вядзення бізнесу. Якую ролю адыгрываюць прадпрыемствы малога бізнесу ў развіцці эканомікі раёна?

— Арганізацыі малога бізнесу фарміруюць каля 15% экспарту раёна і больш за 10% даходнай часткі бюджэту. Больш за 70% новых працоўных месцаў ствараецца ў сферы малога бізнесу. Колькасць юрыдычных асоб у сферы малога бізнесу вырасла з 231 на пачатак 2011 года да 297 на пачатак 2017-га. Сёлета за студзень—верасень у раёне зарэгістравана 19 новых арганізацый. Зарэгістравана 837 індывідуальных прадпрымальнікаў.

Дынамічна развіваецца спажывецкі рынак. За студзень—жнівень аб'ём рознічнага тавараабароту праз усе каналы рэалізацыі склаў 94,1 мільёна рублёў, на душу насельніцтва раёна прададзена тавараў на суму 1 966 рублёў — першае месца сярод сельскіх раёнаў вобласці. За дзевяць месяцаў забяспечанасць гандлёвай плошчай жыхароў раёна склала больш за 610 квадратных метраў на 1000 чалавек, а ў Асіповічах — больш за 750 «квадратаў» пры нарматыве 600.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца абслугоўванню вяскоўцаў. На 1 кастрычніка ў раёне бытавыя паслугі насельніцтву аказваў 181 суб'ект гаспадарання, у тым ліку 24 юрыдычныя асобы і 157 індывідуальных прадпрымальнікаў (114 аб'ектаў). Найбольшы ўзровень у аб'ёме бытавых паслуг раёна займае Асіповіцкі камбінат бытавога абслугоўвання, у склад якога ўваходзяць тры швейныя атэлье, трыкатажны цэх, пральня, майстэрня па рамонце абутку, чатыры цырульні, восем комплексных прыёмных пунктаў. У 144 сельскіх населеных пунктах няма стацыянарных аб'ектаў службы быту, але яны ахоплены выязной формай бытавога абслугоўвання.

Пытанні задавала Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Стаўку — на прадпрымальных

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.