Вы тут

Як затрымаць маладых спецыялістаў у глыбінцы


Пра тое, што рэгіёнам патрэбны кваліфікаваныя кадры, чуем рэгулярна. Але многія вакантныя месцы ў правінцыі так і застаюцца незапоўненымі, а выпускнікі ўніверсітэтаў і каледжаў імкнуцца ў сталіцу і буйныя абласныя гарады. Чым могуць прывабіць моладзь мясцовыя прадпрыемствы? Якія ўмовы могуць стварыць для спецыялістаў, каб тыя не збеглі пасля заканчэння тэрміну адпрацоўкі? Разбіраемся разам з экспертамі.


Хлебазавод №1, г. Мінск. Фота Надзеі БУЖАН

Лепш замацоўваюцца педагогі і медыкі

«Што, на ваш погляд, можа паспрыяць замацаванню маладога спецыяліста на працоўным месцы?» — з такім пытаннем Лідскі райвыканкам звярнуўся летась да выпускнікоў, якія прыбылі ў рэгіён па размеркаванні. У анкетаванні ўдзельнічалі 164 маладыя спецыялісты. Галоўным фактарам яны назвалі высокую аплату працы: гэты пункт адзначыла 57,3 працэнта апытаных. На другім месцы аказалася перспектыва кар'ернага росту (прагаласавала 40,2 працэнта). На трэцім — наяўнасць жылля (важна для 32,3 працэнта). Неабходнасць развітой інфраструктуры адзначыў кожны сёмы малады спецыяліст.

Тое, што заробак адыгрывае вырашальную ролю, відаць і на практыцы. Калі ў сельскай гаспадарцы плацяць няшмат, дык і працэнт замацавання ў гэтай сферы самы нізкі ў раёне.

— Гэта наша балючае месца, — прызнаецца галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідскага райвыканкама Ганна КЕНЦЬ. — У нас шэсць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў знаходзяцца ў стадыі банкруцтва. Натуральна, што моладзь, якая трапіла туды, будзе шукаць іншыя варыянты працаўладкавання.

Але, адзначае спецыяліст, у цэлым працэнт замацавання ў Лідскім раёне вышэйшы за паказчык па Гродзенскай вобласці. Па статыстыцы за мінулы год, у галіне культуры засталася пасля размеркавання палова, у прамысловасці — 55 працэнтаў. Лепш за ўсё справы ў адукацыі і ахове здароўя: там замацавалася 88 і 78 працэнтаў моладзі адпаведна.

— У медыцынскіх установах іх берагуць і песцяць. Там спецыялісты адчуваюць сваю запатрабаванасць, — мяркуе Ганна Кенць.

Работа з моладдзю ў рэгіёне вядзецца па наступных кірунках: працаўладкаванне з улікам атрыманай спецыяльнасці, уцягненне ў грамадскую дзейнасць, арганізацыя стажыровак пад кіраўніцтвам вопытных куратараў, матэрыяльнае стымуляванне. Як правіла, больш эфектыўнае замацаванне на прадпрыемствах з багатай гісторыяй і традыцыямі.

У якасці прыкладу прыводзяць Лідскую цэнтральную раённую бальніцу. Маладым спецыялістам устаноўлены надбаўкі ў памеры не менш за 10 працэнтаў ад акладу, а тым, хто скончыў вучэбныя ўстановы з адзнакай, — да 30 працэнтаў за кошт дзесяці працэнтаў планавага фонду заработнай платы. Медыкам, што працуюць на сяле, але жывуць у горадзе, кампенсуюць затраты па праездзе да месца работы і назад. У адпаведнасці з загадам галоўнага ўрача бальніцы, за маладымі спецыялістамі замацаваны куратары з ліку дактароў, якія маюць стаж не менш за шэсць гадоў і кваліфікацыйную катэгорыю. Гэта спрыяе адаптацыі новых работнікаў на месцы і іх прафесійнаму росту.

Большасць выпускнікоў, якія размяркоўваюцца ў раён (53 працэнты) — мясцовыя і жывуць з бацькамі. Астатніх стараюцца забяспечваць пакоем у інтэрнаце ці выплачваць частковую кампенсацыю за здым кватэры.

Сем'ям у калгасе — па катэджы

У Лагойскім раёне працэнт замацавання з года ў год застаецца высокім — 80—95.

