Вы тут

Што расце ў садах Інстытута пладаводства НАН Беларусі?


Парэчкі і агрэст адышлі, год выдаўся няяблычны... І ці не са жніўня мы сядзім без салодкіх вітамінаў... Давайце выпраўляць становішча, сёння можна ствараць такія ўчасткі, якія будуць радаваць пладамі да самых маразоў. Калі я выбралася ў сады Інстытута пладаводства НАН Беларусі, была ўражана, колькі ўсяго можна назбіраць восенню.


— Бузіна багата каліем, мікраэлементамі, гэта цудоўны фарбавальнік для яблычных сокаў, — паказваюць мне расліну, пакрытую гронкамі з дробных чорных ягад.

Уражвае сваім колерам гранатавая рабіна (гэта культура з'явілася ў выніку скрыжоўвання ароніі і звычайнай рабіны). Невысокая, дэкаратыўная і непатрабавальная, яна добра пачувала б сябе на любым участку.

Верасень — час для збору кізілу. Не трэба думаць, што гэта выключна паўднёвая расліна, і тыя, каму спадабаліся кампоты і пасціла з гэтых цудоўных пладоў, з цягам часу могуць рабіць іх і ў Беларусі. Кізіл цудоўна ў нас расце.

Ну а прыгажуню каліну наогул ужо пачалі выкарыстоўваць у якасці дэкаратыўнага элемента. Вясной яна цешыць раскошным цвіценнем, а бліскучыя ягады можна збіраць і ў кастрычніку. Між іншым, лепшага прыроднага болесуцішальнага сродку не прыдумаеш, а яшчэ яна добрая для тых, у каго праблемы з ціскам. Так, ягады каліны гарчаць, трэба яшчэ ведаць як іх падаць. На Урале, напрыклад, каліну змешваюць з мёдам, начыняюць пірагі, цудоўны з яе морс. Дарэчы, першыя 2—3 гады пасля пасадкі каліна «прыглядаецца» да новых мясцін: здаецца, замерла і не расце, а пасля пабегі «выстрэльваюць», і ўжо на чацвёрты год яна аддзячыць ураджаем.

— Незаслужана ў нас абыходзяць увагай актынідыі аргуту і каламікту. Гэта ліяны. Асаблівасць раслін у тым, што ім патрэбна пара (можна чатыры жаночыя расліны, адну мужчынскую). Галоўныя ворагі актынідыі — каты. Карані яе пахнуць валяр'янкай. Жывёлы разграбаюць маладыя пасадкі, і ў выніку зімой расліна можа загінуць з-за парушанай каранёвай сістэмы. Таму раім садаводам агароджваць актынідыі металічнымі сеткамі. У астатнім расліна не патрабуе асаблівага догляду, выдатна зімуе, — расказвае загадчык лабараторыі генетычных рэсурсаў ягадных культур Інстытута пладаводства Людміла Фралова, і папаўняе нашу кашолку зялёнымі пладамі (дарэчы, вельмі салодкімі, натуральна, смак як у ківі).

Гронка каліны, рэмантантная маліна, барбарыс, глог, шыпшына, аронія. Вось яны — колеры восені. Эх, выкласці б такое багацце дзе на прылаўку і ладзіць дэгустацыю. Ці змогуць людзі адгадаць, чым іх частуюць? Напрыклад, што гэта за авальная ягадка, якая па смаку так нагадвае вішню, чарэшню (кізіл)? А гэты жоўты «яблычак» насамрэч — плод хенамелеса, і, калі ласка, не зблытайце ажыну і шаўкоўніцу...

І чаму б пры закладцы саду не звярнуць увагу на такія навінкі?

— А якія з культур увосень не садзяць? — цікаўлюся ў Людмілы Уладзіміраўны.

— Саджанцы з закрытай каранёвай сістэмай, можна садзіць на працягу ўсяго сезона. А калі яны з адкрытай каранёвай сістэмай, як правіла, большасць пасадак прыпадае на восень. Проста тут у нас больш часу (і асноўныя работы на агародзе зроблены, і расліна знаходзіцца ў стане анабіёзу). У нашым распараджэнні каля паўтара месяца (з канца верасня і ўвесь кастрычнік). А вясной у нас — усяго пара тыдняў ці меней, пры хуткім пацяпленні расліны прачынаюцца. Часам людзі садзяць іх ужо з лістамі, якія пасля пажадана абстрыгчы, атрымліваецца, расліна на іх рост дарэмна патраціла пажыўныя рэчывы. Увосень не рэкамендуем садзіць актынідыю і ажыны. Нагадаем, што ажыны абавязкова трэба зімой укрываць, гэта датычыцца і дарослых раслін, што ўжо казаць пра маладзенькія.

— Толькі людзі разабраліся з градамі і вырашылі частку агарода пусціць пад сад. Ці можна садзіць ягаднікі, напрыклад, пасля бульбы?

— Лепшыя папярэднікі для ягадных культур — зяленіўныя (кроп, пятрушка), бабовыя, часнок, цыбуля, таксама кветкі — календула і аксаміткі (яны выдатна «чысцяць» зямлю, напрыклад, ад нематоды). А пасля тамата і бульбы лепш адразу сады не садзіць, а засеяць зямлю седэратамі. Для культур, якім патрэбны жаночыя і мужчынскія формы (такім як актынідыя, абляпіха), трэба ўлічваць ружу вятроў, каб сама прырода садзейнічала іх апыленню. А вось у глухіх месцах лепш уладкаваць ажыны.

