Вы тут

Як гродзенкі на веласіпедны шпацыр выйшлі


Акцыя прайшла ў падтрымку веласіпеднага руху з удзелам жанчын. Арганізатары ставяць задачу дабіцца гендарнага парытэту на веладарожках горада.


— Пакуль у горадзе пераважная колькасць веласіпедыстаў — мужчыны, — паведаміла старшыня грамадскай арганізацыі "ВелаГродна" Юлія Каляда. — Але мы спадзяёмся, што наш рух падтрымаюць і прадстаўніцы прыгожай часткі чалавецтва, калі ўбачаць, як элегантна выглядае жанчына на веласіпедзе. На гэта і накіравана наша акцыя.

На заклік арганізатараў адгукнуліся некалькі дзесяткаў жанчын усіх узростаў. Ірына Бяляўская прызналася, што яна ўжо бабуля, і цяпер у паездкі па горадзе бярэ з сабой унука. Сама яна, колькі сябе памятае, заўсёды са сваім двухколавым сябрам — штодзень не менш пяці гадзін раз'язджае па горадзе. Нават на спевы ў царкоўным хоры прыязджае на веласіпедзе, праўда, бярэ з сабой адзенне і туфлі на абцасах. Па словах жанчыны, пастаянныя трэніроўкі зрабілі яе вельмі вынослівай — Ірына можа адолець самы круты пад'ём. На шпацыр па горадзе жанчына ўпрыгожыла свой веласіпед яркім восеньскім букетам.

Вольга Гаўрылік, гродзенская прадпрымальніца, выдзяляецца яркім адзеннем. На кашулю-вышыванку надзета лімонная велакуртка. Доўгая спадніца з лёгкай аранжавай тканіны завяршае рамантычны вобраз.

— Я яшчэ ніколі не ездзіла на спартыўным веласіпедзе ў доўгай спадніцы і вось вырашыла паспрабаваць. Атрымоўваецца нядрэнна, дзякуючы таму, што збоку разрэз. Думаю, што праеду дыстанцыю без праблем, — упэўнена веласіпедыстка.

Вольга займаецца мядовым бізнэсам. Яе прадпрыемства знаходзіцца за 35 кіламетраў ад горада. Таму на работу яна ездзіць на аўтамабілі, а вось па выхадных абавязкова па 15—18 кіламетраў у лесапарку накручвае на сваім веласіпедзе. Кажа, што менавіта такія паездкі яе больш за ўсё жывяць, як фізічна, так і эстэтычна, бо веладарожкі праходзяць па маляўнічых кутках лесапаркавай зоны.

Пакуль адны ўдзельніцы акцыі толькі падцягваліся ў гарадскі парк, іншыя спаборнічалі ў конкурсе на лепшае манеўраванне. Найбольш спрытнымі аказаліся юныя веласіпедысткі. Многія ўдзельніцы ўпрыгожылі свае транспартныя сродкі стужкамі, кветкамі, кошыкамі з гароднінай. Стыльны каляровы картэж накіраваўся па пешаходнай вуліцы да ўзбярэжжа Нёмана. На працягу ўсяго маршруту яго суправаджалі фатографы, якія вызначылі самы прыгожы веласіпед і самую прыгожую велалэдзі.

Па словах Юліі Каляды, першы заезд аказаўся ўдалым. Такія акцыі будуць працягвацца і надалей. Аранізатары мяркуюць, што велалэдзі ў хуткім часе могуць скласці 50% усіх удзельнікаў веларуху ў Гродне.


Наша даведка:

Акцыя "Лэдзі на веласіпедзе" прайшла ў рамках Тыдняў устойлівага развіцця. Мерапрыемствы будуць доўжыцца на працягу лістапада і пройдуць па ўсёй краіне. Гэта круглыя сталы, конкурсы, экалагічныя экскурсіі, мясцовыя фестывалі і святы, інфармацыйныя і адукацыйныя акцыі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».