Вы тут

"Зялёная" філасофія


Беларуская дуда і слімакі на экафестывалі

«Экалагічнае» свята завітала да Ірыны і Міхаіла Макеяў, гаспадароў аграсядзібы «Верас», што ў Зэльвенскім раёне Гродзенскай вобласці. Менавіта гэтае месца абралі для экафестывалю «Organic party», ці, як пераклалі назву арганізатары, «Зялёнай гулянкі». Гэта адно з мерапрыемстваў праекта БАА «Адпачынак у вёсцы», арганізаванае разам з Зэльвенскім райвыканкамам, Беларускім саюзам дызайнераў і грамадскай арганізацыяй «Школа маладога фермера».


 — Яшчэ 26 гадоў таму на месцы сядзібы не было нічога, толькі балота. Але ў гаспадароў было вялікае жаданне нешта тут стварыць. І зараз я шчаслівая, што мы можам ладзіць нашу «гулянку» менавіта тут, — паведаміла старшыня арганізацыі «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова.

Між іншым у 2016 годзе сядзіба «Верас» атрымала Гран-пры рэспубліканскага конкурсу на лепшую аграсядзібу Беларусі. І нядзіўна. «Верас» — першая ў краіне сядзібна-фермерская гаспадарка і сёння адна з самых буйных сядзіб Беларусі. І сапраўды, цалкам абысці ўсю тэрыторыю «Вераса» даволі цяжка. Шмат у чым з-за таго, што на кожным кроку сустракаюцца нейкія цуды. Ідзеш — і абавязкова на шляху сустрэнеш некалькі паўлінаў ці цацарак. Ці спецыяльна абіраеш месца, каб не раздушыць маленькія грыбочкі, што растуць на тэрыторыі сядзібы. Тут і велізарны дэндрапарк, у якім больш за 250 відаў і разнавіднасцяў дрэў і хмызнякоў. За некалькі кіламетраў ад сядзібы — Сынкавіцкая царква-крэпасць, якая менавіта ў дзень «Зялёнай гулянкі», 16 верасня, адзначыла 610-годдзе з дня заснавання.

«Зялёнай» гулянка стала з-за таго, што, калі кажуць «арганік» або «эка», уяўляюць менавіта зялёны колер. Задача фестывалю — у тым, каб растлумачыць, што арганічная «зялёная» філасофія — гэта і беражлівае стаўленне да наваколля, і адмова ад бесперапыннага спажывання, і павага да традыцый.

На фестывалі працавала некалькі секцый. Секцыя «Organic-art» прэзентавала працы беларускіх дызайнераў, удзельнікаў пленэру, якія прадставілі свае інсталяцыі з прыродных матэрыялаў — саломы, сена, гародніны-садавіны, лазы. У гэтай жа секцыі адкрылі парк скульптур або арт-прасторы. «Рамесны падворак» зладзіў кірмаш рамеснікаў і аграсядзіб. Дарэчы, у госці на «Зялёную гулянку» завіталі прадстаўнікі шматлікіх іншых беларускіх сядзіб: «Студзінкі», «Нясвіжскай», «Прыазёрнай», «За масточкам». «Экаежа» прадставіла прадукцыю фермерскіх гаспадарак і турыстычных кластараў. Бралі ўдзел у «гулянцы» фермерскія гаспадаркі «Вілія-Агра», «Валожынскія гасцінцы», «Водар Белавежжа», «Ратаў».

У секцыі «Універсітэт зялёнай філасофіі» арганізавалі галоўную і пазнавальную праграму. Тут госці наведвалі прэзентацыю кнігі «Сакатала бочачка» беларускага гісторыка, публіцыста, культуролага і гаспадара аграсядзібы «Брама ў Налібокі» Алеся Белага. Даведаліся пра рэгіянальны кулінарны конкурс у Ваўкавыскім раёне, пра які расказваў Яўген Красноўскі, гаспадар аграсядзібы «Альхова». Слухалі дуду і скрыпку на музычнай лекцыі «Ад дуды да скрыпкі: пазнаем саміх сябе», якую ладзіў Алесь Лось, гаспадар сядзібы «Хутар Дудара».

Разыначкай фестывалю сталі беларускія слімакі, якіх прыгатаваў Вячаслаў Гарбатаў, адзін з вядомых беларускіх шэфкухараў. Магчымасць пакаштаваць яшчэ нязвыклую для Беларусі страву была ва ўсіх гасцей фестывалю. Падавалі слімакоў разам з багетам і арганічным віном, якое падбіралася спецыяльна для «экалагічнага» свята. Афіцэр ордэна сельскагаспадарчых заслуг Францыі і кіраўнік арганізацыі «Франс груп» Яўгенія Бунас паведаміла пра арганічнае фермерства на лекцыі «Agriculture у Францыі і Беларусі: ад фермерскага вырабу да развіцця экспарту»:

— Акрамя тэхналагічных рашэнняў у сферы сельскай гаспадаркі, мая роля заключаецца ў тым, каб з такіх незвычайных прадуктаў, як слімакі, ствараць рэгіянальную гісторыю Беларусі. Яе змогуць ацаніць як беларускія жыхары (у нас насамрэч ёсць вялікая колькасць аматараў арыгінальнай кухні), так і нашы замежныя госці. Мы ствараем імідж нашай краіны: ні адно мерапрыемства ў Францыі, на якім мы можам прапанаваць французам адпачынак у Беларусі, не абыходзіцца без удзелу нашай арганізацыі.

Валерыя Кліцунова нагадала, што першая «Зялёная гулянка» ладзілася ў 2014 годзе, і выказала спадзеў, што з гэтага моманту фестываль будзе арганізоўвацца як мага часцей. У гэтым і мэта — паказаць, наколькі правільным, карысным і арганічным можа быць адпачынак у вёсцы, прыцягнуць да сельскага адпачынку гарадскога жыхара. Бо аграэкатурызм — цудоўная магчымасць быць у гармоніі з прыродай. Яшчэ гэта магчымасць пазнаёміцца з традыцыйным побытам, рамёствамі, фальклорам, кухняй. І, мабыць, самае галоўнае — магчымасць зносін з мясцовым насельніцтвам, якое застаецца носьбітам беларускай культуры.

 Ксенія ВЯДЗМЕДЗЬ

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».