Вы тут

Апантаны радзімай


Дваццаць гадоў мінула, як узышла на нябёсы душа зямнога вандроўніка Міхася Раманюка, мастака, этнографа, даследчыка, збіральніка, — зорная постаць беларускага Адраджэння.

Душа здзейсніла сваё наканаванне, спраўдзіла задачы не толькі свае, але і шматлікіх іншых, каму не пашанцавала з пераборлівым спадарожнікам-сумленнем, чый зямны кон не прынёс плёну і застаўся пустацветам.

Тое, што іншыя разбуралі, ён абараняў. Тое, што іншыя раскідвалі, ён збіраў. Тое, што іншыя прадавалі, ён зберагаў і захоўваў.

Ён сабраў «беларускі космас» нацыянальнага традыцыйнага строю і тым здзівіў не толькі Парыж і Ліён, але і саміх беларусаў.

Назвы кінутых і забытых вёсак ён перанёс у свае кнігі.

Хойніцкі абшар, патрапіўшы ў зону радыяцыйнага адчужэння, нема галасіў мёртвымі дрэвамі і пустымі вёскамі. Ён выратаваў адзіны і адзінкавы ў свеце скарб — непаўторнае аблічча матэрыяльнай культуры гэтага краю. Аўтэнтычнасць беларускай жанчыны набыла сімвал Беларусі дзякуючы яму.

Сакральнасць беларускіх крыжоў, надмагіллі, пахавальныя абрады беларусаў упершыню былі засведчаны ім перад усім светам — унікальнымі фотаздымкамі і фактамі. Архіўныя матэрыялы, далікатныя і змястоўныя аўтарскія тэксты пазбаўляюць сэнсу спрачацца і сумнявацца ў старажытнасці паходжання народа, да якога ён належыць. Не пакідаюць падстаў сумнявацца ў адметнасці і ні да чаго не падобнай ментальнасці, глыбокай укаранёнасці і сакральнасці культуры беларусаў. Глядзіш на тыя крыжы, строі, ручнікі, твары і міжволі задумваешся: ці не з’яўляецца беларускі народ носьбітам нейкіх неверагодных ведаў, закансерваваных і закадзіраваных да пары ў строга і непахісна ўсталяваных невядома кім абрадах і рытуалах?

Мова. Прыярытэт беларускай культуры. Прыярытэтнай яна была і ў жыцці Міхася Раманюка. Прыярытэтным было і беларускае мастацтва: нацыянальнае як самакаштоўнасць і неад’емная частка мастацтва сусветнага.



Міхась Раманюк

Пражыць 53 гады. Застацца ў завершаных справах. Застацца ў зморшчынах падзей няпростага часу са сваім народам і дараваць яму сваё запозненае прызнанне. Жыць у краіне Беларусь і цярпець кпіны, папрокі, неразуменне ад дзяржавы. Стварыць і ачоліць для краіны часопіс «Мастацтва» і праз два гады сысці з пасады галоўнага рэдактара па жаданні дзяржавы. З насмешлівым разуменнем ставіцца да адмаўлення дзяржавай у фінансаванні экспедыцый і ладзіць іх за свой кошт дзеля краіны. Быць удзячным, што прыдаўся гэтай зямлі. Прыдаўся, нарадзіўшыся з чуйнай душой, духоўным інтэлектам і пачуццём віны.

Месца нараджэння…

Месца нараджэння азначылі рэчкі з залатым пяском, пругкія вятры з непадробным водарам падарожжаў, цёмныя дажджы над лесам. Дажджы ўзляталі вясной і ападалі ўвосень. Зіма прыходзіла са сваімі дзівосамі: дым над хатамі выпісваў тонкі кужаль таемных знакаў і нагадваў танец ромбаў-крыжыкаў на вышытых бабулямі ручніках. Улетку ветракі адчайна ганялі аблокі, пад млынамі цурчэла вада гучаннем ціхіх песень, раздарожжы містычна спынялі, скрыжаванні ставілі меціну, крыжы зачароўвалі.

Бацькі…

Бацькі — трывушчыя беларусы. Бабуля з песнямі, матуля з калыханкамі. Кавалі ды Старынкі — родныя вёскі. Столькі багацця. Столькі прычын для шчасця. Поле з перапёлкамі. Густая канюшына. Купы сена з конікамі. Столькі лагоды, волі, замілавання, паветра, сонца. Ворань чорная сядзіць, крыламі махае, з Міхаські перапуг вынімае… Ляцелі сарокі і ўхапілі Міхаськавы ўрокі… Ляцеў птах па гарах, сеў на Аленчыных варатах. Стаў шчабятаці, урокі сабіраці. Пашчабятаў, урокі назбіраў, паляцеў на сіне мора…

 Маленства…

Маленства мінулася. Прайшло і дзяцінства. Юнацтва адкрыла сэрца. Жыццё здзівіла нечаканым паведамленнем: у цябе нічога няма. Ні мовы. Ні гісторыі. Ні мінулага. Ні звонкіх святаў, ні святых крыніц, ні аброчных ручнікоў пры іх, ні крыжоў пры дарозе. Гэта перажытак. Учарашні дзень. Эфемернасць. Хворае ўяўленне. Каштоўнасці — у актыўнай пазіцыі ў барацьбе за...

