Вы тут

Горкая памяць Шкленікова


На месцы спаленай вёскі ўжо даўно вырасла новая, але ўсё тут нагадвае пра крывавую расправу гітлераўцаў.

Як і большасць маленькіх населеных пунктаў, вёска Шкленікова, што на Мядзельшчыне, ажывае толькі летам. Зімой на з дзясятак хат застаецца двое-трое гаспадароў. А калісьці тут кахалі, нараджалі дзяцей, усёй вёскай адзначалі святы, па-суседску дапамагалі — адным словам, жылі вялікай дружнай сям'ёй. У адно імгненне шчаслівае жыццё перакрэсліла Вялікая Айчынная вайна...


Аперацыя «Фрыц»

26 верасня 1943 года з боку суседняга Княгініна ў вёску, якая знаходзіцца сярод лесу, рушыў густы ланцуг нямецкіх салдат і іх памагатых. Даведаўшыся пра гэта, жыхары Шкленікова сышлі ў балота. У хатах засталіся пераважна старыя, хворыя і інваліды.

Прыйшоўшы ў вёску, карнікі сагналі ў дом Рамана Місуны ўсіх мужчын і жанчын. Забаранілі выходзіць пад страхам смерці. Усю ноч людзі правялі без сну, чакаючы, які лёс іх напаткае. Раніцай 27 верасня фашысты пачалі сартаваць людзей. Старых, хворых, калек і тых, хто асабліва моцна галасіў, сабралі ў адно месца. Астатніх далучылі да калоны нявольнікаў, якіх меркавалася вывезці на катаржныя работы ў Германію. Людзей, што засталіся, гітлераўцы разводзілі па хлявах і гумнах, дзе спакойна расстрэльвалі з аўтамата, дабіваючы пісталетнымі выстраламі.

У хляве Віктара Чарняўскага забілі Аляксандра, Кацярыну і Аўдоццю Чарняўскіх. Да будынка школы прывялі Адама Грышкевіча, які паскардзіўся на холад. «Хутка сагрэешся», — усміхнуўся адзін з гітлераўцаў і прашыў чалавека аўтаматнай чаргой. Затым Адама паклалі на дровы і падпалілі — «сагрэлі»...

Хрысціна Малько, якая з дзіцячых гадоў была інвалідам, схавалася пад печ у сваёй хаце. Не ведала яна, што загіне ў жудасных пакутах: была спалена жывою. Не пашкадавалі фашысцкія каты і Ксенію Іглінскую з дачушкай Юзэфай, якія вярталіся з суседняй вёскі...

Пасля крывавай расправы над людзьмі гітлераўцы спалілі вёску. 58 дамоў і ўсе гаспадарчыя пабудовы згарэлі дашчэнту. Загінула 16 мірных жыхароў.

Ужо потым гісторыкі скажуць: гэта была гітлераўская аперацыя пад назвай «Фрыц», якая знішчала ўсё на сваім шляху ад Браслава да Вілейкі. Некалькі дзясяткаў нямецкіх салдат, знятых з фронту, з аднаго боку, вялі буйнамаштабныя баявыя дзеянні супраць партызан, з другога — наведвалі вёскі і самым жорсткім чынам знішчалі мірнае насельніцтва.

— У тыя часы на Мядзельшчыне было спалена 68 вёсак, — расказвае старшыня Мядзельскага раённага Савета дэпутатаў Алег Бароўка. — Некаторых з іх спасціг лёс Хатыні. 3848 чалавек было забіта або спалена, каля трох тысяч жыхароў вывезена на прымусовыя работы ў Германію. Усё, несумненна, рабілася дзеля таго, каб зламаць галоўнае — дух народа, пасеяць страх, хоць гэтым як-небудзь прымусіць паважаць або баяцца новую ўладу. Да вызвалення заставаўся няпоўны год. Але нават такімі жорсткімі дзеяннямі ворагу не дадзена было змяніць або адцягнуць свой цяжкі і ганебны гістарычны канец.

Гавораць сведкі...

У памяць пра забітых жыхароў у Шкленікове за савецкім часам паставілі помнік. Штогод, у гадавіну трагедыі, у вёсцы шматлюдна.

— Тут ляжыць мая спаленая бабуля, — змахваючы хустачкай слёзы, пачынае гаворку Уладзіслава Бярняк. — Чарняўскіх на помніку — шэсць чалавек. Напэўна, было данесена, што сын у партызанах. Калі вёску спалілі, дзядзька прыйшоў з Пількаўшчыны з сябрамі. Маці пазнаў па кавалачку світара... Сабраў костачкі і пахаваў. Калі назаўтра прыйшоў з сябрамі да нас (мы жылі за Мядзелам), размаўляць ужо не мог. За яго гаварылі таварышы... Развітаўся з маёй мамай і пайшоў на фронт. Загінуў пры вызваленні Польшчы.

