Вы тут

Калі мы разам


Нататкі пра фестываль «Белая Вежа»-2017

Сцэна са спектакля «Скрынка Ротшыльда».

У свеце, дзе не спыняюцца палітычныя, нацыянальныя і ваенныя канфлікты, мастацтва існуе як прымірыцельная сіла. На міжнародных фестывалях людзі тэатра заўсёды маюць дружалюбныя зносіны, а спрачаюцца выключна па творчых пытаннях. Зараз ніхто не жыве спакойна, але любое свята мастацтва — гэта лакуна, дзе ўзнікае яднанне, радасць і разуменне, завязваюцца цікавыя знаёмствы.

Міжнародны тэатральны фестываль «Белая Вежа» не стаў выключэннем. Сустракаліся даўнія сябры з розных краін. Абменьваліся візітоўкамі і адрасамі новыя знаёмыя. Шчырыя пачуцці аб’ядноўвалі ўсіх, калі спадабаўся спектакль. Калі нешта не падабалася і моцна засмучала, імкнуліся казаць пра гэта мякка і далікатна.

Свабоднае плаванне

Можна настальгічна сумаваць па пачатковым фестывальным размаху «Белай Вежы» дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя. За мінулыя дзесяцігоддзі свята станавілася ўсё больш сціплае, аднак нязменна нарошчвала геаграфію запрошаных і ўскладняла сваё ўтрыманне за кошт панарамы найноўшых мастацкіх тэндэнцый. За дваццаць два гады ў Брэсце пабывалі тэатры больш як з шасцідзесяці краін свету, у тым ліку абсалютна невядомыя беларускай публіцы. Калісьці каля двух тыдняў побач з будынкам Брэсцкага тэатра стаяла мангольская юрта з акцёрамі з Манголіі. Прыязджалі японскія лялечнікі і «гарачыя» выканаўцы з Венесуэлы. На цэлы тыдзень затрымліваўся акцёрскі дэсант з Паўднёвай Асеціі з жонкамі і дзецьмі. Згаладалых акцёраў, якія атрымалі перадышку ад нацыянальнага канфлікту ў сваёй краіне, падкормлівалі і аблашчвалі ўсім светам. Але, вядома ж, сталымі ўдзельнікамі свята тэатра былі калектывы з Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы, Украіны. Сёлетні фестываль быў параўнальна больш сціплым, без пафасных прамоў і візітаў высокіх гасцей, але як заўсёды насычаны (27 спектакляў з 14 краін) і вельмі дзелавы.

Згодна з традыцыяй, якая склалася на фестывалі, тут няма журы. Ёсць каманда экспертаў-крытыкаў, якія штодня сустракаюцца з пастановачнымі групамі і рэжысёрамі і вядуць гутарку пра выбар драматургічнага матэрыялу, трактоўку п’ес, выразнасць сцэнаграфіі, пра нюансы працы акцёраў. Такія зносіны фарміруюць разуменне, у які бок тэатрам ісці далей.

Дырэктара фестывалю Аляксандра Козака пастаянна просяць сфармуляваць канцэпцыю мерапрыемства. Дасведчаны кіраўнік, акцёр і рэжысёр, Козак жартаўліва адмаўляецца, не прызнаецца, што абапіраецца выключна на ўласныя густы і прыхільнасці. Ён увесь час у курсе тэатральнага працэсу, шмат ездзіць, глядзіць, чытае. Можна сказаць, што задуманая і ажыццёўленая ім «Белая Вежа» — гэта свабоднае плаванне, без тэндэнцый і юбілейных прысвячэнняў, што дапускае незапланаваныя выпадковасці.

На фестывалі 2017 года ярка выявілася адна асаблівасць сённяшняга тэатральнага жыцця — незадаволенасць афішай дзяржаўных рэпертуарных тэатраў і жаданне драматургаў, рэжысёраў, акцёраў самастойна ажыццяўляць задуманае, шукаць новую мову зносін з публікай. Акрамя дваццаці васьмі афіцыйных дзяржаўных тэатраў, у Беларусі існуюць семдзесят розных прыватных тэатральных праектаў. Некаторыя з іх бяруць пад сваё крыло стацыянарныя тэатральныя калектывы, другія — распадаюцца, трэція — становяцца самастойнымі. Падобны працэс характэрны і для іншых краін. На сённяшняй «Белай Вежы» прыватныя праекты (тэатры без памяшканняў і стабільнага фінансавання) дэманстравалі Расія, Эстонія, Літва, Фінляндыя.

