Вы тут

«Мама — сонца, тата — месяц. Абое цудоўныя, але не могуць быць разам»


Дырэктар уласнага дома моды Наташа Поткіна расказала, чаму нельга настройваць дзяцей супраць свайго былога мужа.

Калі мы завіталі ў кватэру дызайнера адзення, на кухні гудзела сушылка для гародніны і садавіны. А гаспадыня пералівала ў слоікі персікавае варэнне. «Адправіла дзяцей у школу, мужа — на работу, а сама, як бачыце, рэалізоўваю свае кулінарныя фантазіі».


Пра персікавыя чыпсы, вяленыя памідоры ды сукенку з перцаў

Усё, звязанае з працай — шпількі, іголкі, кавалкі тканіны, — знаходзіцца ў маёй майстэрні. Дома няма нават швейнай машынкі. Тут у мяне іншыя захапленні. Вось частуйцеся: чыпсы з ківі і персікаў. Апошнія некалькі гадоў я захапілася здаровым харчаваннем. Стараюся прыдумваць стравы не толькі смачныя, але і карысныя.

На выхадных не ўтрымалася — накупіла поўны багажнік гародніны. І ажно чатыры скрыні персікаў. Вось наварыла з іх варэння. А таксама пазычыла ў мамы сушылку ды насушыла персікавых чыпсаў. Дзеці іх вельмі любяць. Таксама паспела зрабіць вяленыя памідоры. Магу падзяліцца рэцэптам. Спачатку трэба высушыць таматы чэры, а затым дадаць спецыі і заліць аліўкавым алеем. (Дастала з халадзільніка слоічак.) Вось якая прыгажосць атрымалася! Прыходзьце тыдні праз два — пачастую, яны павінны яшчэ настояцца.

(На кухоннай шафе заўважаю слоік з перцамі чылі.) Мая сяброўка Ірына Кабасакал напісала кулінарную кнігу «Ад перца да сэрца». Гады два таму на нейкім мерапрыемстве яна мне сказала: «Наташа, у мяне ёсць ідэя наконт вокладкі. Патрэбна сукенка з капусты». Я люблю крэатыўныя ідэі, таму адразу ж загарэлася дапамагчы. Ужо пачала сабе ў галаве круціць гэтую капусту. Праходзіць час, тэлефаную Іры: «Ну што, твая кніга ўжо быццам бы гатова. Калі мне пачынаць скупляць капусту?» — «Слухай, я ўжо перадумала, робім сукенку з перцу чылі», пачула ў адказ.

На вокладцы кнігі Ірына Кабасакал у сукенцы, якую стварыла з 2000 перцаў чылі дызайнер Наташа Поткіна.

Самае складанае было знайсці амаль 2000 перцаў чылі. Яны ўсе мусілі быць аднаго колеру, вызначанай формы. Мы аб'ездзілі ўсе рынкі і гіпермаркеты Мінска. Выкладвалі ў Фэйсбуку, як набываем гэтыя перцы, як лічым, але ніхто не ведаў, навошта (смяецца). Сукенку я зрабіла за два дні. Яна была непад'ёмная, не ведаю, як Іра ў ёй хадзіла.

Перац чылі вельмі хутка псуецца, таму частку Ірынай сукенкі адразу ж давялося выкінуць. Усё астатняе я прывезла дадому і высушыла. Некалькі дзён кватэра была насычана водарам перцу чылі. Гэта быў сакавік — якраз сезон грыпу. Паверце, у нас у кватэры ніводнага мікроба не было. У выніку сукенка ператварылася ў 200-літровы мяшок засушаных перцаў. Я сабе на памяць пакінула слоічак. Астатнія аддала Ірыне. Як яна імі распарадзіцца, даведаецеся на прэзентацыі кнігі. Дарэчы, хутка да нас прыедуць прадстаўнікі Кнігі рэкордаў Гінеса, каб зафіксаваць стварэнне сукенкі з 2000 перцаў чылі. Рыхтуемся праславіць нашу краіну на ўвесь свет.

