Вы тут

На 91-м годзе жыцця памёр перакладчык і мастак Гао Ман


У гісторыі беларуска-кітайскіх літаратурных адносін былі розныя часіны. Пачатак, вытокі летапісу мастацкіх повязяў — у «нашаніўскім» перыядзе, калі газета надрукавала ці то паданні, ці то легенды ў перакладзе будучага акадэміка і рускага кітаіста М. Аляксеева. Вось так здарылася, што пераклаў на беларускую... Пасля была цікавасць Уладзіміра Дубоўкі да кітайскага мастацкага свету ў 1920-я... У 1930-я гады наведаўся ў Мінск кітайскі рэвалюцыйны паэт Эмі Сяа. Інфармацыйны газетны след пра гэтую сустрэчу кітайскага творцы застаўся і на адной са «звяздоўскіх» палос даваеннага часу. Пра гэта трэба расказваць асобна і падрабязна. 1949 год. Перамога камуністычных сіл у Кітаі нарадзіла новую хвалю цікаўнасці. Перакладчыкамі кітайскай літаратуры, кітайскіх народных казак (зразумела, праз рускую мову) зрабіліся пісьменнікі самыя розныя — Васіль Вітка, Мікола Татур, Лідзія Арабей, Янка Брыль, Сяргей Міхальчук, ды шмат хто яшчэ. І беларусаў пачалі выдаваць у Кітаі таксама. З таго часу займеў сваё ўяўленне пра Беларусь і Мінск (наведаўся ён да нас у 1956 годзе) перакладчык і мастак Гао Ман.


Прыйшоў і новы перыяд — у канцы 1990-х, на пачатку 2000-х... Цяпер ізноў выходзяць кнігі кітайскіх аўтараў па-беларуску. І перакладаюць ужо паэзію Мэн Хаажаня, Ван Гачжэня, Лі Цінчжаа, Вэнь Ідо, Сюй Чжымо з арыгінала альбо з дакладных падрадкоўнікаў, зробленых маладымі беларускімі кітаістамі...

Нараджэннем з 1926 года (першыя свае крокі зрабіў у Харбіне, рускай мове вучыўся ў белаэмігрантаў), Гао Ман па зразумелых прычынах найперш пачаў перакладаць рэчы, якія выяўлялі ідэалагічны кірунак савецкай літаратуры. Так у Кітаі з яго пераўвасаблення на кітайскую пачала ставіцца п'еса па рамане Мікалая Астроўскага «Як гартавалася сталь». Так Гао Ман пераклаў па палітычнай патрэбе славутую цэкоўскую пастанову «супраць Ахматавай і Зошчанкі», супраць ленінградскіх часопісаў і свабоднага мастацкага волевыяўлення. Пасля, праз дзесяцігоддзі, перакладчык асэнсаваў усю сутнасць тых партыйных указанняў. І з'ездзіў на магілу Ганны Ахматавай, намаляваў яе партрэт і бліскуча (так сведчаць кітайскія літаратуразнаўцы) пераклаў ахматаўскі «Рэквіем»...

З 1956 года ўзнікла цікавасць у кітайскага перакладчыка, мастака-каліграфа і да Беларусі. Ён пазнаёміўся з Максімам Танкам. Наведаў майстэрню Заіра Азгура. У сваёй пекінскай кватэры (зусім нядаўна — у маі 2015 года) Гао Ман успамінаў мне словы беларускага скульптара: «Хачу наведаць Кітай... Хачу пабываць у Кітаі...» Не паспеў. Іншымі сталі часы, іншымі зрабіліся палітычныя стасункі паміж Кітаем і Савецкім Саюзам.

У 1957 годзе Гао Ман і Максім Танк сустрэліся ўжо ў Кітаі. Перакладчык стасаваўся з беларускім паэтам шмат дзён у час яго паездкі па Кітаі. А ў 1958 годзе ў Пекіне выйшла кніга выбранай паэзіі Максіма Танка. Перакладчыкі — Гэ Баацюань і У Ланьхань (псеўданім Гао Мана).

Так, прыйшоў перыяд зацішша для беларуска-кітайскіх літаратурных стасункаў. Прыйшла ў Кітай «культурная рэвалюцыя». Гао Ман, як ўжо маштабна заявіў пра сябе як перакладчык савецкай літаратуры, аказаўся «пад прыцэлам». На шчасце, выжыў. Узначаліў рэдакцыю аўтарытэтнага часопіса «Сусветная літаратура». Пераклаў на кітайскую мову кнігу беларускіх народных казак. Напісаў некалькі артыкулаў пра беларускую культуру. Сярод іх — і невялікае сімпатычнае эсэ пра Георгія Паплаўскага як пра кніжнага графіка. У 1990 годзе ў Пекіне пабачыла свет аповесць Святланы Алексіевіч «Цынкавыя хлопчыкі» ў перакладзе Гао Мана... Лістуючыся з перакладчыкам у апошнія гады яго жыцця, я быў па-добраму ўражаны той бязмежнай радасцю, якую кітайскі сябра Беларусі выказаў у сувязі з прысуджэннем Святлане Алексіевіч Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры.

У 1980—1990-я гады і пазней Гао Ман сустракаўся ў Пекіне з беларускімі пісьменнікамі, літаратуразнаўцамі і журналістамі: Анатолем Вярцінскім, Рыгорам Барадуліным, Навумам Гальпяровічам, Інэсай Плескачэўскай, Вольгай Гальпяровіч, Аляксеем Чаротам, Марынай Каліцкай, Дар'яй Нечыпарук, Міколам Літвінавым... Для ўсіх ён знаходзіў час, нягледзячы на ўзрост і на развіццё цяжкай хваробы, якая і прывяла 6 кастрычніка 2017 года да развітання з зямным жыццём. Перакладчык расказваў не толькі пра сябе, больш расказваў пра ўласныя ўяўленні аб беларускай і савецкай літаратуры. Так, магчыма, у нечым ён застаўся чалавекам ранейшага часу. Яму цяжка было падзяліць савецкую літаратуру на нацыянальныя прасторы. Ён аднолькава моцна любіў Пушкіна і Шаўчэнку, якіх перакладаў у розныя гады. Ён з хваляваннем расказваў пра сваю работу над партрэтамі Васіля Быкава, Максіма Танка, Алеся Адамовіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Святланы Алексіевіч, Навума Гальпяровіча... І ўжо незадоўга перад смерцю ён выступіў у адной з самых тыражных газет Кітая з расповедам пра ўласныя беларускія зацікаўленні.

Светлая памяць пра светлага сябра беларускай культуры і літаратуры няхай жа застанецца ў прасторы нашай Айчыны назаўжды.

Мікола Берлеж

Загаловак у газеце: Амбасадар беларускай культуры ў Кітаі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.