Вы тут

Калі падчас працоўнага водпуску захварэла дзіця, ён не працягваецца


У рэдакцыі «Звязды» прайшла прамая лінія «Усё аб працоўным праве». Чытачы газеты мелі магчымасць задаць свае пытанні юрыстам — гасцям рэдакцыі «Звязды»: галоўнаму прававому інспектару працы Цэнтральнага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларысе Васілеўне Манюк і галоўнаму прававому інспектару працы Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Сафіі Васілеўне Грышуцінай.


— Добры дзень! Гэта Ярмоленка Наталля з Мінска, прадавец крамы харчовых тавараў. У мяне такое пытанне: наймальнік папярэдзіў мяне аб змяненні істотных умоў працы. У мяне змяніўся рэжым працы, і ён мяне не задавальняе, бо я езджу на работу з Маладзечна. Я адмовілася ад работы ў такіх умовах. Якія выплаты мне належыць атрымаць пры звальненні?

Сафія Грышуціна:

— Для змены работніку істотных умоў неабходна яго згода на гэта, якая можа быць выказана ў выглядзе пісьмовай заявы работніка. Калі ж работнік адмаўляецца ад працягу работы па той жа прафесіі, займаемай пасады, працоўны дагавор спыняецца па п. 5 ч. 2 арт. 35 ПК.

Пры гэтым не пазней за дзень звальнення наймальнік прадастаўляе работніку ўсе належныя яму выплаты на дзень звальнення — заработную плату, кампенсацыю за нявыкарыстаны адпачынак, а таксама выхадную дапамогу ў памеры не менш за двухтыднёвы сярэдні заробак, калі іншы, павялічаны памер выхадной дапамогі не прадугледжаны калектыўным дагаворам арганізацыі.

Акрамя таго, наймальнік абавязаны выдаць работніку ў дзень звальнення належным чынам аформленую працоўную кніжку, за атрыманне якой работнік распісваецца ў кнізе ўліку руху працоўных кніжак і ўкладышаў да іх, уласнаручна ўказаўшы дату яе атрымання. Апавяшчэння прафсаюза ў гэтым выпадку не патрабуецца.


— Падчас майго чарговага працоўнага водпуску ў мяне захварэла дзіця. Хварэла доўга, гэта зафіксавана дакументальна. Я спадзявалася, што мой водпуск будзе працягнуты адпаведна часу хваробы дзіцяці. Але мне паведамілі, што гэта заканадаўствам не прадугледжана. Чаму? Калі хварэеш сам, то водпуск падаўжаецца... (ліст дасланы па электроннай пошце).

Ларыса Манюк:

— Хачу сказаць, што ў адпаведнасці з п. 6 Палажэння аб парадку забеспячэння дапамогамі па часовай непрацаздольнасці і па цяжарнасці і родах асобам, якія працуюць па працоўных дагаворах, на падставе членства (удзелу) у юрыдычных асобах любых арганізацыйна-прававых формаў, якія знаходзяцца ў працоўным водпуску, дапамогі прызначаюцца ў выпадку наступлення ў іх у перыяд названага водпуску часовай непрацаздольнасці. Працоўны водпуск пры гэтым падаўжаецца (пераносіцца) у парадку, устаноўленым заканадаўствам. Але — майце гэта на ўвазе — у выпадку, калі падчас працоўнага водпуску ў работніка захварэла дзіця, працоўны водпуск не пераносіцца і не працягваецца.


— Добры дзень! Калі можна, я хацела б задаць сваё пытанне ананімна. Скажыце, калі ласка, ці можа кіраўнік (яго намеснік) быць прадстаўніком інтарэсаў работнікаў, гэта значыць быць старшынёй або членам прафкама школы?

Ларыса Манюк:

— Не. У адпаведнасці з ч. 2 арт. 354 Працоўнага кодэкса кіраўнік арганізацыі і яго намеснікі не могуць ажыццяўляць прадстаўніцтва інтарэсаў работнікаў.


