Вы тут

Як спыніць фемінізацыю настаўніцкай прафесіі?


Педагог-мужчына ў сярэдняй школе — з'ява рэдкая, у пачатковай школе, а тым больш у дзіцячым садзіку, — амаль што выключная. Між іншым, прыкладна сто гадоў таму ў большасці краін, дзе сёння гэтая прафесія ўспрымаецца як пераважна жаночая, яна разглядалася як паўнапраўная мужчынская.

У адным з сёлетніх нумароў перыядычнага выдання «Еduсаtіоn Іndісаtоr іn Fосus», які выпускаецца пад эгідай Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР), быў прааналізаваны гендарны дысбаланс у педагагічнай прафесіі.


А хто ў кіраўніках?

У сярэднім у краінах-членах і партнёрах АЭСР жанчыны складаюць прыкладна дзве траціны ад агульнай колькасці педагогаў, занятых у сферы адукацыі (ад дашкольнага ўзроўню да вышэйшай адукацыі). Найбольшы гендарны дысбаланс назіраецца ў Эстоніі, Латвіі, Літве і Расійскай Федэрацыі. Тут з кожных пяці настаўнікаў чатыры — гэта жанчыны. З 31 краіны толькі ў Японіі настаўнікаў-мужчын больш, чым настаўнікаў-жанчын (52 і 48 працэнтаў адпаведна). Тлумачыцца гэты факт, акрамя ўсяго іншага, нізкай прадстаўленасцю жанчын на рынку працы ў Японіі ў параўнанні з іншымі краінамі.

Статыстыка сведчыць аб узмацненні фемінізацыі педагагічнай прафесіі на працягу апошніх дзесяці гадоў. Так, у краінах АЭСР сярэдняя колькасць жанчын-настаўнікаў у сферы адукацыі павялічылася з 61% у 2005 годзе да 65% у 2010 годзе. У 2014 годзе гэты паказчык дасягнуў 68%. Аднак маштаб прыросту адрозніваецца: ад 1% у Славеніі і ЗША да 15% — у Германіі, Грэцыі і Японіі.

Гендарны дысбаланс істотна вар'іруецца ў залежнасці ад узроўню займаемых пасад, ступені адукацыі і іншых акалічнасцяў. Нягледзячы на тое, што жанчыны ў настаўніцкай прафесіі пераважаюць колькасна, толькі некалькі працэнтаў з іх займаюць кіруючыя пасады. У сярэднім па краінах АЭСР сярод дырэктараў устаноў адукацыі жанчыны складаюць толькі 45%.

Эканамічная непрывабнасць

Гендарная няроўнасць скарачаецца ў залежнасці ад ступені адукацыі. Жанчыны складаюць 97% педагогаў на ўзроўні дашкольнай адукацыі, 82% — на ўзроўні пачатковай адукацыі і 43% — на ўзроўні вышэйшай адукацыі. Падобная карціна назіраецца ў большасці краін-членаў і партнёраў АЭСР. Выключэнне складаюць Сірыя і Турцыя (у гэтых краінах доля жанчын-настаўнікаў не перавышае 60%), а таксама Фінляндыя, Латвія, Літва і Расійская Федэрацыя, у якіх жанчыны-выкладчыкі пераважаюць у сістэме вышэйшай адукацыі.

Якімі ж фактарамі тлумачыцца цяперашні гендарны дысбаланс у прафесіі настаўніка? Адзін з іх — павелічэнне паказчыка занятасці жанчын у перыяд з 2005 па 2014 гады ў сярэднім з 56% да 59%. А, напрыклад, у Японіі, Германіі і Грэцыі фіксуецца максімальны рост колькасці жанчын на рынку працы за апошнія 10 гадоў — на 11% (у параўнанні з 8% у іншых краінах).

Значны ўплыў аказваюць і эканамічныя фактары. У той час, як доля жанчын-педагогаў памяншаецца ў залежнасці ад узроўню адукацыі (ад дашкольнай да вышэйшай), сярэдні памер заработнай платы ад дашкольнай ступені да вышэйшай школы, наадварот, павялічваецца. У краінах АЭСР сярэдняя заработная плата настаўніка ва ўзросце ад 25 да 64 гадоў паступова павялічваецца, пачынаючы з 37 000 долараў у год на дашкольным узроўні адукацыі да 46 600 долараў у год у старшай школе. Найбольш ярка эканамічныя фактары выяўляюцца пры параўнанні заработнай платы ў сферы адукацыі з заработнай платай у іншых сферах (гаворка ідзе пра мужчын і жанчын з вышэйшай адукацыяй).

