Вы тут

Скарына расказвае пра сябе


Нягледзячы на тое, што пішуць пра Скарыну шмат, успрыняць яго як асобу няпроста. Бяда ў тым, што Скарыну вельмі мала чытаюць. А як інакш можна адчуць духоўны свет чалавека, які жыў у XVI стагоддзі, калі не чытаць напісанага ім?


Тэксты, напісаныя і выдадзеныя Францыскам Скарынам, не даюць падставы сумнявацца ў тым, што ён ставіўся з вялікай пашанай і духоўным трымценнем як да Свяшчэннага Пісання, так і да праваслаўнага богаслужэння.

Ён жыў у эпоху вялікіх навуковых адкрыццяў, небывалага ўздыму культуры і асветы. Скарына аддае ўсе сілы, веды і талент адной справе, у якой бачыць галоўны сэнс свайго жыцця, — выданню кніг Свяшчэннага Пісання і праваслаўных богаслужэбных тэкстаў.

Чаму да Бібліі і літургічных тэкстаў Праваслаўнай Царквы звяртаецца наш славуты продак? Чаму ён не выдае творы тых вучоных, філосафаў, медыкаў, якія ён вывучаў у розных універсітэтах і цану якім добра ведаў? Чаму ён, доктар медыцыны, пісаў прадмовы да біблейскіх кніг і складаў акафісты? Скарына адказвае на гэтае пытанне, калі ў прадмове да Бібліі піша: «У гэтай кнізе ўсёй прыроднай мудрасці пачатак і канец: праз яе пазнаецца Бог Уседзяржыцель. У гэтай кнізе напісаны ўсе законы і правы, якімі людзі на зямлі павінны кіравацца. У гэтай кнізе ўсе лекі для душы і цела ў поўнай меры знойдзеце. Тут навучанне філасофіі добрых паводзін, што мы павінны любіць Бога дзеля самога сябе і бліжняга дзеля Бога…».

Такім чынам, Скарына сцвярджае, што ў Бібліі — уся паўната Бажэственнага Адкравення, якім павінны людзі кіравацца і ў асабістым, і ў грамадскім жыцці. Скарына таксама ўказвае, што ў біблейскіх кнігах можна знайсці шмат цікавых і карысных звестак з розных галін чалавечых ведаў — філасофіі, гісторыі, логікі, паэзіі. На падставе гэтых слоў з прадмовы да Бібліі многія даследчыкі савецкага перыяду сцвярджалі, што ў рэлігійных кнігах Скарына «шукаў карысныя звесткі па гісторыі, геаграфіі, прыродазнаўчых навуках, зусім не цікавячыся іх дагматычным бокам», тым самым пазбаўляў Біблію яе «аўтарытэту свяшчэннай кнігі». Такія вывады — яўнае скажэнне думкі Скарыны. Сказаўшы пра тое, што ў Бібліі можна знайсці шмат карысных звестак з розных навук, Скарына падкрэслівае, што не гэта галоўнае ў Бібліі. А што ж у ёй самае важнае? Вось як на гэта адказвае Скарына: «Найперш за ўсё мы, хрысціяне, ведаючы, што ўсе навукі — мінучыя, маем патрэбу ў вечным — у спасенні душы».

Скарына, які дасягнуў вышынь еўрапейскай вучонасці, які ведае, што такое навука, і цэніць яе, сцвярджае, што ўсе навукі маюць часовы і зменлівы характар, а мы, хрысціяне, вучоныя і невучоныя, перш за ўсё павінны дбаць пра вечнае спасенне сваёй душы. Як дасягнуць яго? Скарына раіць нам: «Будзем жа пастаянна чытаць Святое Евангелле і, чытаючы яго, пераймаць учынкі нашага Збавіцеля Іісуса Хрыста».

У сваёй прадмове да ўсёй Бібліі Скарына пералічвае кнігі, якія ў яе ўваходзяць, акрэслівае іх змест. З усіх біблейскіх кніг асабліва вылучае Евангелле і заклікае пастаянна чытаць яго. Гасподзь Іісус Хрыстос — вось духоўны арыенцір, які ўказвае нам Скарына.