— Добры дзень! Мяне завуць Клаўдзія Сямёнаўна, я тэлефаную вам з Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Такая вось у нас праблема: мой муж працаваў будаўніком у калгасе. Адпрацаваў 12 месяцаў і напісаў заяву на водпуск. Але ў аддзеле кадраў сказалі, што ўзяць водпуск яму не дазволяць, бо ён працаваў па дагаворы падраду, а не па працоўным дагаворы. Муж кожны месяц атрымліваў зарплату, хадзіў на работу з 8 гадзін да 17 кожны дзень, акрамя нядзелі. Скажыце, калі ласка, ці правільна яму адмовілі ў адпачынку і куды неабходна звярнуцца па дапамогу?

Сафія Грышуціна:

— Не выключана, што ваш муж сапраўды падпісаў дагавор падраду, які яму прапанавалі ў арганізацыі, а не працоўны дагавор. Некаторыя наймальнікі лічаць, што не мае значэння, які з гэтых дагавораў заключаць. Але розніца ёсць, і яна вельмі істотная.

Калі з работнікам заключаны дагавор падраду, то ён не ўключаецца ў штат работнікаў арганізацыі, не падпарадкоўваецца правілам унутранага працоўнага распарадку, што датычацца працоўнага часу і часу адпачынку, не ўключаецца ў графік водпускаў, яму не налічваюцца і не выплачваюцца адпускныя, не выплачваецца штомесяц заработная плата, гэта значыць не распаўсюджваюцца гарантыі і кампенсацыі, прадугледжаныя Працоўным кодэксам.

Як відаць з вашых слоў, ваш муж фактычна працаваў па працоўным дагаворы, а не дагаворы падраду. Таму яму неабходна звярнуцца ў суд з патрабаваннем аб перакваліфікацыі грамадзянска-прававых адносін у працоўныя і заключэнні з ім працоўнага дагавора.

Пасля станоўчага рашэння суда ваш муж будзе мець права на прадастаўленне працоўнага водпуску і іншыя гарантыі і кампенсацыі, прадугледжаныя калектыўным дагаворам арганізацыі і працоўным заканадаўствам. Для аказання бясплатнай юрыдычнай дапамогі па звароце ў суд рэкамендую звярнуцца ў прававую інспекцыю працы прафсаюза работнікаў АПК.


— Я ўладкавалася на часовае месца настаўнікам. Праз год сама пайшла ў дэкрэтны адпачынак да 2018 года. Адміністрацыя школы ўзяла на гэтую пасаду яшчэ аднаго работніка, гэтым разам пенсіянера. Атрымліваецца, на адной пасадзе цяпер лічацца тры чалавекі: асноўны работнік, я і пенсіянер. Асноўны работнік зараз мае намер напісаць заяву аб звальненні. Падкажыце, чаго чакаць мне? Ці прадаставіць наймальнік мне месца працы пры выхадзе з дэкрэтнага водпуску? (па электроннай пошце).

Ларыса Манюк:

— Вы і іншы работнік былі прыняты па тэрміновым працоўным дагаворы на час адпачынку асноўнага работніка, які знаходзіцца ў сацыяльным водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў. Калі асноўны работнік, на месца якога вы абодва былі прынятыя, звольніцца, то вы і іншы работнік будзеце падлягаць звальненню ў сувязі з выхадам на работу асноўнага работніка. Кіраўнік можа таксама прыняць рашэнне пакінуць на рабоце аднаго з вас. Пры гэтым на рабоце могуць пакінуць работніка, які дасягнуў пенсійнага ўзросту, паколькі ў гэтай катэгорыі работнікаў у адпаведнасці з заканадаўствам такія ж працоўныя правы, як і ў іншых.


— Добры дзень! Міронава Валянціна Пятроўна з Брэста вас турбуе. Працую настаўнікам у гарадской школе. На пачатак навучальнага года ў мяне было 30 вучэбных гадзін. Але цяпер дырэктар мне паведаміў, што
з 1 студзеня паменшыць мне нагрузку да стаўкі, гэта значыць 20 гадзін. Зразумела, што пры гэтым я значна страчу ў зарплаце. У кантракце ў мяне прапісаная толькі стаўка, а не педагагічная нагрузка. Дырэктар запэўнівае, што мае права змяняць мне нагрузку кожныя паўгода. Гэта насамрэч так? Ці з'яўляецца такое памяншэнне, у адпаведнасці з заканадаўствам, істотнымі змяненнямі ўмоў працы?