У той дзень, калі палілі вёску, дзядулю Уладзіславы ўзялі ў абоз — разам з малодшай дачкой, якой і 15 гадоў не было, пагналі ў Германію. Але з Лынтупаў, куды прывялі зняволеных, ён уцёк. «Або яго адпусцілі, не ведаю, — удакладняе Уладзіслава Міхайлаўна. — Ён вярнуўся да нас. Два дні пабыў і пайшоў сюды, у Шкленікова, на папялішча. Трое сутак там прабыў, назад ужо дайсці не мог. Каля Мікульцаў падабраў дзядулю чалавек і прывёз на кані. Тры дні дзед гарэў у тэмпературы, затым памёр. Відаць, не мог перажыць убачанага».

Таццяне Чарняўскай, якая дагэтуль жыве ў Шкленікове, калі палілі родную вёску, было ўсяго тры гады. «Малая была, мала што помню, — прызнаецца жанчына. — Нас з братам і маму павезлі ў Германію. Бацькі ў хаце тады не было, варожая куля знайшла яго ў 1945-м». Неўзабаве, восенню, на радзіму вярнуліся і яны.

— Прыйшлі ў вёску, а тут — ні кала, ні двара, — узгадвае жыхарка Шкленікова. — Зямляначку недалёка зрабілі, некаторы час так і жылі. А потым нейкую хатку зляпілі. Цяпер я адна засталася. Брат ужо сем гадоў як памёр.

На гадавіну трагедыі роднай вёскі 83-гадовы Эдвард Чарняўскі прыехаў з Вільнюса, дзе жыве ўжо шмат гадоў. Спыніўся ў бацькоўскай хаце — той, якую адбудавалі ўжо пасля вайны. Першая хата, а таксама ўсё, што там было, згарэла ў той ракавы дзень. У полымя цудам не трапіў і Эдвард.

— Калі да нас у вёску першы раз прыехалі немцы, усе сышлі на балота, — расказвае сведка тых падзей. — Гэта было тыдні за два, як яе палілі. Мы сядзелі ў лесе, і знайшоўся чалавек, які прывёў да нас немца. Нас усіх вывелі на лясную сцежку і выставілі ў рад. З двух бакоў стаялі кулямёты. Ніхто не сумняваўся: зараз расстраляюць. Але, відаць, нешта пайшло не так, і нас адпусцілі.

Другі раз пашанцавала менш. Усю ноч гітлераўцы бясчынствавалі, а раніцай вывелі жыхароў у сярэдзіну вёску. «І тут зрабілі сартаванне: працаздольных, з малой колькасцю дзяцей (адзін ці два) — у адно месца, старых і нямоглых — у іншае, — узгадвае Эдвард Станіслававіч. — Апошніх завялі ў хату з саламяным дахам, гітлераўцы паднеслі факел — дом успыхнуў як запалка. Мы ішлі і ўсё гэта бачылі. На нашых вачах знішчалі родную вёску, а мы нічога не маглі зрабіць...»

У Германію сям'я Эдварда не трапіла. У касцёле ў Лынтупах, дзе асуджаныя на катаржныя работы чакалі наступных указанняў, ноччу ім нехта адчыніў дзверы. Пакінуць будынак адважыліся самыя смелыя.

Вестка пра тое, што ў суседняй вёсцы здарылася трагедыя да недалёкай адсюль Наўрані даляцела імгненна. Жыхары суседняй вёскі баяліся, што іх напаткае такі ж лёс. Неяк абышлося...
Зінаіда Малько трапіла ў Шкленікова ў 1961 годзе: адсюль быў муж. Яго сям'і, дарэчы, таксама пашчасціла. У той дзень, калі палілі вёску, свякроўка хавалася з дзецьмі ў лесе, свёкра забралі ў Германію. Пасля вярнуўся.

Гэтыя пасівелыя жанчыны — апошнія жыхары вёскі, што зведала пакуты. У кожнай з іх — свой клопат: куры, козы, калі-нікалі прыязджаюць дзеці. Але ёсць тое, што іх аб'ядноўвае. Яны могуць не памятаць, што рабілі ўчора, а часам з цяжкасцю ўзгадваюць імёны праўнукаў. Затое ніколі не выкрасліць з памяці той вераснёўскі дзень 1943 года...

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Мядзельскі раён

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».