Як вядома, у 1517 годзе першай з усіх біблейскіх кніг Скарына выдае Псалтыр (дата выдання пазначана 6 жніўня — на свята Праабражэння Гасподняга). Псалтыр — самая пашыраная і любімая на праваслаўнай Русі кніга Бібліі. Псалтыр можна назваць кнігай малітвы, бо псалмы — гэта па сутнасці малітвы. Той факт, што Скарына пачынае сваю выдавецкую дзейнасць з Псалтыра, — пераканаўчае сведчанне таго, што на першым месцы ў яго былі не інфармацыйнаасветніцкія мэты, як нярэдка сцвярджаюць. Калі б гэта было так, то Скарына аддаў бы перавагу такім кнігам Бібліі, як Выхад, кніга Суддзяў, кнігі Царстваў, якія сапраўды багатыя на гістарычныя звесткі. А Псалтыр — гэта кніга рэлігійнай паэзіі і кніга малітвы. Значыць, галоўнай для Скарыны была мэта духоўная. Ён разумее значэнне Псалтыра ў духоўным жыцці хрысціяніна і ў прадмове да яго піша, што псалмы — гэта «нібы ўмяшчальня ўсіх дарагіх скарбаў; яны ўсякія немачы, духоўныя і цялесныя, вылечваюць, душу і розум асвятляюць, гнеў і ярасць уціхамірваюць, мір і спакой ствараюць, смутак і тугу адганяюць, натхненне ў малітвах даюць, людзей у прыязнь зводзяць, спагаду і міласць умацоўваюць, дэманаў выганяюць, ангелаў на дапамогу заклікаюць».

Так можа пісаць чалавек, які сам моліцца, які спазнаў асалоду малітвы.

Праз месяц пасля першай кнігі Ф. Скарына выдае яшчэ адну біблейскую кнігу — кнігу Іава. І гэтая кніга не багатая на гістарычны матэрыял, але яна адрозніваецца цэласнасцю сюжэта і яркай вобразнасцю. Іаў заўсёды ўспрымаўся як узор лагоднасці, цярпення, пакорнасці волі Божай. Так успрымае Іава і Скарына, і ён у прадмове да кнігі звяртаецца да чытыча словамі з саборнага Паслання святога апостала Іакава, дзе маецца заклік браць прыклад з Іава. Скарына заклікае чытача задумацца над пытаннямі, чаму Бог людзям добрым і праведным часам дапускае цярпець беды і немачы, а злым і несправядлівым дае шчасце і здароўе і які будзе канчатковы лёс добрых і злых.

Жаданне прынесці духоўнае суцяшэнне пакутлівым душам і заклікаць чалавека да глыбокага роздуму над жыццём і было прычынай выдання кнігі Іава. У канцы прадмовы Скарына піша: «І таму я, Францішак, Скарынін сын з Полацка, у лекарскіх навуках доктар, ведаючы тое, што найвышэйшая мудрасць — гэта роздум пра смерць і пазнанне самога сябе, і памяць пра будучыя рэчы, загадаў надрукаваць кнігу святога Іава на рускай мове Богу на пашану і простым людзям для навучання».

Да канца 1517 года Ф. Скарына выдае Прытчы Саламона і кнігу Іісуса, сына Сірахава. Абедзве кнігі — вучыцельныя. У прадмовах да іх матывуе выданне жыццёвай неабходнасцю: «Без страху Божага, без мудрасці і без добрых звычаяў немагчыма дастойна і нармальна жыць людзям на зямлі».

Каб выхаваць у грамадстве страх Божы, каб навучыць людзей той мудрасці, якая паходзіць ад Бога, і добрым звычаям, якія грунтуюцца на запаведзях Божых, Скарына і друкуе Прытчы Саламона «найперш дзеля пашаны і пахвалы Стварыцелю, Спасіцелю, Уцяшыцелю Богу, у Троіцы адзінаму, і Прасвятой, Найблагаславеннейшай, Прачыстай Маці Яго і ўсім нябесным чынам і святым угоднікам і ўгодніцам Божым, а затым людзям простым, звычайным на карысць і дзеля памнажэння добрых звычаяў, каб, навучыўшыся мудрасці, добра жывучы на свеце, Міласцівага Бога хвалілі адпаведна таму, як належыць вялікай вышыні і магутнасці Яго святога імя». І з якім благагавеннем і пашанай Скарына згадвае пра Бога, пра Прачыстую Багародзіцу і пра святых угоднікаў Божых!..

У 1518 годзе ў Празе Скарына выдае: Эклезіяст, Песню Песняў, кнігу Прамудрасці Саламона, кнігу Царстваў і кнігу Іісуса Навіна. Але за гістарычныя кнігі Скарына бярэцца толькі пасля таго, як закончыў выданне вучыцельных кніг.

