Вы тут

Як выратаваць для сябе сябра


Калі маеце сабаку, тады ведаеце, што кожны раз, калі вяртаецеся дадому, вас з нецярпеннем чакае верны сябар. У Яніны КАЗЛОВАЙ такіх больш за 50! У Лельчыцах яна арганізавала сямейны прытулак «Томас» і разам са сваякамі ратуе сабак і катоў раёна.


У пры­тул­ку кож­ны са­ба­ка мае сваю буд­ку і валь­ер, дзе мо­жа па­бе­гаць з сяб­ра­мі.

Дай лапу, Герда!

— Я дзесяць гадоў жыла ў Мінску: вучылася, а потым працавала. Калі пераехала ў Лельчыцы, на базу, дзе знаходзіцца фірма таты, перыядычна прыбіваліся бяздомныя сабакі. Я варыла ім кашу і прывозіла. Так цягнулася каля года. Потым мне ўжо мэтанакіравана падкінулі сюды шчаня. Калі яно вырасла, нарадзіла тут сваіх дзетак. Яны і сталі першымі жыхарамі нашага прытулку, — расказвае Яніна.

Ідэю Яніны падтрымалі тата і брат Уладлен. Яны пабудавалі вальеры па перыметры базы, дзе і пасяліліся яе падапечныя. Яшчэ двое сабак зараз жывуць на тэрыторыі іншага прадпрыемства.

Туды дзеці прывялі знясіленую аўчарку, бо не змаглі пракарміць. А другі пастаялец — гэта метыс аўчаркі Герда. Яніна знайшла яе скалечанай і забрала дадому. Верагодна, жывёла трапіла ў пастку: ад лапы засталася толькі голая костка. Гэта быў снежань, Герда замярзала на вуліцы. На той момант уся ветэрынарная дапамога была для Яніны ў навінку, але лапу ўдалося выратаваць. Калі Гердзе стала лепш, яе перасялілі ў вальер.

Цяпер Яніна ўжо амаль профі па медыцынскай частцы — ведае, як лячыць усе тыповыя захворванні, сама робіць уколы, праводзіць прафілактыку ад блох. Адзінае, як прызнаецца, не навучылася яшчэ ставіць кропельніцы. А калі патрэбна стэрылізацыя, яна звяртаецца да мазырскага ветэрынара. Насамрэч, па ўласным досведзе скажу, нават у сталіцы знайсці добрага спецыяліста даволі цяжка. А ў раённых ветстанцыях часам большае, на што здольныя ўрачы, — патравіць глістоў.

Да таго, як сысці ў дэкрэт, Яніна займалася сабакамі сама. Іх было тады менш. Потым стаў дапамагаць брат, перш за ўсё, фізічна: кожны дзень ён развозіць ваду і разносіць мяса. Яніна цяпер больш займаецца са шчанюкамі. У гэтым ёй дапамагае дачка Алісія. Разам з маці дзяўчынка штодзень наведвае прытулак і перажывае за кожнага гадаванца.

Дома ў Яніны кот, кошка ды сем сабак. Шасцёра з іх — былыя бяздомныя, адзін — бацькоўскі ратвейлер. Раней бацькі заўсёды трымалі па два ратвейлеры, але цяпер месца ў хаце і ў сэрцы занялі выратаваныя жывёлы.

Яшчэ ў Яніны жывуць восем кацянят, якіх знайшла ў лесе яе маці. Нехта туды іх прывёз і пакінуў. цяпер кацяняты жывуць у невялікай драўлянай прыбудове. Раней іх зачынялі ў гаражы на ўвесь час, каб не збеглі. Але некалькі дзён таму да нашага візіту нехта сунуў свой нос у гараж, а малыя, з'явіўшыся на вуліцы, не разбегліся. У планах Яніны зрабіць гадаванцам пляцоўку для гульняў і паліцы для ляжанак.

Ка­ця­ня­ты з ле­су хут­ка ста­лі руч­ны­мі.

Сабака — не рэч...

Яніна ведае лёс кожнага сабакі са свайго прытулку. Гэтым летам, напрыклад, падабралі Пуму. У вёсцы, 20 кіламетраў ад Лельчыц, нехта выкінуў шчаня лайкі. Людзі патэлефанавалі Яніне. «Калі я прыехала, сабака быў у балотнай яме і не мог хадзіць — змарнелы, з атрафіяй мышцаў, ды і яшчэ адзічэлы. За некалькі месяцаў Пума ад'елася і стала даволі вялікай, але да чалавечых рук так і не прывыкла».

Некаторых сабак прыходзіцца лавіць месяцамі, іншых уласныя гаспадары самі падкідваюць у прытулак. Так тут апынулася Лакі, якую ноччу запёрлі ў адзін з вальераў. Чорную Абі падабралі, калі яна ўжо прымерзла да лёду. Ехаў брат раніцай на работу і ўбачыў, што на прыпынку брэша сабака. Увечары Яніна разам з братам завітала на гэтае месца, каб праверыць, што здарылася: «Прыязджаем, таго сабакі ўжо не было, а пад лавачкай свецяцца вочы. Гэта была Абі, напэўна, яе збілі раніцай. Яна была ўся ў крыві, прымерзлая да прыпынку. А той сабака, якога брат бачыў раніцай, аказваецца, стаяў там цэлы дзень, клікаў на дапамогу. Потым высветлілася, што ў Абі быў пераламаны таз. Яна трохі прыкульгвае і цяпер».