— Што будзе расці ў цені, пад яблынямі?

— Практычна ўсе культуры любяць святло, у тым ліку ягадныя. Трэба загадзя планаваць участак, выбіраць расліны на карлікавых (паўкарлікавых) падвоях. Цяпер ёсць і грушы, вішні, слівы на клонавых падвоях. Вельмі добрыя каланавідныя яблыні, іх можна выкарыстоўваць замест агароджы. Таксама трэба памяншаць крону дрэў, фармаваць расліну, каб займала мінімум плошчы. Трэба мяняць менталітэт: сёння, калі моцна абрэзаць дрэва, бабулі будуць стаяць і плакаць. Але чым больш мы рэжым, тым буйнейшыя плады. Трэба працаваць не на колькасць, а якасць. Тое ж і з рэмантантнай малінай, напачатку людзі лічылі ці ні дзікунствам, што яе трэба абразаць пад нуль. Дарэчы, такія абрэзкі можна рабіць і восенню, і вясной. Побач з малінай можна пасеяць белую канюшыну, яна невысокая і не «дадае» праблем з кашэннем, да таго ж прыцягвае пчол. Дарэчы, маліну не трэба садзіць у міжраддзях пладовага саду — расліне з паверхневай каранёвай сістэмай будзе дрэнна. У міжраддзях яблыневага саду лепш пасадзіць парэчкі.

— Якія культуры варта «сяліць» на ўчастку побач з рэчкай?

— Ідэальна пасадзіць там парэчкі, бо ўжо ў самой назве расліны закладзена, дзе яна расце. Так, гэта культура менш патрабавальная да ўрадлівасці глебы, але больш «уважлівая» да вільгаці. На жаль, сёння людзі забываюцца на чырвоныя і белыя парэчкі, а такі багаты пектынамі прадукт яшчэ трэба пашукаць. Калі ёсць магчымасць наладзіць паліў, выдатна каля рэчкі сябе будуць адчуваць суніцы. А вось ажынам каля вады будзе холадна.

— Ці трэба ўкрываць маладыя пасадкі?

— Як правіла, людзі не ўкрываюць тое, што садзяць восенню. Але што трэба зрабіць абавязкова, дык гэта замульчыраваць глебу. Мульча бывае арганічная (салома, сена, льнокастры, кара дрэў, апілкі, лузга грэчкі, торф, скошаная трава, лісце) і неарганічная (спанбонд, плёнкі, агратканіна, сярод новага кірунку — плёнкі, якія самі раскладаюцца).

— Калі азот унесці пры асенняй пасадцы, як гэта можа адбіцца на расліне?

— Па-першае, можна апячы карані, пры пасадцы любое ўгнаенне трэба абавязкова перамяшаць з глебай. Кожная гранула — гэта найвысачэйшыя канцэнтрацыі рэчыва, калі яна трапляе на маладзенькія карэнчыкі, гэта ўсё адно, што чалавеку на руку капнуць кіслатой. А яшчэ азот за зіму вымываецца — лічыце, што проста дарэмна патрацілі грошы. Акрамя таго, азотнымі ўгнаеннямі вы можаце стымуляваць рост раслін, калі гэтага не трэба. Калі зацяжная восень, расліна будзе вегеціраваць, а не рыхтавацца да зімы. Так, калі падкарміць бружмель, ён пачне паслухмяна развівацца. Гэта культура хутка засынае і рана прачынаецца. Калі ў лютым бываюць адлігі, яна можа пачаць вегеціраваць, квітнець. А з вяртаннем маразоў усё гіне. Пазней яна можа зноў выпусціць кветкі, але ўжо менш, бо сілы былі раней дарэмна патрачаны. Але, дзякуючы селекцыянерам, мы ўжо маем два айчынныя сарты бружмелю, адаптаваныя да нашага клімату.

— Ці ёсць іншыя перавагі ў асенняй пасадцы, усё ж калі мы набываем саджанец у такі час, можам бачыць лісты, і меркаваць па іх пра здароўе расліны...

— Важна глядзець не на лісты, а на карані, каб яны былі неперасохлыя, без уздуццяў, каб былі развіты (звярніце ўвагу і на скелетныя, і на маладыя карані, што адрастаюць). Наземная частка расліны павінна быць без паломаў, трэшчын. Калі пашкодзіўся стволік, ранку трэба замазаць садовым варам ці фарбай. А вось лістоў на саджанцы не павінна быць. Яны дарэмна з расліны забіраюць вільгаць. Калі вы ўсё ж купілі матэрыял з лістамі, абарвіце іх і абавязкова перад пасадкай апусціце карані расліны ў ваду. Многія расліны можна ўкараціць (дарэчы, гэта абароніць і ад крадзяжу ў тых мясцінах, дзе злодзеі выкопваюць навасадкі). Нават парэчкам асенняя «стрыжка» не пашкодзіць, а абрэзаныя галінкі можна пусціць на чаранкі, укараніць. Абавязковы паліў пасля пасадкі, нават пасля дажджу, — так усе пустоты выйдуць і зямля ляжа па каранях. Некаму можа падацца дзіўным, што ў кастрычніку, калі дрэвы і кусты стаяць голыя, іх трэба паліваць. Але пры сухой восені такія вільгацезарадныя палівы вельмі карысныя для раслін. Нездарма людзі не любяць, калі мароз на голую зямлю кладзецца, справа тут не столькі ў снезе, колькі ў тым, што ён утрымлівае вільгаць.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dziadziula@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Смак восені

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».