Кніга Песня Песняў у свецкай літаратуры называецца часта паэмай пра каханне і па форме сваёй сапраўды такой з’яўляецца. Некалі ў старажытнасці былі нават сумненні ў яе кананічнасці. Але па глыбінным змесце гэта кніга пра Бога і Царкву. У прадмове Скарыны да Песні песняў мы знаходзім глыбокае праваслаўнае разуменне духоўнага сэнсу кнігі. «З гэтай песні Саламонавай мы ясна можам зразумець найвялікшую і невымоўную міласць і любоў Божую, якую Ён меў да нас, грэшных. Бо Ён не пагрэбаваў сысці на зямлю з найвышэйшага прастола Свайго. Як каханак да каханай сваёй, або як жаніх да нявесты сваёй, так і Хрыстос да Царквы Сваёй прыйшоў, калі ўцялесніўся ад Прачыстай Дзевы, Маці Сваёй Марыі.…І гэты шлюб адбыўся ў час распяцця Госпада нашага Іісуса Хрыста, калі Ён вісеў на Крыжы і сказаў: “здзейснілася”. Вось там Ён павянчаўся з Царквою Сваёю і потым аддаў дух Свой у рукі Богу, Айцу Свайму».

У грунтоўнай прадмове да кнігі Іісуса Навіна аўтар перш за ўсё знаёміць чытача з галоўным персанажам кнігі — правадыром ізраільскага народа Іісусам Навінам, які ўвёў старажытных яўрэяў у зямлю абетаваную. Скарына таксама ўказвае, што абетаваная зямля мае правобразнае значэнне: «Гэтая зямля азначае Царства Нябеснае і горні Іерусалім. Бо як Іісус, сын Навіна, увёў народ ізраільскі ў зямлю абетаваную, так Іісус, Сын Божы, увёў веруючых у Яго ў Царства Нябеснае, якое з’яўляецца зямлёю жывых».

Вельмі змястоўная таксама прадмова да кнігі Выхад, у якой першадрукар разважае пра значэнне кнігі для нас, хрысціян. Адным з самых важных правобразаў кнігі Выхад Скарына лічыць неапалімую купіну. Вядома, што такой назвы ў біблейскім тэксце няма. Сам Скарына, перакладаючы кнігу Выхад, замест царкоўнаславянскага слова «купина» ужывае слова «кустъ». Словазлучэнне «неопалимая купина» — гэта ўстойлівы выраз з праваслаўнага богаслужэння. Ужыванне Скарынам гэтага спалучэння сведчыць пра веданне ім праваслаўнага богаслужэння, а раскрыццё гэтага правобраза ў прадмове выяўляе жаданне першадрукара дапамагчы чытачу больш глыбока разумець не толькі біблейскі тэкст, але і царкоўную службу. Скарына піша: «Купіна неапалімая, у якой явіўся Бог Маісею, гэта значыць куст зялёны, які гарэў і не згараў, ясна паказвала зачацце без семені Сына Божага. Ён прайшоў улонне Прачыстай Дзевы, як сонца праз шкло, не парушаючы замкнёнай дзявоцкасці Яе, як усклікаў прарок: “Вось, Дзева ва ўлонні зачне і народзіць Сына, і будзе дадзена імя Яму — з намі Бог”».

У той жа прадмове Скарына ўказвае і на іншыя правобразы, якія маюцца ў кнізе Выхад: «Пасхальнае ж ягня яўна ўказвала на нявінную муку Госпада нашага… Пераход жа сыноў Ізраілевых пасярод Чырвонага мора ўказваў на хрышчэнне ў Хрыстову веру… А манна з неба і вада з цвёрдага каменя, дадзеныя яўрэям у пустыні, абазначалі святыню Цела Хрыстовага, нам пакінутую на зямлі для спасення душы».

Апошні свой тэзіс Скарына падмацоўвае спасылкамі на шосты раздзел Евангелля паводле Іаана, прыводзячы адтуль словы Спасіцеля пра Хлеб Нябесны, нагадвае нам, што дзеля спасення душы ўсім неабходна прычашчацца святыні Цела Хрыстовага.

Падрабязнай прадмовай Скарына суправаджае таксама кнігу Левіт. Там ёсць адна кароткая заўвага асабістага характару. Скарына піша, што ў далёкія часы людзі прыносілі Богу розныя ахвяры: валоў, ягнят, казлоў, але бедныя часта не маглі аддаць у ахвяру ўкормленае цяля, і тады яны прыносілі Госпаду ўсяго толькі невялічкую меру («мерицу») пшанічнай мукі. І працягвае: «Так і мы, браты, паколькі не можам чымсьці вялікім паслужыць простаму люду рускай мовы, прыносім яму гэтыя малыя кніжкі працы нашай».

У гэтых кароткіх словах Скарыны — усведамленне таго, што яго выдавецкая дзейнасць, кнігі, якія ён друкуе, — свайго роду ахвяра, прынашэнне, служэнне Богу.

