Вы тут

Як разгадаць таямніцы старых вуліц


Гуляць па Верхнім горадзе ў Мінску, асабліва такой вось адубелай слатой, — адно задавальненне. Утульныя вузкія вулкі, на якіх на нейкі момант, страціўшы пільнасць, можна і заблудзіцца, даведзеныя да ладу старыя будынкі, у якіх паўсюль кавярні, дзе вараць густую аксамітную каву і самы восеньскі напой — глінтвейн. Праўда, ідылію старога горада дзе-нідзе парушае шум будаўнічай тэхнікі: яшчэ не ўсюды скончаны рамонт, да маразоў спяшаюцца пакласці плітку на яшчэ не забрукаваных участках. Але на гэтыя нязручнасці глядзіш з усмешкай, бо ведаеш, што яны часовыя і прыбліжаюць той момант, калі Верхні горад ва ўсёй сваёй адрамантавана-адрэстаўраванай дасканаласці стане закончаным архітэктурным ансамблем у цэнтры сталіцы, па якім будуць хадзіць натоўпы зацікаўленых турыстаў.


Што асабліва ўсцешыла ў гэтай восеньскай неспадзяванай прагулцы (бо вядома ж, што па горадзе, у якім жывеш, вельмі-вельмі рэдка ўдаецца прайсціся ў якасці зацікаўленага турыста, не спяшаючыся нікуды і не клапоцячыся, каб яшчэ не забыцца купіць хлеба ў краме) — шыльды на старых вуліцах. Для мяне асабіста гэта як даўняя-даўняя мара, якая нарэшце пачала спраўджвацца. Спрадвечныя назвы вуліц сталіцы, дый іншых гарадоў і мястэчак нашай краіны, і сёння ў большасці сваёй схаваныя пад аднолькавымі псеўданімамі ўжо мінулай эпохі. Вярнуць іх у поўнай меры — справа складаная, і не толькі таму, што перайменаванне цягне за сабой значныя выдаткі з бюджэту. Тут яшчэ праблема ў тым, якую з назваў вяртаць. Старажытныя беларускія гарады перажылі як мінімум дзве хвалі перайменаванняў: у ХІХ стагоддзі, калі ўсё падводзілася пад імперскую ідэалогію вялікай дзяржавы — менавіта тады былі закрыты, а то і ўвогуле разбураныя гарадскія ратушы, а назвы вуліц з каталіцкіх ды ўніяцкіх сталі праваслаўнымі. А ў стагоддзі ХХ і гэтыя найменні сталі недарэчы, і іх замянілі на тыя, што ўшаноўвалі правадыроў рэвалюцыі і новую рэальнасць.

Дый ці варта адмаўляцца ад назваў, якім ужо самім па сабе амаль па сто гадоў? Чым мы будзем лепшыя за тых, хто калісьці рабіў тое самае, якімі б высакароднымі меркаваннямі мы ні кіраваліся? І тое, што, нарэшце, пачалі рабіць у гістарычным цэнтры Мінска, на сёння падаецца самым мудрым крокам. На вуліцы Энгельса, напрыклад, ля старых манастырскіх муроў, у якіх сёння месціцца музычная школа, на белай, заўважнай здалёк шыльдзе напісана, што з ХVІІ стагоддзя вуліца называлася Дамініканскай, з 1866 года — Петрапаўлаўскай, з 1919-га па 1922-гі яна насіла імя Валадарскага і толькі пасля стала вуліцай імя Фрыдрыха Энгельса...

Здавалася б, некалькі назваў, але ж менавіта па іх — прычым па ўсіх разам — можна вывучаць гісторыю і вуліцы, і горада, і ўсёй сваёй краіны. Дамініканская — бо побач, за Палацам Рэспублікі, схаваныя пад зямлёй закансерваваныя рэшткі дамініканскага кляштара. Дрэмлюць, засыпаныя спецыяльным пяском, чакаюць свайго часу: археолагі кажуць, што пры жаданні можна зрабіць сапраўдны музей пад адкрытым небам, як Бярэсце... Пачнеш цікавіцца, чаму менавіта Петрапаўлаўская — да аднайменнага ж храма далёка — і тут знойдзеш адказ. Царква Пятра і Паўла, якую ведаем цяпер, пабудаваная ў 1612 годзе, з канца ХVІІІ стагоддзя была вядомая як Вялікая Кацярынінская, а Петрапаўлаўскі сабор знаходзіўся на сённяшняй плошчы Свабоды і быў узарваны ў 1936 годзе. Вуліца Петрапаўлаўская вяла акурат да яго... «Рэлігійную» назву яна змяніла, як толькі ў Мінску грунтоўна ўсталявалася савецкая ўлада: спачатку яе назвалі ў гонар наркама па справах друку, прапагандзе і агітацыі Савецкай рэспублікі В. Валадарскага, забітага ў 1918 годзе эсэрамі ў Петраградзе. Але праз тры гады вуліцу ў цэнтры горада перайменавалі: разам з паралельнай вуліцай Ленінскай (былой Францысканскай, пасля — Губернатарскай, сёння — Леніна) вуліца Энгельса ўпіралася ў вуліцу імя Карла Маркса (колішнюю Падгорную). Валадарскага ж стала звацца былая Серпухаўская (якая да гэтага была і Лошыцкай, і Астрожнай). Нейтральная, на першы погляд, назва таксама аказалася сімвалам звергнутага царскага рэжыму і патрабавала замены: яна была названая ў 1870 годзе ў гонар Серпухаўскага пяхотнага палка, які на ёй кватараваў...

Вось што здолела расказаць адна невялікая белая шыльда на старой сцяне тысячагадовага без нейкіх там пяцідзесяці гадоў горада. Навошта гэта веданне? Бо без яго ты можаш хоць сто раз пісаць назву гэтага горада месцам свайго нараджэння, але наўрад ці зможаш пачуваць тут сябе сваім. І гэта не толькі пра Мінск. Вельмі хочацца спадзявацца, што сталіца стане прыкладам у вяртанні з небыцця старых назваў вуліц, дый цэлых населеных пунктаў. Не на карты, дык хаця б на шыльды. Каб тыя, хто ходзіць па гэтых вуліцах, чыталі, цікавіліся, ведалі. Каб адчувалі сябе сваімі на сваёй зямлі. Па сённяшнім часе адчуванне надзвычай патрэбнае.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пад руку з гісторыяй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».