Вы тут

Андрэй Кабякоў агучыў вынікі экспартнай дзейнасці краіны


Экспарт тавараў і паслуг у студзені—ліпені вырас на 19,5% у параўнанні з аналагічным перыядам летась. Пра гэта расказаў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў падчас пасяджэння Прэзідыума Савета Міністраў, якое прайшло ў сталіцы. На мерапрыемстве абмяркоўваліся вынікі работы па нарошчванні і дыверсіфікацыі экспарту. Пры гэтым пытанне дыверсіфікацыі ўсё яшчэ застаецца адкрытым.


Прыраслі ў таварах і паслугах

Па інфармацыі кіраўніка ўрада, экспарт тавараў вырас на 21,1%, а паслуг — на 14,8%. Рост экспарту паслуг адбыўся за кошт павелічэння транспартных, камп'ютарных, тэлекамунікацыйных і шэрагу іншых паслуг. Іх доля ў агульным аб'ёме экспарту склала 20,9%.

На думку Андрэя Кабякова, найважнейшай задачай для айчынных паставак з'яўляецца як захаванне і ўмацаванне пазіцый у Расіі, так і павелічэнне аб'ёмаў вытворчасці і дыверсіфікацыя наменклатуры тавараў для экспарту ў ЕС і іншыя краіны. Пры гэтым ён адзначыў, што Нацыянальнай праграмай развіцця і падтрымкі экспарту на 2016—2020 гады пастаўлена задача нарасціць долю экспарту паслуг да 22% у 2017 годзе і да 25% у 2020 годзе ў агульным аб'ёме экспарту.

З 14 дзяржавамі трэба яшчэ папрацаваць

Падчас пасяджэння прэм'ер-міністр нагадаў, што Прэзідэнт паставіў задачу па раўнамерным размеркаванні экспарту паміж ЕАЭС, ЕС і іншымі краінамі. «А гэта размеркаванне пакуль не выконваецца. На долю краін ЕАЭС у студзені—ліпені 2017 года пайшло 47,8%, з іх на долю Расіі — 45,3%, краін Еўрапейскага саюза — 26,5%, астатніх краін — 25,7%. Экспарт у Расію вырас на 24,4% і склаў 7,2 млрд долараў. Сёння на гэты рынак ідуць амаль усе пастаўкі мясной і малочнай прадукцыі, абутку, звыш 80% агульнага аб'ёму халадзільнікаў, маразільнікаў, камбайнаў, прыкладна тры чвэрці грузавых аўтамабіляў», — распавёў Андрэй Кабякоў. Ён таксама адзначыў, што ў краіны «далёкай дугі» экспарт вырас на 19,2% і склаў 1,8 млрд долараў. «Трэба павялічваць не толькі аб'ёмы калійных угнаенняў на рынкі гэтых краін, але і актыўна нарошчваць экспарт прадукцыі машынабудавання, сельскагаспадарчых і харчовых тавараў. І тут важная актыўная работа службовых асоб, якія замацаваныя за гэтымі краінамі па геаграфічнай дыверсіфікацыі экспарту», — падкрэсліў кіраўнік урада. Ён удакладніў, што па 14 дзяржавах заданні па росце экспарту тавараў пакуль не выконваюцца. Пры гэтым агульныя паказчыкі па экспарце тавараў і паслуг выкананы ўсімі органамі дзяржкіравання і выканкамамі. «Гэта, безумоўна, вельмі добры вынік, аднак задача па нарошчванні экспарту на новыя перспектыўныя рынкі ў поўным аб'ёме не выконваецца. Гэта сведчанне таго, што тых мер, што прымаюцца, недастаткова, і неабходна далейшая канцэнтрацыя намаганняў у гэтым кірунку», — падкрэсліў Андрэй Кабякоў. Паводле яго слоў, асаблівую ўвагу кіраўнікам міністэрстваў, канцэрнаў, выканкамаў неабходна ўдзяліць выкананню дамоўленасцяў па выніках візітаў з удзелам кіраўніка дзяржавы.

Два сцэнарыі

Нягледзячы на тое, што вынікі экспартнай дзейнасці падводзіць яшчэ рана, ва ўрадзе ўжо ёсць бачанне, на якія лічбы можна будзе выйсці да канца года. Як расказаў першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка, рост экспарту Беларусі ў 2017 годзе па песімістычным сцэнарыі складзе 5—7%, аптымістычным — да 15%. «Прыкладна ў лістападзе летась мы пачалі прырастаць упершыню па экспарце пасля трох гадоў падзення. Таму ў чацвёртым квартале будзе значна складаней гэтыя працэнты адваёўваць», — растлумачыў Андрэй Еўдачэнка. Ён таксама паведаміў, што за сем месяцаў сёлета структура беларускага экспарту зведала змены. Так, 83% прыросту экспарту далі несыравінныя тавары. У асноўным гэта складаная прадукцыя машынабудавання і тэхнічная, прадукты харчавання і сельскай гаспадаркі.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

kryhevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Не змаглі падзяліць на тры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».