Пра камандзіроўку ў Кітай, спекуляцыю дзецьмі і сінія валасы

Дзеці Наташы Поткінай — Леў і Эвеліна — некалькі год таму сталі пераможцамі ў конкурсе "Міні-містэр свету" і "Міні-міс свету". Строі сыну і дачушцы прыдумала мама.

Я ўмоўна падзяліла сваё жыццё на чатыры роўныя часткі. Дом (усё, што тычыцца ўтульнасці, гатоўкі), сям'я (дзеці, муж, бацькі), работа і я, любімая. Як толькі знаходжу баланс паміж гэтымі чатырма «кітамі», тады ўсё атрымліваецца, усе шчаслівыя. Як толькі пачынаю зацыклівацца на нейкай частцы асобна, тады ўсё ляціць дагары нагамі.

Перад разводам мы з першым мужам вырашылі пажыць асобна. Бо была яшчэ нейкая надзея: магчыма, памірымся. А дзецям я сказала, што тата з'ехаў у Кітай у камандзіроўку на паўгода. Але спроба выратаваць сям'ю аказалася няўдалай. Калі прынялі канчатковае рашэнне расстацца, я пагаварыла з дзецьмі — сыну тады было сем гадоў, Эвеліне — тры з палавінай. Сказала, што мама — сонца, а тата — месяц. Яны абое цудоўныя, але не могуць быць разам. І што дзеці ў гэтым невінаватыя.

Некаторыя мамы забараняюць дзецям бачыцца з татам. Я ж супраць былога мужа іх не настройвала. Наадварот, ініцыявала сустрэчы. Разумею, што ёсць рэчы, якія толькі тата можа даць сыну і дачцэ. Што датычыцца спекуляцыі дзецьмі, маўляў «ты ніколі іх не ўбачыш» — гэта вялікая памылка жанчын. Дзеці не павінны пакутаваць у гэтай сітуацыі. Пройдзе час, яны вырастуць, пачнуць аналізаваць і не даруюць маці. Пасля разводу прайшло сем гадоў, пакуль мае дзеці мяне ні ў чым не абвінавацілі. Яны падтрымліваюць адносіны са сваім татам і сябруюць з маім новым мужам.

За апошні год маё жыццё кардынальна памянялася. Нарэшце я закахалася і другі раз выйшла замуж. Дзяцей сітуацыя задавальняе. Мама шчаслівая. У дачкі з'явіўся сябар, які з ёй паходзіць па крамах, купіць сшыткі ці калготкі. Сын можа пагаварыць з ім на нейкія мужчынскія тэмы. Дзеці ўспрымаюць майго другога мужа як сябра. Я не збіраюся ні ў якім разе рабіць так, каб ён замяняў ім тату. Бо тата заўсёды адзін. А тое, што ён можа даць ім дадаткова любоў ды клопат — гэта толькі двайное шанцаванне маім дзецям.

Летам Эвеліна папрасіла мяне пафарбаваць ёй валасы ў колер марской хвалі. Я падумала: а чаму б і не? Гэта ж не дзірка ў языку, а ўсяго толькі валасы. Сама ж некалі такой была. У 16 гадоў пафарбавала сабе валасы ў сіні колер (смяецца). Мы купілі адмысловыя тонікі, якія хутка змываюцца, і навялі прыгажосць. Я сабе за кампанію таксама пафарбавала кончыкі, праўда ў чырвоны колер. У мяне дачка часта выступае на сцэне — спявае, іграе на флейце. Сын з першага класа ходзіць з дзвюма завушніцамі ў вуху. Дзеці такія ж творчыя, як і я, любяць эксперыменты.

Я сабе ў жыцці паставіла дзве галоўныя мэты: гарантаваць сваім дзецям бяспеку і здароўе. У астатнім нельга падаўляць іх свабоду. Трэба расказваць, што можа здарыцца ў розных сітуацыях, але выбар пакідаць за імі. Калі пастаянна абмяжоўваць і ўсё забараняць, на даверлівыя адносіны можна забыцца.

«Гэ­ты ся­мей­ны герб  на­ма­ля­ва­ла мая ма­ма.  Ён мне на­гад­вае,  хто я і ад­куль».

