Вы тут

Як адрозніць абляпіху мужчынскую ад жаночай?


Дрэўца з залацістымі пладамі з'яўляецца двухдомнай раслінай.

Паняцце двухдомная расліна азначае, што адны дрэвы абляпіхі з'яўляюцца жаночымі, іх кветкі маюць толькі песцік, а іншыя — мужчынскія, іх кветкі маюць толькі тычынкі. Для атрымання ягад, пылок мужчынскіх кустоў павінен апыліць кветкі жаночых. Апыленне жаночых кустоў адбываецца з дапамогай ветру. Тэрмін цвіцення мужчынскіх дрэў доўжыцца ад 6 да 12 дзён. Ягады, натуральна, утвараюцца толькі на жаночых экзэмплярах.

Аднаго мужчынскага куста абляпіхі хапае, каб апыліць 5 жаночых кустоў, якія растуць у межах 5 м. У цэлым, жаночыя дрэвы абляпіхі могуць апыляцца мужчынскімі нават на адлегласці ў 50 м, але чым бліжэй растуць мужчынскія да жаночых, тым лепш праходзіць працэс апылення і большая ўраджайнасць ягад.


Шукаем адрозненні

Мужчынскія і жаночыя дрэвы вельмі падобныя паміж сабой, адзіны спосаб іх адрозніць — разгледзець вегетатыўна-генератыўныя, гэта значыць, кветкавыя пупышкі абедзвюх раслін. Вызначыць палавую прыналежнасць абляпіхі можна толькі на дарослых раслінах восенню, калі завяршыўся працэс фарміравання пупышак ці ранняй вясной, калі пачынаецца іх набраканне. У маладых кустоў адрозніць палавую прыналежнасць немагчыма, бо ў іх прысутнічаюць толькі вегетатыўныя пупышкі, гэта значыць, тыя, з якіх потым вырастае лісце.

Калі культура пачынае прыносіць ураджай, тады беспамылкова можна вызначыць, якое дрэва мужчынскае, а якое жаночае. Але звычайна задача, як адрозніць мужчынскую абляпіху ад жаночай, стаіць перад садоўнікамі, падчас пакупкі калючага дрэўца.

Дапамогуць адрозніць дрэвы паміж сабой наступныя прыкметы:

1. Спачатку маладыя саджанцы мужчынскіх кустоў па памеры буйнейшыя за жаночыя, а з часам жаночыя даганяюць і перарастаюць, становячыся буйнейшымі за мужчынскія.

2. Генератыўныя пупышкі ў саджанцаў жаночага полу дробныя і пакрытыя дзвюма вялікімі лускавінкамі, пупышкі ў саджанцаў мужчынскага полу нашмат буйнейшыя — амаль у тры разы, пакрытыя 5—10 мясістымі лускавінкамі рознай велічыні, візуальна нагадваюць невялікія гузы.

3. У жаночых кустоў кветкі жоўтыя і сабраны ў пучкі па 3—11 штук у адной пазусе. У мужчынскіх кустоў, кветкі маюць зялёна-серабрыстае адценне.

Вызначыць пол саджанцаў да ўступлення іх у перыяд плоданашэння (узрост саджанцаў — 3—4 гады) па пупышках немагчыма.

4. Позняй вясной і ў летні перыяд, калі на кустах распусцілася лісце, кусты абляпіхі можна адрозніць, уважліва разгледзеўшы лісты. У жаночых кустоў абляпіхі лістота зелянейшая, а ў мужчынскіх — больш шэрая.

5. На лістоце мужчынскіх кустоў шызага налёту больш, чым на лістоце жаночых кустоў.

6. Лісты мужчынскіх раслін — роўныя, з вывернутай вонкі цэнтральнай жылкай, пры папярочным разрэзе падобныя на птушак у палёце.

7. Лісты жаночых раслін маюць увагнутую форму, падобную на начовачку, пры папярочным разрэзе ліст падобны на піалу.

Размнажэнне

Калі абляпіху размножыць з дапамогай насення, адсачыць прыкметы па поле не атрымаецца. Калі размножыць каранёвыя атожылкі дрэва, то ад мужчынскай абляпіхі будзе корань мужчынскага полу, з жаночымі аналагічна. Калі ў суседзяў ёсць расліны патрэбнага полу, можна папрасіць у іх каранёвы атожылак.

У гадавальніках, пры развядзенні абляпіхі вегетатыўным спосабам, спецыялісты строга адсочваюць палавую прыналежнасць саджанцаў, а ў некаторых гадавальніках жаночым саджанцам прышчапляюць мужчынскую галінку, каб зрабіць кусты абляпіхі ўніверсальнымі.

Калі высветліцца, што ў садзе высаджаны толькі жаночыя кусты абляпіхі, выправіць сітуацыю можна, прывіўшы мужчынскія галінкі да жаночага куста.

Трэба знайсці ў іншых садаводаў культуру мужчынскага віду. Зрэзаць дзве-тры галінкі з яе і прышчапіць вясной у крону жаночай абляпіхі.

Калі ў садзе растуць толькі дрэвы-«хлопчыкі», то шукаць і прывіваць варта жаночы экзэмпляр.

Прышчэпку лепш праводзіць у сакавіку, калі пупышкі яшчэ не распусціліся.

Не варта хвалявацца, калі выбраныя і пасаджаныя саджанцы мужчынскай абляпіхі не развіваюцца ў наступныя тры гады. Гэтая культура нябачна для вока нарошчвае развітую каранёвую сістэму. Дапамагчы дрэвам змогуць правільны грунт і нячастыя ўгнаенні.

У прыродзе першапачаткова няма такога віду, які быў бы і з жаночымі, і з мужчынскімі функцыямі адначасова. Таму на рэкламныя хітрыкі такіх прадаўцоў весціся не варта. Як было апісана вышэй, толькі прышчэпленыя мужчынскія галінкі ў жаночую крону даюць універсальнае дрэва. Але ў гэтым выпадку абавязкова застаецца след ад праведзенай прышчэпкі і ўвесну бачна адрозненне жаночых і мужчынскіх пупышак.

Ірына ТАМКОВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Надзея для Вары

Надзея для Вары

Калi хварэюць блiзкiя, гэта заўсёды гора, але няма гора большага, чым калi хварэюць дзецi. 

Грамадства

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Мiнiстр абароны — пра складаны шлях да генеральскiх пагонаў, перспектывы развiцця беларускай армii i мiрнае неба над галавой.