Вы тут

Кастрычнік-лістапад — час штогадовай вакцынацыі ад грыпу


Сезонны ўздым вострых рэспіраторных інфекцый і грыпу прыпадае ў нашай краіне, як правіла, на канец студзеня — пачатак лютага, аднак цягнуць з прышчэпкай абсалютна не варта, бо да таго часу ва ўсю разгуляюцца шматлікія рэспіраторныя інфекцыі, якіх і акрамя грыпу дастаткова. Своечасовая вакцынацыя здольна абараніць нас ад усіх гэтых непрыемнасцяў. І нават калі ўсё ж такі мы захварэем на грып або рэспіраторную інфекцыю, то перанясём іх у лёгкай форме.


Зараз у краіне назіраецца нязначны ўздым інфекцыйнай захваральнасці, характэрны для цяперашняй пары года, адпаведны ўзроўню мінулых гадоў. Што да грыпу, то яго выпадкі пакуль не рэгіструюцца, галоўным чынам, сустракаюцца адэнавірусы і іншыя. Грыпозныя вірусы з'яўляюцца ў студзені, калі яны займаюць да 15—20 працэнтаў усіх рэспіраторных інфекцый.

Паводле слоў намесніка міністра — Галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Рэспублікі Беларусь Наталлі ЖУКАВАЙ, каля васьмі працэнтаў насельніцтва ўжо атрымалі прышчэпкі, найбольшая іх колькасць — 10 працэнтаў — у сталіцы. Аптымальнай лічбай для фарміравання калектыўнага імунітэту ў нашай краіне з'яўляецца 40 працэнтаў насельніцтва.

У першую чаргу імунізацыя праводзіцца ў групах рызыкі. 13 працэнтаў людзей з групы рызыкі будуць прышчэплены за кошт рэспубліканскага, а 19 — за кошт мясцовага бюджэту, яшчэ васьмі — за сродкі прадпрыемстваў і арганізацый. Самымі ўразлівымі па магчымасці развіцця ўскладненняў застаюцца дзеці, людзі ва ўзросце пасля 65 гадоў, асобы з хранічнай паталогіяй і цяжарныя. Будучыя мамы ў трэцім трыместры цяжарнасці вельмі цяжка могуць пераносіць грып і падвяргаюцца высокай рызыцы гібелі.

Бясплатную абавязковую вакцынацыю атрымлівае і шэраг прафесійных работнікаў, чыя працоўная дзейнасць звязана з вялікай колькасцю кантактаў з іншымі людзьмі.

Шырокамаштабная вакцынацыя праводзіцца ў шэрагу краін, бо з'яўляецца навукова абгрунтаванай. Назіранні ў Беларусі паказваюць, што вакцынацыя 40 працэнтаў насельніцтва забяспечвае выдатны эфект. Уздым захваральнасці ёсць, аднак эпідэміі няма. За апошнія 5—6 гадоў узровень захваральнасці знізіўся ў нас у 15 разоў.

У прышчэпленых адсутнічаюць цяжкія ўскладненні, а хварэе ў гэтай групе наогул 3—10 працэнтаў. Не прыпыняецца работа школ і шэрагу ўстаноў, прадпрыемстваў. Штогадовая ацэнка сістэмнасці вакцынацыі паказвае значнае зніжэнне колькасці звязаных з грыпам выпадкаў часовай непрацаздольнасці, напрыклад, на заводзе «Атлант», Беларускай чыгунцы і іншых.

Лятальных выпадкаў летась не зарэгістравана. Яны мелі месца, як вядома, у 2009—2010 гадах, калі была пандэмія «свінога» грыпу. Выпадкі гібелі былі звязаны тады з цяжкімі пярвічнымі грыпознымі пнеўманіямі. Трэба мець на ўвазе, што грып можа справакаваць любы неспрыяльны фон у арганізме.

Смерць можа наступіць і ад сардэчна-сасудзістага захворвання. Што называецца, не было б грыпу — не здарыўся б інфаркт міякарда. Наогул грып адрозніваецца ад іншых рэспіраторных інфекцый якраз высокай рызыкай гібелі хворага і вялікай колькасцю ўскладненняў, спектр якіх досыць шырокі.

Пашкоджанне могуць атрымаць мышачная сістэма, цэнтральная нервовая (энцэфаліт) і г. д.


Чаму некаторым здаецца, што яны захварэлі адразу пасля прышчэпкі?

— Бывае так, што інфекцыя знаходзіцца ў інкубацыйным перыядзе, чалавек яшчэ не адчувае сябе хворым, і з вакцынацыяй або без яе сімптомы ўсё роўна праявіліся б, — тлумачыць загадчыца кафедры інфекцыйных захворванняў і дзіцячых інфекцый Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Ганна КЛЮЧАРОВА. — Невялікую сімптаматыку могуць забяспечваць жывыя вакцыны, аднак у нашай краіне прымяняюцца, галоўным чынам, інактываваныя, нежывыя вакцыны, якія пабочных эфектаў не даюць. Проціпаказаннем для прышчэпкі з'яўляецца толькі алергічная рэакцыя на курыны бялок. Таксама нельга з'яўляцца на вакцынацыю ў вострым перыядзе захворвання.

Чаму людзі адмаўляюцца ад вакцынапрафілактыкі?

Існуе некалькі распаўсюджаных аргументаў, якія прыводзяць многія з нас, калі адмаўляюцца ад прышчэпкі. Некаторыя кажуць, што праходзілі працэдуру летась. На гэта можна сказаць, што спецыялісты нездарма пастаянна вызначаюць, якія вірусы будуць цыркуляваць у новым сезоне. Высновы, да якіх яны прыходзяць, дапамагаюць правільна сфарміраваць склад вакцын. Усё ж такі грып вельмі зменлівы, а таму і вакцыны павінны мяняцца, каб адпавядаюць тым вірусам грыпу, што будуць цыркуляваць. Сёлетнія вакцыны змяшчаюць ужо зменены штам H1N1, H3N2 і новы штам грыпу В. Усе вакцыны, якія прымяняюцца ў нашай краіне, — аднолькавыя па сваёй эфектыўнасці. Якасць вакцын добрая — яны не даюць пабочных эфектаў, спрыяюць добрай выпрацоўцы імунітэту.

Яшчэ адным аргументам супраць з'яўляецца фраза «Мне не раіў мой урач». Так і хочацца сказаць: вы сапраўды думаеце, што яму гэта патрэбна больш, чым вам? Ёсць яшчэ: «У мяне добры імунітэт, няхай трэніруецца. Калі я і захварэю, то папраўлюся». Мяркую, людзі, якія хоць аднойчы перанеслі грып у цяжкай форме, хто даведаўся на сваёй скуры, што такое двухбаковая пнеўманія, таксама да пары цешылі сябе магчымай «трэніроўкай». Ну а тым, хто паслухаў сяброў, прачытаў штосьці некампетэнтнае ў інтэрнэце (а такога там цераз край!), варта пажадаць удачы. Дзякуючы іншым прышчэпленым, іх, можа, і пранясе. А можа і не...

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Вам прышчэпка!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».