Пра трусінае футра, сямейны герб і скульптара Жбанава

Бабуля прыязджала да нас у госці заўсёды з двума чамаданамі: адзін — для мяне, другі — для брата. Абшывала любімых унукаў з ног да галавы. Усе летнія вакацыі я праводзіла ў яе ў Навагрудку. Кожны вечар бабуля штосьці шыла ці перашывала на сваёй старэнькай «зінгераўскай» машынцы. Я ж сядзела побач і з абрэзкаў стварала сукенкі для сваіх лялек. Потым для лялек сваіх сябровак. Дзядуля разводзіў трусоў, і аднойчы я сшыла сваёй Барбі трусінае футра (смяецца).

Мой тата ўсё жыццё прысвяціў рэстаўрацыі. Быў час, калі ён ездзіў па вёсках і збіраў элементы беларускага побыту. Аднойчы ўзяў з сабой і мяне. Мы знайшлі ў сваякоў куфар, проста завалены саматканымі тканінамі. Чаго там толькі не было — і ручнікі, і пакрывалы, і абрусы. Мне ўвесь гэты скарб дазволілі забраць. У выніку нарадзілася мая новая калекцыя, якая так і называлася, — «Куфар». Пах сырасці з саматканай тканіны я вывела, але водар даўніны захаваўся. Гэта дадало шарму калекцыі. Яна была, дарэчы, дастаткова сучасная. І на «Млыне моды» ўвайшла ў дзясятку найлепшых калекцый.

Вельмі люблю рэчы з гісторыяй. Учора на Ждановіцкім рынку зазірнула на Поле цудаў. Вось гэта мой новы набытак (паказвае рарытэтную сярэбраную цукарніцу). Вельмі даражу вунь тымі распіснымі французскімі кубачкамі. Іх з набору толькі тры заставалася, дык я апошнія ўхапіла. Хоць яны крыху патрэсканыя, але як падумаю, што, можа быць, якая-небудзь графіня з іх піла, дык на душы цяплей...

У мяне над камінам вісіць герб. Яго намалявала мая мама. І падарыла мне на 30-годдзе. Гэта адзін з гербаў, якія выкарыстоўвалі Поткіны. Ён мне нагадвае, хто я і адкуль. Недзе ў 90-х гадах мама пачала пісаць кнігу пра сваю сям'ю. Потым натхніла і тату. Ён звярнуўся ў архівы. Аказалася, прозвішча Поткін мае англійскія карані, у нас нават знайшліся сваякі ў Англіі.

Менавіта тату Наташы Поткінай належыць ідэя ўсталяваць ля Ратушы бронзавы "Экіпаж", ля якога ўсе любяць фатаграфавацца. А ў пісьменнікаў Людмілы Рублеўскай і Віктара Шніпа нават ёсць сямейная традыцыя — сустракаць Новы год на Кастрычніцкай плошчы, а затым сядзець каля бронзавых коней, каб увесь наступны год добра падарожнічалася.

Ганаруся сваім татам. У мяне нават ёсць адмысловы экскурсійны тур па Мінску для бізнес-партнёраў і сяброў, якія прыязджаюць з іншых краін. Ваджу іх па горадзе і паказваю будынкі ды скульптуры, да якіх прыклаў руку Валерый Поткін. Напрыклад, менавіта яму належыць ідэя ўсталяваць каля Ратушы бронзавы «Экіпаж», на плошчы Незалежнасці — «Дойліда». Менавіта дзякуючы яго настойлівасці на «Варотах Мінска», што на Прывакзальнай плошчы, аднавілі скульптуры салдата, інжынера, калгасніцы ды партызанкі. Што цікава, інжынера славуты скульптар Уладзімір Жбанаў зрабіў падобным на майго тату. Праўда, ён у мяне не такі стройны, але твар пазнавальны. Не ведаю, які я ў жыцці след пакіну, але мой тата, канешне, «наслядзіў» канкрэтна.

Тата са Жбанавым не толькі супрацоўнічалі, але і сябравалі. Агульныя праекты ствараюцца, калі людзі на адной хвалі, калі яны адно аднаго адчуваюць. Літаральна на выхадных мы ўсёй сям'ёй наведвалі яго магілу. Бачу, што тата вельмі перажывае. Гэта быў адзін з самых блізкіх людзей у яго жыцці.