Ёсць у Яніны адзін сляпы сабака. Ён у свой час зрабіў падкоп у вальеры і перабраўся да суседа. Зараз яны жывуць разам, але, паглядзеўшы на гэтага сабаку, разумееш, што ён сябе нейкім не такім не адчувае — ужо прызвычаіўся. А прывезлі яго з Мінска — запалоханага. Ён на вуліцы біўся галавой аб машыны і спаў пад праліўнымі дажджамі. Галава была разбітая, вуха адарвана. Бачна, што з яго здзекаваліся. Ён дагэтуль баіцца мужчын, калі чуе голас або пах.

Сярод дварнякоў выдзяляецца Тоні — гэта вялікі прыгожы пародзісты ганчак. Падабралі яго на дарозе. Ён амаль падаў, яго ледзь не збіла машына. Калі Яніна адчыніла дзверы сваёй легкавушкі, ён залез і кампактненька ўлёгся на пярэдняе сядзенне. У прытулку ад'еўся — і стаў ладным сабакам. Выкінулі яго як адпрацаваны матэрыял з-за немагчымасці дапамагаць на паляванні: у Тоні выпалі амаль усе зубы.

Жыве ў прытулку і цэлая сям'я з лісінай нары. Сабаку Нору выгналі з хаты, калі даведаліся, што яна цяжарная. Вось яна і знайшла для сваіх шчанюкоў схованку. Ля нары іх выпадкова ўбачыла Яніна, пэўны час прывозіла ежу: першапачаткова маці не падпускала блізка да малых, таму брала кавалкі і адносіла шчанюкам, а сама не ела. Калі пачаліся дажджы, Нора адвяла малых да сваёй былой хаты. Там іх і забрала Яніна, бо былым гаспадарам яна ўжо была не патрэбна.

Пя­шчот­ныя сяб­роў­скія ад­но­сі­ны  склад­ва­юц­ца ў Яні­ны амаль з кож­ным вы­ха­ван­цам.

Энерджайзеры шукаюць новы дом

Калі мы прыехалі ў прытулак, адзін з сабак гуляў па тэрыторыі. Аказваецца, напярэдадні таварышы, з якімі ён разам жыве ў вальеры, зрабілі падкоп. Усе пагулялі, панасіліся за плотам і вярнуліся дамоў. А ён застаўся, і цяпер не даецца ў рукі.

Па нечаканым супадзенні суседзямі прытулку з'яўляецца арганізацыя па адстрэле сабак. Па сутнасці, калі б не Яніна, усімі жывёламі заняліся б менавіта гэтыя суседзі, бо дзяржаўнага прытулку ў раёне няма. Але не гэта страшна. Справа ў тым, што сабакі па-за вальерам выбягаюць на дарогу, а там моладзь носіцца на машынах так хутка, што, на жаль, некаторыя ўцекачы так і застаюцца на тым асфальце...

У прытулку шмат дарослых сабак, якім не так лёгка знайсці гаспадара. Яніна ўжо пагаджаецца, каб яны засталіся ў яе, але малыя шчанюкі актыўна шукаюць сабе новы дом. Асабліва прывабныя тры энерджайзеры, якія на ляту скачуць на рукі і лашчацца нават да незнаёмых людзей.

Сабакі ў Яніны жывуць дагледжаныя ў вялікіх вальерах, таму і шукаюць яны новых гаспадароў, якія пра іх будуць клапаціцца, а не проста пасадзяць на ланцуг. Яніна паказвае, што ў яе сабак ёсць своеасаблівыя катакомбы з эстакадамі, дзе яны гуляюць. Ім гэта вельмі падабаецца. Абы каму яна сваіх падапечных не аддае: заўсёды цікавіцца, у якіх умовах яны будуць жыць. Выпадкі бываюць розныя: «Цяжка было, калі я адкрыла групу «УКантакце» аб страчаных і знойдзеных сабаках і ўбачыла пост пра свайго шчанюка, якога аддала новым сталічным гаспадарам. Ён стаіць у цэнтры Мінска, а я за 350 км, і гэта ў 22 гадзіны вечара. Тое, што я адчула... У мяне была практычна істэрыка. Добра, што за гэтай інфармацыяй я знайшла пост, з якога даведалася, што іншы чалавек ужо не проста яго сфатаграфаваў, а падабраў. Я ўладкавала шчаня на платную ператрымку. Усё добра скончылася, а магло б быць зусім па-іншаму». Прайшоўшы праз пакуты, шчаня зараз атрымала сям'ю, якая сапраўды пра яго клапоціцца.

Вядома, шмат грошай сыходзіць на тое, каб накарміць усіх выхаванцаў. Гэта, як і іншыя пытанні, тут вырашаюць усёй сям'ёй. Раз у некалькі дзён брат ці тата бяруць свежае мяса і субпрадукты на мясцовым мясакамбінаце. Але часам здараюцца перабоі ў пастаўках, на гэты выпадак у Яніны ёсць стратэгічны запас сухога корму. Калі вы жадаеце дапамагчы прытулку, або забраць адтуль свайго новага сябра, тэлефануйце Яніне +375291660056.

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Паўсотні хвастоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».