Ларыса Манюк:

— У адпаведнасці з падпунктам 24.6 п. 24 Пагаднення паміж Мінадукацыі і Беларускім прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі на 2016—2019 гады размеркаванне аб'ёму педагагічнай нагрузкі (уключаючы гадзіны выкладчыцкай, арганізацыйна-выхаваўчай работы і дадатковага кантролю вучэбнай дзейнасці вучняў) педагагічным работнікам праводзіцца кіраўніком установы адукацыі па ўзгадненні з прафсаюзам.

На пачатак навучальнага года наймальнік абавязаны выдаць загад аб размеркаванні педагагічнай нагрузкі паміж педагагічнымі работнікамі, узгадніць яго з прафсаюзам і азнаёміць пад подпіс работнікаў. Магчыма, што наймальнік парушыў заканадаўства і не азнаёміў вас з загадам, таму вы і не ведалі, якая ў вас будзе педагагічная нагрузка ў другім навучальным паўгоддзі. А ў адпаведнасці з навучальным планам на 2017/2018 навучальны год у другім паўгоддзі ваша педагагічная нагрузка, цалкам магчыма, складае 20 гадзін.

У выпадку ж калі наймальнік мае намер забраць у вас частку педагагічнай нагрузкі ў другім паўгоддзі і аддаць іншаму работніку, ён павінен абгрунтаваць гэтае рашэнне і ўзгадніць з прафсаюзам. А вас у адпаведнасці з арт. 32 Працоўнага кодэкса (ПК) папярэдзіць за месяц у пісьмовым выглядзе аб змяненні істотных умоў працы.


— Добры дзень. Дапамажыце разабрацца ў сітуацыі. Пасля дэкрэтнага водпуску я выйшла на работу. Майму дзіцяці 2,6 года. Мне далі нагрузку ў школе 26 гадзін. А цяпер яшчэ і навязваюць класнае кіраўніцтва. Ці маю я права ад яго адмовіцца? Бо ў адваротным выпадку мне неабходна будзе працаваць і ў суботу, а мне няма з кім пакінуць дзіця на гэты час (па электроннай пошце).

Ларыса Манюк:

— У службовай інструкцыі настаўніка агульнаадукацыйнай установы ўказана, што ён ажыццяўляе навучанне і выхаванне навучэнцаў. Праводзіць выхаваўчую і пазакласную работу па прадмеце.

Пад педагагічнай нагрузкай пры вылічэнні стаўкі педагагічных работнікаў разумеецца аб'ём педагагічнай дзейнасці ў частцы рэалізацыі зместу адукацыйных праграм, праграм выхавання, уключаючы дадатковы кантроль вучэбнай дзейнасці вучняў і арганізацыйна-выхаваўчую работу.

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што стаўка настаўніка ўключае ў сябе і гадзіны арганізацыйна-выхаваўчай работы. Таму, калі гэта неабходна, настаўнік павінен ажыццяўляць і класнае кіраўніцтва.

У вашым выпадку неабходна звярнуцца ў прафсаюз, і вас у парадку выключэння па хадайніцтве прафсаюза могуць на гэты навучальны год вызваліць ад гадзін класнага кіраўніцтва.


— Вам тэлефануе Булат Васіль Мікалаевіч, рабочы сельскагаспадарчага філіяла вёскі Руднае Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Я быў прыняты на работу ў сельскагаспадарчы філіял тэрмінам на 6 месяцаў на час выканання сезонных сельскагаспадарчых работ, і са мной заключылі тэрміновы працоўны дагавор. Па заканчэнні дагавора я папрасіў яго падоўжыць, але наймальнік мне адмовіў. Ці правамерна гэта? На якіх умовах я магу яшчэ працаваць у гэтай гаспадарцы?

Сафія Грышуціна:

— У гэтай сітуацыі наймальнік мае рацыю. Паводле ч. 1 арт. 299 Працоўнага кодэкса сезоннымі з'яўляюцца работнікі, занятыя на работах, якія выконваюцца не круглы год, а на працягу пэўнага перыяду, сезона, які не перавышае шасці месяцаў. Акрамя таго, пералік сезонных работ зацверджаны пастановай Мінпрацы і з'яўляецца вычарпальным.