Перцы чылі, якія засталіся ад дызайнерскай сукенкі Наташы ПОТКІНАЙ.

Пра спартыўныя шкарпэткі, 35-ы памер абутку ды патрэбу дзяліцца

Учора сустрэлі з мужам жанчыну, якая надзела спартыўныя шкарпэткі з туфлямі на абцасах. Мы ледзь стрымаліся, каб не засмяяцца. Мне пашанцавала: мама мала таго, што сама паказвала прыклад, дык яшчэ і аддала мяне ў 13  гадоў у школу Сашы Варламава, а ў 16 гадоў у школу прыгажосці Лікі Ялінскай (Анжалікі Агурбаш). Там былі педагогі, якія прывілі пачуццё густу, любоў да сябе, навучылі этыкету, догляду за сабой.

У Мінску хапае мадэльных школ. Але ж не кожная дзяўчына марыць быць мадэллю. Таму важна, каб была школа, дзе раскажуць, як быць прыгожай дзяўчыне любога росту і дастатку. Якраз такую школу прыгажосці мы з сяброўкай думаем адкрыць.

Як любая жанчына, я люблю прыгожыя рэчы. Маю вельмі шмат сукенак і туфелькаў. Але большасць з іх не затрымліваецца ў мяне надоўга. Шмат свайго адзення, у тым ліку і з уласных калекцый, аддаю дзецям з праблемных сем'яў. У мяне ж маленькі рост, нашу 35-ы памер абутку.

У маім жыцці быў перыяд, калі я толькі брала. Цяпер адчуваю патрэбу аддаваць, бо ўжо ёсць чым падзяліцца. З задавальненнем удзельнічаю ў дабрачынных праектах. Стараюся дапамагаць менавіта дзецям. Прычым грошы тут, як правіла, не асноўнае. Важней запоўніць пустату, чамусьці навучыць.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nаdzіеjа@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА, Надзея БУЖАН

Бліц-апытанка

— Вы ствараеце сцэнічныя вобразы для Іскуі Абалян, Анжалікі Агурбаш, Наталлі Падольскай, Паліны Смолавай. Для каго з замежных зорак марыце штосьці пашыць?

— З задавальненнем стварыла б які-небудзь вобраз для Мадонны. Двойчы была на яе канцэртах. Мне падабаецца яе правакацыйны стыль.

— А для мужчын?

— Напэўна, для балета Мадонны (смяецца). Я мала працую з мужчынамі.

— Ці хацелі б самі выйсці на подыум?

— Дэманструю адзенне ў жыцці. На ўсіх вечарынках у асноўным я ў сукенках свайго дызайну. Што датычыцца подыума, там ёсць вызначаныя стандарты. Я пад іх не падыходжу са сваім маленькім ростам. Праўда, некалькі гадоў таму прыняла ўдзел у дабрачынным паказе чырвоных сукенак. Вельмі хвалявалася. Звычайна я па іншы бок подыума. А тут трэба было не проста прайсціся, а пранесці ідэю мерапрыемства: мы збіралі грошы на лячэнне дзяцей з парокам сэрца. Сукенку адмыслова для гэтага мерапрыемства шыла, вобраз прыдумвала, каб адпавядаў майму лёгкаму гулліваму ўнутранаму свету і ў той жа час нагадваў пра любоў да бліжняга.

— Калі б вы былі на маім месцы, якое пытанне задалі б сабе ў якасці апошняга?

— Такога пытання мне яшчэ ніхто не задаваў (задумваецца). Напэўна, пра планы на будучыню. Я творчы чалавек. У мяне заўсёды вельмі шмат новых праектаў у галаве. Нядаўна адкрыла свой канал на YouTube. Называецца «Школа моды Наташы Поткінай». Буду здымаць у асноўным ролікі пра тое, як дзецям пашыць сабе нейкае адзенне. Магчыма, камусьці такім чынам дапамагу развіць творчыя навыкі, наблізіцца да сваёй мары. Ну, і асноўны мой праект — будаваць светлую будучыню разам з новым мужам.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.