— У нас перспектыўны рэгіён, многія просяцца сюды на размеркаванне. Па-першае, умовы працы ў арганізацыях добрыя. Па-другое, выгаднае месцазнаходжанне, побач з Мінскам. У нас ёсць галіны, дзе маладыя спецыялісты стапрацэнтна забяспечваюцца жыллём: у гэтым кірунку добра працуюць медыцына, сельская гаспадарка. На адным з комплексаў нават спецыяльна адрамантавалі дом для моладзі, забяспечылі бытавой тэхнікай, — апісвае сітуацыю начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лагойскага райвыканкама Яўгенія ПАЛЯШЧУК.

Яна ўпэўнена: каб нядаўнія выпускнікі заставаліся ў рэгіёнах, патрэбна добрая інфраструктура. Лагойск ёй можа пахваліцца — тут ёсць і відэазала 3D, і ўстановы культуры, і школы мастацтваў, і танцавальныя і тэатральныя гурткі.

Самыя частыя пытанні, якія гучаць на сустрэчах моладзі з кіраўніцтвам раёна, — жыллёвыя. «Але, мне падаецца, яны хвалююць спецыялістаў не толькі ў нас, але і ў цэлым па краіне», — лічыць Яўгенія Паляшчук.

Як вырашаюцца жыллёвыя пытанні на канкрэтным працоўным месцы, расказалі ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве «Наднёман» Уздзенскага раёна. Прыкладна чвэрць работнікаў гаспадаркі (гэта каля 40 чалавек) — ва ўзросце да 30 гадоў. Сямейным людзям выдзяляюць катэджы, адзінокім — пакоі ў прыватных дамах.

— Санвузлы і кухні там ужо абсталяваны. Мы самі робім ім рамонт, — дзеліцца падрабязнасцямі намеснік кіраўніка прадпрыемства па ідэалогіі Святлана ЛАБАНАВА. — Як толькі выпускнік па размеркаванні прыязджае, адразу засяляецца. Першыя два гады забяспечваем маладых спецыялістаў дровамі і брыкетам на ўвесь зімовы перыяд.

Цяпер у гаспадарцы выдзелена чатыры домікі для незамужніх і нежанатых маладых работнікаў і 25 — для сямейных.

Расціць кадры з мясцовых

— Што можа ўтрымаць моладзь у раёне? — задумваецца Юлія ЧАГАРЫНА, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Браслаўскага райвыканкама. — Як удала складзецца асабістае жыццё. Калі ўтвараюцца пары, маладыя людзі рэдка пераязджаюць у іншую мясцовасць. І, безумоўна, важнае значэнне маюць заробкі. Спецыялісты, якія прыходзяць у медыцыну, гэта пытанне не ўздымаюць. У банкаўскай сферы, по словах самой моладзі, таксама дастаткова зарабляюць. А вось у калгасах з нестабільным фінансавым становішчам гэта праблема стаіць востра. Але гаспадаркі стараюцца хоць неяк матэрыяльна падтрымаць маладых работнікаў. Напрыклад, праводзяць бясплатна інтэрнэт у дамы.

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Кіраўніцтва раёна сочыць за тым, каб маладыя спецыялісты былі забяспечаны ўсім неабходным. Ствараецца працоўная група, якая выязджае на месца і глядзіць, як прадпрыемства, куды размеркаваліся выпускнікі, вырашыла пытанні бытавых умоў, заробку, арганізацыі вольнага часу.

Каб зразумець, чым незадаволены юнакі і дзяўчаты, запускалася анкетаванне.

— Асноўная прэтэнзія — недахоп вольнага часу. Маладым людзям сёння хочацца мець магчымасць выязджаць некуды на адпачынак, а з-за шчыльнага працоўнага графіка гэта не атрымліваецца. Перыядычна ўзнікаюць нараканні на недастатковасць спартыўных секцый, забаўляльных устаноў... Але адна з моцных гаспадарак неяк спрабавала закупляць фітнес-абанементы для работнікаў, вазілі людзей з вёскі ў горад у трэнажорную залу. Спачатку ўсе вельмі актыўна цікавіліся, а праз два тыдні ажыятаж спаў...

На думку Юліі Чагарынай, моладзі варта было б памятаць не толькі аб тым, што павінны зрабіць для іх, але і аб тым, што першае працоўнае месца — гэта шанц праявіць сябе, заявіць аб сваіх здольнасцях. «Недахоп кваліфікаваных кадраў у арганізацыях ёсць, таму, я думаю, калі прыйдзе чалавек кваліфікаваны, актыўны, такога заўсёды падтрымаюць».

