Вы тут

У Мінску падвялі вынікі ўдзелу ў Еўрапейскім тыдні мабільнасці


Беларусь толькі трэці год удзельнічае ў ЕТМ, але дынаміка актыўнасці нашых гарадоў уражвае. Калі ў 2015 годзе да тыдня мабільнасці далучыліся толькі Мінск, Полацк і Наваполацк, то ў наступным ужо 19 гарадоў, а сёлета, з 16 па 22 верасня, у акцыі ўдзельнічалі аж 46 гарадоў і населеных пунктаў.


Адкуль такі імпэт? І навошта нам гэты тыдзень? Чаму старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац летась у прысутнасці дэпутатаў Мінгарсавета, прадстаўнікоў адміністрацый раёнаў, грамадскіх аб'яднанняў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый сталіцы падпісаў Хартыю аб далучэнні да Еўрапейскага тыдня мабільнасці?

З чаго пачынаць?

Мы ўсе за камфортнае жыццё незалежна ад параметраў нашага населенага пункта. Пакажыце таго, хто супраць. Але як стварыць камфорт і з чаго пачынаць? Паводле ацэнак еўрапейскіх экспертаў, якасць жыцця людзей на адну траціну залежыць ад умоў мабільнасці гараджан ці, інакш кажучы, нашай рухомасці. У тым ліку і ад стану гарадской транспартнай сістэмы, яе надзейнасці, зручнасці, а таксама бяспекі для людзей і навакольнага асяроддзя. З гэтай высновай цалкам згодны Валерый БАРАДЗЕНЯ, старшыня праўлення грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз транспартнікаў», дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Яго выступленне «Устойлівы транспарт і ўстойлівая мабільнасць: еўрапейская мода ці патрабаваннне часу?» выклікала вялікі інтарэс ва ўдзельнікаў семінара, дзе і разглядаліся пытанні мабільнасці беларускіх гарадоў. На думку дэпутата, горад у першую чаргу павінен уяўляць сабой прастору для людзей, для іх камфортнага жыцця.

Тэзіс зразумелы і доказаў не патрабуе. Але як яго рэалізаваць? Валерый Барадзеня ўпэўнены: не трэба займацца вынаходніцтвам веласіпеда, калі можна па магчымасці выкарыстоўваць еўрапейскі досвед. Бо вучыцца на чужых памылках танней і прасцей. Акрамя гэтага, еўрапейцы ўжо істотна прасунуліся наперад у справе засваення гарадскога асяроддзя з улікам інтарэсаў усіх жыхароў. Напрыклад, у нямецкім горадзе Дармштаце грамадскі транспарт у выхадныя працуе кругласутачна, што вельмі падабаецца маладым людзям, сярод якіх шмат прыхільнікаў бавіць час на дыскатэках, у начных клубах, на разнастайных вечарынках, якія звычайна заканчваюцца позна. Ёсць начныя ўстановы і для тых, хто хоча правесці вечар у спакойнай абстаноўцы з келіхам піва ці віна. Усім ім падабаецца кругласутачны рэжым работы транспарту, бо людзі вяртаюцца дахаты не за рулём уласнай машыны, а на гарадскім аўтобусе. У выніку статыстыка аварый па віне нецвярозых вадзіцеляў значна палепшылася.

Удзельнікі семінара, а сярод іх было нямала прадстаўнікоў раённых цэнтраў і невялікіх гарадоў, казалі аб тым, што сёння варта па-новаму арганізоўваць гарадское жыццё. На думку Валерыя Барадзені, мясцовая ўлада павінна выступаць у ролі заказчыка на транспартныя паслугі для сваіх гараджан. А таму надышоў час даць магчымасць мясцовай уладзе выкарыстоўваць новыя інструменты гарадскога планавання і кіравання мабільнасцю. Напрыклад, паступова перадаць грамадскі гарадскі транспарт пад юрысдыкцыю органаў мясцовай улады, якія кантралявалі б дзейнасць транспартнай сістэмы на падведамаснай тэрыторыі.

