Вы тут

З якімі праблемамі сутыкаюцца маладыя педагогі?


"Ці лёгка быць маладым?" — гэта філасофскае пытанне стала лейтматывам сустрэчы, якую арганізавалі для маладых педагогаў Мінскі гарадскі камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама.


Сёлета ў сістэму адукацыі сталіцы ўліліся 730 новых педагогаў. На сустрэчу прыйшлі 140 "навабранцаў", але крыху пазней падобныя сустрэчы адбудуцца для маладых спецыялістаў ва ўсіх раёнах Мінска. Пытанняў у іх заўсёды ўзнікае шмат. Напрыклад, усіх без выключэння цікавіць, ад якіх фактараў залежыць заработная плата? Ці можна паўплываць на яе памер? З якім стажам педагог можа прэтэндаваць на кваліфікацыйную катэгорыю? На якую матэрыяльную дапамогу могуць разлічваць іншагароднія педагогі, размеркаваныя ў сталіцу? Што павінна быць прапісана ў кантракце? Хто можа дапамагчы па-за сценамі навучальнай установы? Адказы на гэтыя пытанні давалі кампетэнтныя спецыялісты.

Між іншым, праблема замацавання маладых педагогаў на першым працоўным месцы для сталіцы па-ранейшаму актуальная. Няхай яна і не стаіць так востра, як яшчэ тры-чатыры гады таму, калі ў галіне заставалася не больш як 45% ад агульнай колькасці (сёння гэты паказчык дасягае 60 працэнтаў), тым не менш далёка не ўсе выпускнікі педагагічных спецыяльнасцяў звязваюць сваю будучыню са школай. Нехта спрабуе пасля заканчэння адпрацоўкі па размеркаванні самарэалізавацца ў тых сферах, дзе плацяць больш, дзе працоўны дзень строга рэгламентаваны, а выхадныя дні можна прысвяціць уласнай сям'і.

Даволі вострай з'яўляецца і праблема з жыллём. У Мінску пакуль дзейнічае толькі адзін інтэрнат для маладых педагогаў, прычым толькі для тых, хто яшчэ не мае сям'і. Але па даручэнні старшыні гарвыканкама месцы для педагогаў могуць выдзяляцца ў інтэрнатах прадпрыемстваў-шэфаў. Да таго ж сёлета гарвыканкам выдзеліў для педагогаў 75 кватэр. Маладыя спецыялісты могуць стаць у чаргу для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. (Многія педагогі-пачаткоўцы гэта ўжо ведаюць, іншыя даведаліся пасля сустрэчы.)

Трэба заўважыць, што ў сталіцы ўстаноўлены штомесячныя даплаты маладым спецыялістам у памеры адной базавай велічыні на працягу двух гадоў пасля заканчэння тэрміну працы па размеркаванні. Пры заключэнні кантрактаў для маладых спецыялістаў прадугледжаны заахвочвальныя дадатковыя дні адпачынку.

Што тычыцца заработнай платы, то ў адукацыі дзейнічае складаная сістэма разліку. Спецыялістамі сацыяльна-эканамічнай службы прафсаюза быў распрацаваны ўніверсальны аўтаматычны анлайн-разлік стаўкі (акладу) для асобных груп работнікаў устаноў адукацыі сталіцы. Яго можна знайсці на сайце гарвыканкама прафсаюза http://profobraz.by. (Пры распрацоўцы пастараліся ўлічыць найбольш частыя пытанні і вострыя моманты, звязаныя з налічэннем заробку.)

Не так даўно з падачы Маладзёжнага савета Мінскай гарадской арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі вырашылася пытанне аб адтэрміноўцы ад службы ў арміі для маладых выкладчыкаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Добрым спосабам падтрымаць настаўнікаў-пачаткоўцаў у сталіцы лічаць прафесійныя конкурсы педагагічнага майстэрства, бо іх пераможцы маюць права на пазачарговае атрыманне кваліфікацыйнай катэгорыі. У маладых педагогаў у горадзе ёсць шмат магчымасцяў, каб сябе праявіць. Адна з іх — штогадовы конкурс "Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі", дзе для старшакурснікаў педагагічных спецыяльнасцяў прадугледжана намінацыя "Педагагічны дэбют", а для педагогаў са стажам працы не больш як тры гады — намінацыя "Мы — маладыя". Да таго ж такія конкурсы ўплываюць як на якасць адукацыі, так і на імідж педагогаў у грамадстве.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Што трэба ведаць:

Маладому спецыялісту абавязаны забяспечыць нагрузку не менш стаўкі, а зніжэнне нагрузкі магчыма толькі з яго пісьмовай заявы.

Перавесці маладога спецыяліста на работу, якая не звязана з атрыманай спецыяльнасцю і прысвоенай кваліфікацыяй, да заканчэння размеркавання нельга.

Здараецца, што маладым спецыялістам забараняюць сумяшчальніцтва, аднак гэта неправамерна. Яны маюць поўнае права сумяшчаць работу не толькі ў свайго непасрэднага наймальніка, але і ў іншай установе. Адзінае абмежаванне — не больш чым на 0,5 стаўкі.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.