Расія

На думку крытыкаў, спектаклі з Масквы, Санкт-Пецярбурга і Татарстана (усяго пяць) не асвятлілі расійскую тэатральную панараму. Іх адбор быў выпадковым. З гэтым нельга пагадзіцца цалкам, таму што Маскву прадстаўляла «Скрыпка Ротшыльда» ў рэжысуры Камы Гінкаса паводле апавядання Антона Чэхава з адзіным за трыццаць гадоў яе жыцця ўдзелам зорнага складу выканаўцаў, сярод якіх — добра вядомыя народныя артысты Валерый Барынаў і Ігар Ясуловіч. Сцэнаграфія — не менш вядомага мастака Сяргея Бархіна. «Скрыпка» мае вышэйшую ўзнагароду Расіі — «Залатую маску». Яна аб’ехала ўвесь свет, уключаючы Амерыку. Да яе навечна далучыліся захапленні: «майстэрскі, абяззброенна цвярозы спектакль», «рэжысёр праводзіць герояў і гледачоў праз выпрабаванне жыццём без абязбольвальных тэатральных сродкаў», «спектакль — сапраўднае адкрыццё, ён захапляльна прыгожы і паэтычны, аднолькава захапляе і сэрца, і інтэлект», «пульсуючыя хвалі гарачага і халоднага, камедыі і трагедыі», «пранізліва і прадбачліва».

Гэтым сказана ўсё. На «Белай Вежы» 2017 года ён быў названы лепшым спектаклем фестывалю.

Горшым (далёка не ўсе, але многія) палічылі трагікамічны праект з Санкт-Пецярбурга «Білі Мілігран». Гэта чатырохгадзіннае дзейства ў стылі псіхадэлічнага тэатра Пятра Мамонава (цяпер, на жаль, забытага), пабудаванае на правядзенні медыцынскіх экспертыз у чаканні судовага прысуду. Дзея адбываецца ў псіхіятрычнай клініцы, дэманструе злом свядомасці. Праект сыграны маладым энергічным калектывам як студэнцкія эцюды, якія не перараслі ў цэласны спектакль.

З Масквы прыехаў камерны спектакль «Дачка», сціплая студэнцкая праца садружнасці маладых акцёраў тэатра «Студыя». Гэтая сацыяльная драма, расказаная празаічным тэкстам Захара Прылепіна, выклікала бурную дыскусію гледачоў. Вядомы ў Мінску рэжысёр Іскандэр Сакаеў паставіў у татарскім горадзе Альмецьеўску брэхтаўскае «Мяшчанскае вяселле», што было сыграна азартна і тэмпераментна. Пяты расійскі спектакль «УДВ. Усім добры вечар» быў гасцявым, антрэпрызным. Яго рэжысёр і выканаўца галоўнай ролі вядомы па тэлеэкране: Аляксандр Балуеў.

Польшча

Наша найбліжэйшая суседка заўсёды прадстаўлена ў Брэсце і ахвотна прымае ў сябе беларускія тэатры. Двухбаковым кантактам актыўна спрыяе Польскі інстытут у Мінску і Генеральнае консульства Рэспублікі Польшча ў Брэсце. Гэтым разам на сцэне былі два тэатры з Гданьска і Вроцлава, дзве п’есы вядомых польскіх драматургаў Вітольда Гамбровіча, Славаміра Мрожака, сыграныя тэатрамі з Венгрыі і Грузіі, і музычны спектакль у жанры перфарматыўнага кіно, які выкарыстоўвае ўнікальныя тэатральныя тэхналогіі.

Гэтага было дастаткова, каб акунуцца ў польскую тэатральную культуру мінулага стагоддзя (Гамбровіч і Мрожак), сённяшняга дня (мультымедыйны перформанс) і нават зведаць захапляльную гісторыю племені кашубаў, якое пражывае ля ўзбярэжжа Балтыйскага мора. Польскі тэатр, як і заўсёды, быў на вышыні. Таго ж самага на фестывалі чакалі ад Літвы.

 Літва

Чаканні апраўдаліся, хаця сёлета не было ўлюбёнца брэсцкіх гледачоў Альгірдаса Латэнаса і яго спектакляў. Затое пазнаёміліся з маладой тэатральнай студыяй Сільвы Крывіцкенэ, ужо вядомай у Беларусі па фестывалі «Март-кантакт». Гэтае творчае аб’яднанне выхоўвае выканальніцкую культуру на тэкстах Дастаеўскага і Чэхава. Яны сыгралі чэхаўскую п’есу «Іванаў» у мінімалісцкім аздабленні, практычна без дэкарацый, у касцюмах, набліжаных да сучаснай моды, што дазваляе старанна працаваць з сэнсавым матэрыялам драмы і захоўваць ансамбль. Спектакль заслужыў галоўную ўзнагароду за рэжысуру, хаця частка брэсцкіх гледачоў не захацела ўнікаць у тонкасці і палічыла пастаноўку сумнай.

Меркаванні пра другі літоўскі спектакль «Анёлы Дастаеўскага» былі аднадушнымі. Верная жанру монаспектакля Бірутэ Мар нязменна на ўсіх фестывалях скарае майстэрствам і тонкасцю выканання. Выступаючы тут не толькі як выканаўца, але і як рэжысёр, яна акунае гледачоў у свет праўды і мудрасці, сумлення і свабоды выбару, кахання і веры. Камедыя, драма, трагедыя — актрысе падуладна ўсё.

Украіна

У адрозненне ад мінулых фестываляў у Брэсце краіна выглядала сціпла. Украіну прадстаўляў музычнадраматычны тэатр з горада Роўна спектаклем паводле п’есы Надзеі Птушкінай «Ненармальная». Абсалютна глядацкі спектакль, які заваёўвае нават інтэлектуалаў і скептыкаў, апавядае пра каханне. Рэжысёр Уладзімір Петрыў і двое выканаўцаў вельмі прафесійна і далікатна раскрываюць псіхалогію рамантычных адносін.