Калі вы і наймальнік жадаеце працягнуць працоўныя адносіны, то наймальніку неабходна звольніць вас у сувязі са сканчэннем тэрміновага працоўнага дагавора, заключанага на час выканання сезоннай працы, і зрабіць наступным чынам: альбо заключыць новы тэрміновы працоўны дагавор на 6 месяцаў, ізноў на час выканання сезоннай працы, альбо заключыць працоўны дагавор на нявызначаны тэрмін ці кантракт, але ўжо на іншую, не сезонную працу.


— Ці павінен дырэктар ці яго намеснікі перадаць навучальныя гадзіны настаўніку, калі ва ўстанове адукацыі ў педагагічных работнікаў памяншаецца педагагічная нагрузка або яны падлягаюць звальненню па п. 1 арт. 42 Працоўнага кодэкса — скарачэнне колькасці або штату работнікаў у сувязі з адсутнасцю гадзін па прадмеце? (па электроннай пошце).

Ларыса Манюк:

— Кіраўнікі (іх намеснікі) устаноў адукацыі (іх структурных падраздзяленняў) могуць выконваць у працоўны час аплачваемую педагагічную дзейнасць у частцы рэалізацыі адукацыйных праграм па месцы асноўнай працы ў аб'ёме не больш за палову нормы гадзін педагагічнай нагрузкі за стаўку педагагічных работнікаў альбо працоўнага часу прафесарска-выкладчыцкага складу.

Калі ва ўстанове адукацыі ў педагагічных работнікаў памяншаецца педагагічная нагрузка або яны падлягаюць звальненню па п. 1 арт. 42 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — скарачэнне колькасці або штату работнікаў у сувязі з адсутнасцю гадзін па прадметах, — гадзіны, якія вядуць дырэктар і яго намеснікі па гэтых прадметах, павінны быць перададзены настаўнікам-прадметнікам, паколькі дырэктар і яго намеснікі прынятыя на работу на вышэйпаказаныя пасады, што з'яўляецца іх асноўнай работай, а ў настаўнікаў асноўнай работай з'яўляецца педагагічная дзейнасць.


— Добры дзень! Ганна Радзько вас турбуе. У мяне пытанне: наколькі дакладна калектыўны дагавор установы павінен капіраваць макет калектыўнага дагавора, падрыхтаваны Цэнтральным камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, у асноўнай яго частцы, ці гэта можа быць цалкам адвольны варыянт?

Ларыса Манюк:

— У адпаведнасці з арт. 364 Працоўнага кодэкса змест калектыўных дагавораў вызначаецца бакамі ў адпаведнасці з генеральным, тарыфным і мясцовымі пагадненнямі (пры іх наяўнасці) у межах іх кампетэнцыі, а таксама Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь.

Макет калектыўнага дагавора распрацаваны Цэнтральным камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі ў адпаведнасці з Працоўным кодэксам, Указам Прэзідэнта Беларусі ад 15.07.1995 года №278 «Аб развіцці сацыяльнага партнёрства», Законам Рэспублікі Беларусь «Аб прафесійных саюзах», галіновымі пагадненнямі, заключанымі паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускім прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі на 2016—2019 гады, іншымі нарматыўнымі прававымі актамі, на аснове Метадычных рэкамендацый Мінпрацы аб парадку падрыхтоўкі і заключэння калектыўных дагавораў у арганізацыях бюджэтнай сферы.

Згаданы макет калдагавора носіць рэкамендацыйны характар, служыць арыенцірам, мэта якога — не выпусціць ні адно важнае пытанне жыццядзейнасці калектыву работнікаў пры заключэнні калектыўнага дагавора.

Макет мэтазгодна выкарыстоўваць у якасці асновы, ён можа ўдакладняцца, дапаўняцца і выкарыстоўвацца, зыходзячы з вытворчых умоў і фінансавых магчымасцяў канкрэтнай арганізацыі.

Святлана БУСЬКО

busko@zviazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.