Як хрысціянін і чалавек высокай духоўнай культуры, Скарына быў не проста сціплым — у ім можна заўважыць і больш глыбокую рысу характару, якая на царкоўнаславянскай мове называецца словам «смирение», а на беларускую звычайна перакладаецца словам «пакорлівасць». Немагчыма не заўважыць сапраўднага хрысціянскага смірэння Скарыны, калі ў канцы сваёй прадмовы да ўсёй Бібліі ён піша: «Гэтых кніг усёй Бібліі я паводле малога розуму майго коратка выклаў змест. А калі я ў чым памыліўся, то вы, разумнейшыя, папраўце, прашу вас дзеля Бога і дзеля ўсеагульнага дабра».

Скарына часта нагадвае сваім чытачам, што важна не проста ведаць Свяшчэннае Пісанне — важна жыць паводле таго закону, які людзям даў Бог. Параўноўваючы ў прадмове да кнігі Другазаконне Стары Запавет з Новым Запаветам, ён падкрэслівае перавагу апошняга і дадае: «Таксама Маісей тым, хто захоўваў стары закон, не абяцаў нічога, акрамя зямлі добрай, што цячэ малаком і мёдам. А наш Спасіцель Іісус Хрыстос абяцае тым, хто выконвае новы закон, святое Евангелле, — адпушчэнне грахоў, міласць Божую, дары Духа Святога, жыццё вечнае, Царства Нябеснае…».

У сваіх прадмовах да біблейскіх кніг Скарына часта выступае не толькі ў якасці экзегета, але і ў якасці тэкстолага. Напрыклад, у прадмове да кнігі святога прарока Данііла Скарына заўважае, што яўрэйскі тэкст гэтай кнігі меншы па аб’ёме, чам грэчаскі і лацінскі, і ўказвае, якія іменна сюжэты ў яўрэйскім тэксце адсутнічаюць; у грэчаскім і лацінскім тэкстах яны ёсць дзякуючы перакладчыкам.

Асноўны змест гэтай прадмовы ў тым, што Скарына тлумачыць найважнейшыя прароцтвы святога Данііла. Звернем увагу на адно з іх, якое знайшло сваё адлюстраванне ў літургічных тэкстах Праваслаўнай Царквы. Вось як яго пераказвае Скарына: «Камень без дапамогі рук адсёкся ад скалы і паразіў выяву і сцёр яе ў прах, сам жа вырас вялікі і напоўніў увесь свет. Гэта азначала зачацце нашага Спасіцеля Іісуса Хрыста без семені ад Прачыстай Дзевы Марыі і тое, што Ён сцёр сілу дыявальскую і напоўніў увесь свет святым Сваім Евангеллем, і Царства Яго — вечнае».

Тут вельмі важна звярнуць увагу на тое, што гэтае прароцтва ў самой кнізе святога прарока Данііла тлумачыцца больш агульна, і толькі ў богаслужэбных тэкстах набывае больш канкрэтнае ўказанне на Хрыста і Багародзіцу, і іменна такое тлумачэнне, што абапіраецца на царкоўнае богаслужэнне, прыводзіць у сваёй прадмове Скарына. Пра царкоўнасць Скарыны сведчыць і яшчэ адна дэталь у гэтай прадмове: ён згадвае пра «Животворящий Крест» і кажа, што праз напісанне і знак («написом и знамением») святога Крыжа адымаецца «вся моц бесовская».

Галоўнае ў кожнай біблейскай кнізе — гэта яе ўрок усім нам, сённяшнім чытачам. Біблія — кніга вечная. Гэта Скарына глыбока адчувае сам і хоча дапамагчы чытачам, для якіх ён выдае кнігі Свяшчэннага Пісання, успрыняць іх вечны сэнс. У кнізе Суддзяў ён яго бачыць так: «А гэта дадзена для навучання нам, хрысціянам: калі мы грашым перад абліччам Божым, то ўмацоўваюцца ворагі нашы духоўныя, гэта значыць дэманы, і ворагі фізічныя, гэта значыць язычнікі. Калі ж мы каемся ў грахах сваіх, то пасылае нам Гасподзь Бог пастыраў і вучыцеляў, якія навучаюць нас супрацьстаяць дэманскім спакусам, а таксама князёў і ваявод добрых, якія абараняюць нас ад рук язычнікаў; бо міласэрнасць Бога — напагатове для ўсіх, хто кліча Яго ўсім сэрцам».

Гэтыя словы — духоўны запавет Скарыны.

Протаіерэй Сергій ГАРДУН, прафесар Мінскай духоўнай акадэміі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».