У глыбінку!

Лагішын — гарадскі пасёлак у Пінскім раёне, ён жа цэнтр Лагішынскага пасялковага Савета. Дык вось там, паводле слоў Валянціны Ляончык, нацыянальнага эксперта па правядзенні Еўрапейскага тыдня мабільнасці названая акцыя прайшла на выдатна. Хоць жыхары гарадскога пасёлка ўпершыню далучыліся да ЕТМ, многія з іх па магчымасці адмовіліся ад паездак на аўтамабілі, пераселі на веласіпеды, актыўна карысталіся грамадскім транспартам, больш хадзілі пешшу. У час тыдня прайшлі тэматычныя акцыі, якія таксама выклікалі цікавасць у жыхароў.

І атрымалася ўсё ў многім дзякуючы ўзаемадзеянню пасялковага Савета з Пінскім райвыканкамам, мясцовымі школамі, арганізацыямі БРСМ і прадпрыемствамі. Сёння многія лагішынцы скажуць вам, што мэта тыдня мабільнасці — прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем забруджвання паветра і залішняй колькасці аўтамабіляў на вуліцах.

Дарэчы, рух у глыб краіны — сусветны кірунак. Гэты год стаў рэкордным па агульнай колькасці ўдзельнікаў ЕТМ: 2470 гарадоў і населеных пунктаў у 50 краінах свету. І Беларусь знаходзіцца ў трэндзе гэтага руху. У яе гарадах-удзельніках адбыліся самыя розныя мерапрыемствы: грамадскія дыскусіі, велапрабегі, уладкаванне веласіпедных парковак, абследаванне стану атмасфернага паветра і вымярэнне ўзроўню шуму, сумесныя інфармацыйныя акцыі з ДАІ, конкурсы, канцэрты. А таксама прайшлі велаквесты, флэшмобы «Мабільнасць і актыўнасць, здароўе, крэатыўнасць», конкурсы сэлфі, сацыяльнай рэкламы «Мабільнасць і моладзь», курсы па скандынаўскай хадзе і г. д.

Дзень без аўто

Што і казаць, у нас уласны аўтамабіль гэта і паказчык паспяховасці яго ўладальніка, і новы ўзровень яго свабоды, і камфорт для сям'і. Як угаварыць такога аўтамабіліста часцей ездзіць на веласіпедзе? Складана. Хоць у Германіі, паводле слоў Валерыя Барадзені, шмат зрабілі ў гэтым кірунку. Там веласіпед, вобразна кажучы, рабочы конь, які актыўна выкарыстоўваецца ў многіх сферах гарадской гаспадаркі.

І тым не менш зрухі ў лепшы бок ёсць і ў нас. Закрыццё Еўрапейскага тыдня мабільнасці прайшло 22 верасня пад лозунгам «Сусветны дзень без аўтамабіля». У многіх гарадах-удзельніках у гэты дзень пры прад'яўленні пасведчання кіроўцы і тэхпашпарта аўтамабіля праезд у грамадскім транспарце быў бясплатны. У Мінску, напрыклад, адпаведнае рашэнне было прынята на сесіі гарадскога Савета. І вось вынік. Летась такой магчымасцю скарысталіся 8,5 тысячы аўтамабілістаў, а сёлета — у два разы больш. Прычым бясплатны праезд дазваляўся і жыхарам іншых гарадоў, вядома, пры наяўнасці патрэбных дакументаў.

Любоў да веласіпеда імкнуліся па-рознаму прывіць у нашых гарадах. У Полацку многія кіраўнікі агітавалі асабістым прыкладам: на работу прыехалі на веласіпедах або на грамадскім транспарце.

Еўрапейцы, адным словам.

Леанід ЛАХМАНЕНКА

Загаловак у газеце: Камфортная мабільнасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».