Агромністая маса людзей існавала захінутая ад сябе самой шэрай тлумнасцю дзён. Суцэльная біялогія. Аднаразовае выкарыстанне. Пафасны фасад — «савецкія людзі». Нізкачастотныя вібрацыі неабуджанай свядомасці, дзе не прадугледжана заклапочанасць ідэнтыфікацыяй. Катэгорыі «нацыя», «нацыянальная культура» — строга дазіраваныя.

Цемра. Час, калі прыходзяць выратавальнікі. Час, калі запускаецца праграма — кодавая, родавая, касмічная. Містычныя раздарожжы пакрываюцца туманамі, спыняюць Вандроўніка.

 ***

«Няхай блаславёнымі будуць тулянні-падарожжы дзеля вызвалення радзімы». Шарль дэ Кастэр

Робін Гуд, Машэка, Ян Гус, Люцыян Таполя — гумар і пакуты, жарты і пагрозы, каханне і нянавісць, жыццё на выгнанні, таемнае вяртанне на радзіму… Жыццё героя.

На кожнай зямлі абавязкова народзіцца той, хто зразумее неабходнасць сабраць раскіданыя па дарогах гісторыі скарбы. Пасля вярнуцца дадому, сесці за пісьмовы стол і напісаць дасланне чалавецтву.

Сціплы вучоны і літаратар, светлавалосы высокі фламандзец Шарль дэ Кастэр сабраў легенды пра народнага героя Фландрыі Ціля Уленшпігеля, злучыў асобныя часткі і стварыў бессмяротную кнігу. У легендзе пра Ціля, па драбніцах занатаваных у манускрыптах і сярэднявечных дакументах, раздзёртых на часткі, як некалі сама Фландрыя, паўстаў нацыянальны герой. Хітрун і шэльма, блаславёны на тулянні па роднай зямлі, стаў збіральнікам народнага духу і супраціву. Ціль праходзіў па краіне, і людзі падымаліся за ім. Падымаліся супраць тых, чыім дэвізам — «лізаць, пакуль не прыйшоў час укусіць».

Кніга Кастэра не мела поспеху ў сучаснікаў. Палохаў змест, гнеў, нянавісць да ўлады. Кастэр распавядаў пра мінулае, а голас трымцеў абуранасцю супраць несправядлівасці свайго часу.

Прызнанне прыйшло пасля смерці. Бессмяротнасць Ціля як бессмяротнасць народа. Народ можа заснуць, але ніколі не можа ўмерці.

Досвед Лінэя даводзіць: калі вольны рост расліны абцяжарыць, напрыклад, недахопам прасторы альбо неяк інакш, расліна будзе імкнуцца пакрыць недахоп росту большай колькасцю насення і народзіць удвая больш. Слава тыранам! Яны вымушаюць народ быць пільным, вынаходлівым і набываць тое, што нельга адабраць.

...а кашуля з белага палатна… і прыгожае натыканне на каўняры, каўнерцах, падоле. А для і зімы і непагадзі — белыя ці сівыя кароткія світы. На ногі — ліпавыя, лазовыя ці саламяныя лапці з анучамі, мацаваліся канаплянымі вітымі аборамі. А летам… а летам дык і босаму добра!..

***

…песні — з’явы падарожжа! У дарог свая музыка. Вабіць і набліжае далячынь. Музыка дарог сцішае адзіноту. Аблокі натхняюць. Іх пераменлівасць нагадвае зменлівы свет. Ад адной думкі, што чалавецтва, спяшаючыся наперад, можа пакінуць ззаду тое, без чаго потым будзе пуста на перанаселенай планеце, натхняе Вандроўніка. Ёсць рэчы, па якія не вернешся назад, калі не збярэш своечасова… Вандроўнік і сам любіць мяняцца. Скрыжаванні — пачатак шчаслівых хвілін. Засталося быццам мала — авалодаць гэтым светам. Альбо стварыць свой. Вандроўнік — дазвол на свабоду, на ўласнае ўзвышэнне, здольнасць рабіць больш, чым трэба толькі сабе. Вандроўнік вандруе не па свеце, а разам з ім…

*** …для чаго ж у зімні холад Ты красёнцы лета тчэш…

Якуб Колас

…Вёска тулілася на ўскрайку сусвету. Світы-сярмягі, кажухі, кашулі, спадніцы, фартухі, гарсэты, фальбоны, вышыўкі, аблямоўка зрэзаў верхняга крыса, пройма, гарлавіна, наміткі чапцы, каптуры…

Вёска — дзяржава. Так паўсюдна, так у кожнай вёсцы — з yciм сваім: моваю, звычаямі, норавамі i побытам. Кожны — гаспадар, кожная — гаспадыня. Сам сабе пан, сам сабе служка. Трэба саха, плуг, серп, калёсы, сані — зробяць!.. Трэба сякера, граблі, піла, каса, лыжка, міска — зробяць! Гаршчок, вядро, дзежка, бочка — зробяць!

