Вы тут

У краіне выконваюцца амаль усе віды аперацый пры траўмах


І артапедычнай паталогіі.

У Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры траўматалогіі і артапедыі аказваецца спецыялізаваная дапамога пры траўмах, пераломах пазваночніка, таза, ніжніх і верхніх канечнасцяў. Сюды таксама накіроўваюцца пацыенты са складанымі пераломамі і ўскладненнямі з іншых абласцей. Акрамя таго, магчымасці цэнтра задзейнічаны і для аказання меддапамогі пацыентам дзевяці мінскіх паліклінік. Самыя цяжкія пацыенты дастаўляюцца сюды на рэанімабілях з усіх абласцей.


Па амбулаторную дапамогу на прыём да ўрачоў траўматолагаў-артапедаў і хірургаў штогод звяртаецца каля 2 млн чалавек. У краіне выконваецца каля 90 тысяч аперацый, праводзіцца каля 27 тысяч пункцый і блакад.

З кожным годам расце ўдзельная вага высокатэхналагічных і складаных аперацыйных умяшанняў — эндапратэзаванняў тазасцегнавога, каленнага, локцевага, плечавога і галёнкаступнёвага суставаў, артраскапічных аперацый на суставах, аперацый на пазваночніку. Укараняюцца сучасныя тэхналогіі астэасінтэзу пры пераломах, у тым ліку з выкарыстаннем айчынных металаканструкцый, распрацаваных у цэнтры траўматалогіі.

— У нашым цэнтры дзевяць аперацыйных, у якіх можна выконваць аперацыі ў тым ліку дзецям, пачынаючы з 1—2 месячнага ўзросту, — расказвае вядучы навуковы супрацоўнік РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, кандыдат медыцынскіх навук, урач траўматолаг-артапед вышэйшай катэгорыі Алег КОРЗУН. — Вось у гэтай аперацыйнай мы можам бачыць маладога пацыента, якому робяць астэасінтэз — змацаванне дзвюх касцей металічнымі канструкцыямі. Аперацыйная аснашчана маніторам, на якім хірург бачыць рэнтгенаграму. Пацыент абуджаецца адразу пасля завяршэння ўмяшання, затым яго пераводзяць на некалькі гадзін у рэанімацыю, дзе ён поўнасцю прыходзіць да прытомнасці. Аперацыя праводзіцца з мінімальнымі разрэзамі, што сёння лічыцца звычайным.

Эндапратэзаванне тазасцегнавога сустава пры пераломах выконваецца сёння і на міжраённым узроўні, дзякуючы чаму за апошнія 10 гадоў колькасць такіх аперацый вырасла па краіне амаль у 3,5 раза, а на каленных суставах — у 6. Рост умяшанняў звязаны з высокім узроўнем захваральнасці на артрыт. У Беларусі звыш 220 тысяч чалавек пакутуюць ад артрозу, з іх каля 50 тысяч знаходзяцца на дыспансерным уліку, кожны чацвёрты мае патрэбу ў эндапратэзаванні. Сярэдні тэрмін чакання аперацыі на тазасцегнавым суставе — 1,5 года, каленнага — да 2.

Да 2020 года плануецца выконваць штогод не менш за 6 тысяч эндапратэзаванняў тазасцегнавога і каля 2 тысяч каленнага суставаў.

Самыя складаныя ў тэхнічным сэнсе аперацыі — пры пераломе касцей таза, яны суправаджаюцца вялікай стратай крыві, а самыя працяглыя па часе — аперацыі пры скаліёзе (устаноўка фіксатараў па ўсёй даўжыні пазваночніка можа працягвацца ад 4 да 6 гадзін). Скаліёзы аперыруюцца прыкладна з 16 гадоў, калі закончыўся актыўны рост арганізма.

— Звычайна сталыя пацыенты з пераломамі шыйкі сцягна аперыруюцца праз 48 гадзін, аднак у снежні мінулага года мы пачалі ўкараняць новы стандарт лячэння па шпіталізацыі пацыентаў, якім аперацыйнае ўмяшанне праводзіцца ў наступныя 24 гадзіны з моманту атрымання траўмы — у першую чаргу, старэйшым за 70 гадоў, — тлумачыць загадчыца рэанімацыйнага аддзялення Вольга РАДЗЮКЕВІЧ. — Вядома, што чым больш часу праходзіць ад моманту траўмы, тым менш шанцаў на выздараўленне і выжыванне. Адразу пасля аперацыі ўсе трапляюць у наша аддзяленне, і літаральна праз 2—3 дні павінны стаць на ногі. Рэалізацыя праекта стала магчымай дзякуючы зладжанай рабоце цэлай брыгады спецыялістаў — хірургаў, артапедаў, тэрапеўтаў, неўролагаў, рэаніматолагаў. Мы вывучаем цяпер і праблемныя моманты ранніх умяшанняў. Як высвятляецца, некаторыя пажылыя пацыенты даволі дрэнна адаптуюцца да ўсяго, што так імкліва з імі адбылося: пералом, аперацыйная, рэанімацыя, тут жа трэба ўставаць, хадзіць, а вакол — усё незнаёмае. У ідэале брыгаду спецыялістаў неабходна дапоўніць і ўрачом-герантолагам, які дапаможа пераадолець сталаму пацыенту дэзадаптацыю, справіцца з пагаршэннем псіхічнага стану. Акрамя таго, варта ствараць рэабілітацыйныя медустановы менавіта для вось такіх цяжкіх пацыентаў. Існуючыя рэабілітацыйныя цэнтры скіраваны на аднаўленне людзей з патэнцыялам, працаздольных, а тут патрэбны асаблівы догляд.

Зацягнулі бацькі з аперацыяй

У дзяцей аперыруюць сёння цэрэбральны параліч, паталогію тазасцегнавога сустава (напрыклад, прыроджаныя дысплазіі) і ступні (касалапасць, плоскаступнёвасць, выроўніванне даўжыні канечнасцяў). Артапедычныя аперацыі выконваюцца ў тым жа аб'ёме і па тых жа паказаннях, што і ва ўсім свеце. Аднак ёсць і невылечныя прыроджаныя захворванні, напрыклад, недасканалы астэагенез, ломкасць касцей. Дзіцяці, якое ўжо мае больш за сотню пераломаў, штораз іх вылечваюць, аднак захворванне само па сабе нікуды не знікае.

Штогод у РНПЦ траўматалогіі лечацца каля 2,5 тысячы пацыентаў да 18 гадоў. 35—40 працэнтаў з іх атрымліваюць хірургічнае лячэнне. Самае важнае, не цягнуць са зваротам, калі ў дзіцяці праблема са здароўем. Як правіла, бацькі гэта разумеюць, але ж прыгадваюць спецыялісты і такі выпадак, калі яны паставілі гадавалай дзяўчынцы з раёна дыягназ «дысплазія» і рэкамендавалі неадкладную аперацыю, а бацькі прывезлі дзіця... праз пяць гадоў. Сказалі, часу не было.

Святлана Барысенка

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Цяжкі пералом

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.