Вы тут

Чым здзівіць гледача трэці «Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам»?


З сённяшняга дня пачала работу найбуйнейшая ў Беларусі выстаўка-продаж сучаснага мастацтва «Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам». Арт-праект трэці раз прадстаўляе ў Мінску шырокую панараму творчасці маладых беларускіх мастакоў.


Твор Настассі Балыш, 2017 г.

У праекце бяруць удзел каля 140 мастакоў ва ўзросце ад 18 да 40 гадоў, адабраных прафесійным журы на аснове пададзеных электронных заявак. Да ўдзелу ў выстаўцы актыўна запрашаліся дзяржаўныя і прыватныя галерэі з усёй рэспублікі.

— На першым восеньскім салоне не было прадстаўлена ніводнай беларускай галерэі, на другім мы супрацоўнічалі з сямю галерэямі, сёлета ў рэалізацыі выстаўкі ўзялі ўдзел чатырнаццаць галерэй, — расказаў куратар карпаратыўнай калекцыі ААТ «Белгазпрамбанк», кандыдат мастацтвазнаўства Аляксандр Зіменка. — Мы далі магчымасць галерэям самім ствараць экспазіцыю твораў. Таму ў афармленні праекта глядач можа ўбачыць вытанчаныя пляцоўкі, каляровыя фоны, стыльныя стэнды. Важна, што сёлета галерэі больш актыўна ўдзельнічалі ў працэсе, таму што задача «Восеньскага салона з Белгазпрамбанкам» — спрыяць фарміраванню арт-рынку Беларусі, у якім будуць прадстаўлены і галерэі, і асобныя аўтары.

Арганізатары адзначаюць: спалучаць эканамічны і творчы патэнцыял — цікава. І ў гэтым ёсць сэнс, хоць бы таму, што глядач, калі звяртае ўвагу на цану работы, пачынае разумець, як ацэньваецца сёння беларускае мастацтва. Да таго ж сёлета мастакі больш рацыянальна падышлі да пытання вызначэння кошту работ: калі цана твораў не завышана, то і пакупнікі ахвотней набываюць работы.

Ганна Сілівончык «Тычынкі і песцікі», 2017 г.

Сёлета «Восеньскі салон» будзе раўнамерна складацца з выставачнай і адукацыйнай частак. Увогуле, салон становіцца доўгачаканай падзеяй.

— У экспазіцыі прадстаўлены творы, якія закранаюць самыя розныя тэмы. Мы заўважылі, што да салона расце цікавасць не толькі з боку гледачоў, але і з боку аўтараў, — падкрэсліў Аляксандр Зіменка. — Больш як чатырыста заявак паступіла сёлета. Некаторыя аўтары ўдзельнічаюць трэці раз. Але ў спісе ўдзельнікаў — вялікая колькасць новых імёнаў. Летась нас крытыкавалі за тое, што на выстаўцы быў прадстаўлены твор, на якім намаляваны бэз. Людзі аргументавалі гэта тым, што «Восеньскі салон» — выстаўка сучаснага мастацтва. Я б хацеў адзначыць, што мы не пазіцыянуем выстаўку менавіта з пункту гледжання сучаснасці, гэта ў першую чаргу выстаўка-продаж маладых мастакоў, якія працуюць у розных кірунках мастацтва. Таму мы не аддаём перавагу таму ці іншаму жанру. Калі аўтар працуе ў рэалістычнай манеры, чаму не? Тым больш, калі знаходзіцца глядач і пакупнік, якому цікавы такі падыход. Менавіта ў гэтым і заключаецца задача арганізатараў — паказаць, што ў нас ёсць розныя мастакі.

Пераможцам праекта, якіх вызначыць міжнароднае экспертнае журы, будзе аказана падтрымка ва ўдзеле ў інтэрнацыянальным Восеньскім салоне ў Парыжы, які пройдзе на Елісейскіх палях у кастрычніку 2018 года.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Сумяшчэнне творчага і эканамічнага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».