…палойку лёну возьмем, прадзем, снуем, і маўчым. Ані слоўца, ані моўца!.. Напралі, намачылі, патаўклі, высушылі, навілі, укінулі ў ніты, у бёрда, прывязалі і выткалі!.. Калi палатно выраблена — нясуць над галавою, абыходзяць вёску. З трэсак распальваюць вогнiшча. І ўсё гэта пад палатном, пад палатном… Праз агонь пераносiлi дзяцей, хворых… Потым палатно спальвалi...

Нягневічы, Палхуны, Радута, Занавіны, Лынтупы і Лушчыкі, Курдзекі, Касута… Аздабляюць прыкрынічны крыж толькі на Макавея, адзін раз на год… Кавалкі палатна, ручнікі, стужкі вешаюць вечарам за дзень да Макавея або раніцою ў дзень свята. Абракаюцца круглы год. У Германавічах — крыж-дрэва, у нас — крыж-сонейка, а ў Целяханах — крыжметка. Крыж-жальнік — у Селяховічах. Крыніцам і прыкрынічным крыжам спавядаліся, ткалі «атносы» — ручнікі такія… Калі якое гора — вешалі ручнікі. Толькі тканыя.

Узоры перабіралі забалаццю... Тонкія абрусы наткала, мыслямі ўзоры набрала, на свой самадум вышыла. ...А ў нас ажно тры крыніцы: крыніца пад гарой, крыніца кіпучка (там ключы так білі, вада проста кіпела) і крыніца на балоце. Паставіш на лаўку, да купы свае зямныя прысмакі і адыходзіш. Хто хоча злячыцца, той абракаецца... Павесіш на дрэва ці куст ля крыніцы стужкі, абвяжаш ствалы ручнікамі. «А крыніца, калі не ўзлюбіць каго, пяройдзе на іншае месца!..» ...Крыніца, сцюдзёна вадзіца! Святая панахвідніца ішла з сіняга мора аблокамі, з цёмнага лесу пяскамі, праз сырое карэнне, праз цвярдое каменне...

...Ліха наша, ліха, ідзі за сіне мора! Верабей-пташка, як бы ні было табе цяжка, нясі наша ліха за сіне мора, за белыя хвалі, за далёкія далі… То не бяда, што ў жыце лебяда, няма горшай бяды, як ні жыта, ні лебяды…

 *** Канструктыўная адчайнасць. Вандроўнік торыць сцежку. Збірае. Укладае. Выдае. Робіць больш, чым патрэбна для сумленнага жыцця. Робіць за знямоглых, слабых, дэпрэсіўных. Агні не адразу, але запальваюцца. Зоры ўзыходзяць. Навальніцы абуджаюцца. Чысціню вартуюць цёмныя дажджы.

Ён глядзіць на сонца, на свой абшар, на шлях, які прайшоў. Звініць каля скроні скрушная нота. Адзінота — бездакорны шлях узняцца-ўзвысіцца. Трэба трошкі пачакаць — і аднойчы раніцай дзе-небудзь на рагу вуліцы нейкая цудадзейная раса раптам кране яшчэ адно самотнае сэрца…

Трэба трошкі пачакаць — і звон насцярожыць, народзіць жаданне прыслухацца і прыўзняць галаву. І пісьмёны, напісаныя дымам над зімовымі хатамі, выткуць свой касмічны танец. Зачараваны танцам узгадае ромбы-крыжыкі на старых ручніках. Зразумее: створанае — за тваёй спінай. Зношваецца і слабее ўсё. Акрамя творчай сілы. Каб не састарэць самому, трэба быць гэтай сілай.

Касмізм Вандроўніка — раскіданыя па сусвеце сузор’і. Жмені здабытага хараства. Дастаткова кінуць зерне ў ворную зямлю. Узыдзе яно само па сабе. …і без нашага пытання колас вырасце ў раллі…

Чысціня ранішняй расы і радасць бязважкага снегу зберагаюць зялёную рунь. Патанаюць у шчасці быць захаванымі чырвоная ягада, чорны жбан, кужэльнае павуцінне. Шуміць навальніца. Спавядаюцца крыжы. Раздарожжы доўжаць існаванне гэтай загадкавай краіны — краіны Вандроўнікаў...

Ларыса СІМАКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?