У сярэднім па краінах АЭСР заработная плата настаўнікаў-мужчын ва ўзросце ад 25 да 64 гадоў, якія выкладаюць у пачатковай школе, складае 71% заработнай платы мужчын з вышэйшай адукацыяй, занятых у іншых сферах (у старшай школе — 81%). У той жа час сярэдняя заработная плата жанчын-педагогаў у меншай ступені адрозніваецца ад сярэдняй заработнай платы жанчын, якія маюць вышэйшую адукацыю і занятыя у іншых галінах (яна складае каля 90% сярэдняй заработнай платы жанчын з вышэйшай адукацыяй, занятых у іншых сферах).

Аўтары даследавання адзначаюць, што ў большасці краін самая вялікая колькасць жанчын — сярод маладых настаўнікаў (ва ўзросце да 30 гадоў), якія працуюць на ўсіх узроўнях адукацыі. Так, сярод педагогаў малодшых класаў сярэдняй школы ва ўзросце да 30 гадоў жанчыны складаюць 70%.

Аб павелічэнні гендарнага дысбалансу сведчыць і той факт, што доля жанчын, якія атрымалі вышэйшую педагагічную адукацыю, у сярэднім па краінах АЭСР узрасла. У сувязі з гэтым варта адзначыць, што рост колькасці жанчын-выкладчыкаў ва ўстановах вышэйшай адукацыі спрыяе ўстанаўленню гендарнага парытэту. Сярод маладых выкладчыкаў (да 30 гадоў) доля жанчын складае 53%, сярод педагогаў ва ўзросце старэйшым за 50 гадоў — 38%. Такім чынам, за перыяд з 2005 па 2014 гады доля жанчын сярод выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў узрасла з 38 да 43%.

Нянька з вусамі

Гендарны дысбаланс, які склаўся ў прафесіі настаўніка, становіцца падставай для прыняцця пэўных мер на дзяржаўным узроўні. У Швейцарыі прынята праграма па падтрымцы ўніверсітэтаў у пытаннях дасягнення гендарнай роўнасці сярод выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў.

Праграма, накіраваная на павелічэнне колькасці жанчын, якія займаюць кіруючыя пасады, зацверджана Федэральным міністэрствам адукацыі і навуковых даследаванняў Германіі ў супрацоўніцтве з рэгіянальнымі ўладамі. Амаль дзве траціны ўсіх дзяржаўных вышэйшых навучальных устаноў у гэтай краіне маюць план дзеянняў па рэалізацыі палітыкі ў галіне дасягнення гендарнага парытэту.

У 2013 годзе Нацыянальнае агенцтва па пытаннях адукацыі Швецыі пачало рэалізацыю нацыянальнай інфармацыйнай кампаніі, якая заахвочвае мужчын да прафесійнай педагагічнай дзейнасці ў дашкольных установах.

Аўтары даследавання падкрэсліваюць: улічваючы маштабы феномена «фемінізацыі» настаўніцкай прафесіі, было б цікава даследаваць патэнцыяльны ўплыў гэтай з'явы на якасць адукацыйных дасягненняў вучняў і іх кар'ерныя чаканні.


Па звестках Белстата, прафесія настаўніка мае ў Беларусі ярка выражанае жаночае аблічча. Доля жанчын-настаўнікаў дасягае 86 працэнтаў у агульнай колькасці, а сярод дырэктараў і іх намеснікаў жанчын — 85 працэнтаў.


5 кастрычніка настаўнікі ва ўсім свеце адзначаюць сваё прафесійнае свята

У 1966 годзе ў гэты дзень у Парыжы прайшла Спецыяльная міжурадавая канферэнцыя, прысвечаная статусу настаўнікаў (Specіal Іntergovernmental Conference on the Status of Teachers). У цэнтры ўвагі аказаліся праблемы работнікаў сферы адукацыі на нацыянальным і сусветным узроўнях. У выніку прадстаўнікі ЮНЕСКА і Міжнароднай арганізацыі працы падпісалі першы міжнародны дакумент, які акрэсліваў умовы працы настаўнікаў: «Рэкамендацыі наконт статусу настаўнікаў» (Recommendatіon concernіng the Status of Teachers). У ім замацоўваліся правы і абавязкі педагогаў і міжнародныя нормы, якія датычацца падрыхтоўкі настаўнікаў, павышэння іх кваліфікацыі, прыёму на работу і ўмоў працы. Афіцыйна святкаваць Сусветны дзень настаўніка 5 кастрычніка было прапанавана ЮНЕСКА ў 1994 годзе. Цяпер гэта свята ўваходзіць у спіс сусветных і міжнародных дзён ААН.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Загаловак у газеце: Жаночае выхаванне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».