У Бярозаўскім раёне штогод каля 70 працэнтаў моладзі пасля заканчэння тэрміну размеркавання застаецца на сваіх працоўных месцах. Большасць прыходзіць у сацыяльную сферу (адукацыю і ахову здароўя). У прамысловасці добра замацоўваюцца тады, калі трапляюць на моцныя прадпрыемствы, напрыклад, на мясцовыя сыра- і мясакамбінат, камбікормавы завод.

Загадчыца сектара па справах моладзі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бярозаўскага райвыканкама Вольга ЯРМАШЭВІЧ мяркуе, што над тым, каб моладзь заставалася ў раёне, варта працаваць яшчэ са школьнай лаўкі:

— Калі прыязджаюць выпускнікі з іншых раёнаў, яны вельмі рэдка затрымліваюцца. Трэба расціць спецыялістаў са сваіх, мясцовых. Вывучаць, якія работнікі патрэбны раёну, і ўплываць на выбар навучэнцаў яшчэ ў школе, каб яны атрымлівалі адпаведную прафесію і вярталіся дадому працаваць.

Прафсаюзы Мінскай вобласці праводзілі маніторынг умоў працы і быту маладых спецыялістаў, каб высветліць, як выконваюцца гарантыі і забяспечваецца сацыяльная абароненасць работнікаў, дзе яны застаюцца, а адкуль з'язджаюць.

Маніторынг паказаў шмат станоўчых прыкладаў замацавання ў галінах аховы здароўя, адукацыі, энергетыкі, газавай і паліўнай прамысловасці, лясной гаспадарцы.

Так, у сістэме аховы здароўя паказчык замацавання маладых спецыялістаў з вышэйшай медыцынскай адукацыяй у сярэднім па вобласці за пяць гадоў (з 2012-га па 2016-ы) склаў 66,5 працэнта. Маладыя ўрачы атрымліваюць усе гарантыі і кампенсацыі, устаноўленыя заканадаўствам. У якасці стымуляцыйных мер па кантракце прадугледжана павышэнне тарыфнай стаўкі не менш чым на 20 працэнтаў, а ў многіх арганізацыях гэта лічба павялічана да 50 працэнтаў. За мінулы год 361 малады спецыяліст палепшыў жыллёвыя ўмовы (атрымалі кватэры, арэнднае жыллё, месца ў інтэрнаце). Кампенсацыя затрат за здым кватэры выплачваецца згодна з калектыўным дагаворам у памеры ад трох да пяці базавых велічынь.

У арганізацыях адукацыі пасля двухгадовай адпрацоўкі на першым месцы застаюцца 67,7 працэнта педагогаў. Мяркуецца, што гэтаму спрыяла ў тым ліку ўключэнне ў абласное Пагадненне прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі нормы аб заключэнні кантрактаў на максімальны тэрмін са спецыялістамі трэцяга года работы, з павелічэннем акладаў на 50 працэнтаў і прадастаўленнем дадатковага водпуску ў пяць каляндарных дзён.

Адно з самых вострых пытанняў — гэта жыллё. Старшыні рэгіянальных арганізацый галіновага прафсаюзу дапамагаюць у вырашэнні згаданай праблемы. Так, у 2016—2017 навучальным годзе ў інтэрнаты Жодзіна заселены ўсе іншагароднія маладыя спецыялісты (22 чалавекі). У Мінскім раёне пасля рэканструкцыі будынка Багатыроўскай пачатковай школы пад інтэрнат у ім далі месцы 11 педагогам Азярцоўскай сярэдняй школы.

За 2015—2016 гады ў аграпрамысловы комплекс вобласці прыбылі 1280 маладых спецыялістаў. З іх 536 — тыя, хто вярнуліся на радзіму і жывуць з бацькамі, 515 атрымалі службовую кватэру (дом) ці месца ў інтэрнаце, 172 здымаюць жыллё і 57 маюць уласнае. Заробак нядаўніх выпускнікоў на сяле складае ад 200 да 800 рублёў у залежнасці ад фінансава-эканамічнага стану прадпрыемства і віду дзейнасці. Самы нізкі ўзровень заработнай платы маладых спецыялістаў — у асобных арганізацыях Любанскага, Пухавіцкага і Чэрвеньскага раёнаў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Добра там, дзе... мы ёсць?

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.