Улюбёнец Брэста, стваральнік узрушальных вулічных спектакляў Яраслаў Федарышын, на гэты раз расчараваў. Яго «Цягнік з Львова», прадстаўлены ў стылі нямога кіно, быў пазбаўлены чаканай выразнай акцёрскай пластыкі і піратэхнічных эфектаў. Акцёры спявалі вядомыя песні мінулага стагоддзя на некалькіх мовах, шмат бегалі, але ўжо не здзіўлялі ўнікальным майстэрствам. Яны заехалі ў Брэст па дарозе на працяглыя гастролі і, магчыма, бераглі сілы.

Эстонія ды іншыя

Эстонскія тэатры даўно не бачылі ў нашай краіне. Думаю, што пра беларускую тэатральную культуру эстонцы таксама не маюць уяўлення. Тым цікавей было знаёмства з маладым тэатрам «Ферць», які іграе на рускай мове (раней ён называўся «Руская тэатральная школа»). Каманда энтузіястаў пад кіраўніцтвам Ірыны Томінгас не мае свайго памяшкання, датацый і спонсараў. Насуперак усяму яны існуюць і ездзяць на фестывалі, часцей за ўсё ў Расію.

П’еса эстонскага драматурга Урмаса Ленука «Боб ведае» прайшла ва ўсіх тэатрах Эстоніі, але тэатр «Ферць» прачытаў яе не толькі як гісторыю цяжкай любові, але і разглядзеў у ёй мноства сэнсаў, пачынаючы з вечных законаў, згодна з якімі ўладкаваны свет. Глыбокая вынаходлівая рэжысура адмаўляецца ад відовішчнасці. На сцэне — усяго два крэслы, якія выконваюць розныя функцыі і пастаянна працуюць разам з акцёрамі. Аднак перад намі — сапраўдны тэатр у адсутнасці традыцыйнага разумення тэатра. У ім цудоўныя акцёрскія работы.

Этнічнае і іншыя асаблівасці

Зусім расчаравалі калегі з Латвіі, хаця ігралі спектакль паводле апавяданняў Аркадзя Аверчанкі, класіка рускай літаратуры, звязанага з Рускім тэатрам у Рызе. Крыўляліся і пераціскалі ў падачы тэксту.

Грузія заваявала публіку тэмпераментам і прыгожымі грузінскімі песнямі, дадаўшы трохі палітычнага акцэнту.

Венгры выкарыстоўвалі ў сцэнаграфіі гіганцкія рулоны туалетнай паперы і пазалочаныя ўнітазы.

 Казахі дзівілі нацыянальнымі рытуаламі, выявамі духаў продкаў, прыгожым этна.

Чэхі ў сваім вулічным спектаклі ездзілі на гіганцкіх роварах, на якія можна падняцца толькі па спецыяльнай лесвіцы.

Сумнаваты спектакль «Споведзь» атрымаўся ў македонцаў. Яны расчыталі свет скандынаўскага генія Інгмара Бергмана як статычнае дзейства і адсутнасць думак пра пошук духоўнай свабоды. Магчыма, македонцы хацелі прытушыць свой паўднёвы тэмперамент і асвоіць стылістыку марудлівай паўночнай Швецыі. Не атрымалася: спадчына вядомага шведа засталася для іх загадкай.

Таксама зусім не зразумелі раман Дастаеўскага «Злачынства і пакаранне» рэжысёр і актрыса з Фінляндыі. Далікатную неабароненую Сонечку Мармеладаву яны выпусцілі ў сучасны свет і зрабілі дасведчанай прастытуткай. Кароткая, схематычна скажоная прабежка па вялікім рамане будавалася на песенным вінегрэце. Спявалі «Полюшко-поле», французскі шансон, рок і іншыя «Сумныя песні з сэрца Еўропы» (так называўся іх спектакль). Частавалі гледачоў віном, а п’янчужка Мармеладаў — бацька Сонечкі — хадзіў па барах з чырвоным сцягам, на якім былі намаляваны серп і молат. Усё змяшалася ў фінскіх галовах, але нашы людзі вырашылі, што гэта адбылося таму, што ў фінаў сухі закон, і яны ад душы напоўнілі свой спектакль бутэлькамі з алкаголем.

У апошні дзень фестывалю паказалі «Беспасажніцу» з Малдовы. Тэкст п’есы Аляксандра Астроўскага змясцілі ў сучасную рэальнасць, напоўніўшы бандыцкімі разборкамі, бойкамі, сексуальнымі сцэнамі.

Сабраўшы ў кучу поспехі і няўдачы асобных спектакляў, мы не паспелі сказаць пра галоўнае: вельмі разнастайна і годна была прадстаўлена тэатральная Беларусь. Яна пачынала свята, закрывала яго і перамагла ў чатырох намінацыях, паказаўшы сем спектакляў у розных формах і жанрах. Але пра гэта — у наступны раз.

Таццяна Арлова

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.