Вы тут

Праводзілі зборную Беларусі на чэмпіянат WоrldSkіls Іntеrnаtіоnаl


У Мінскай гарадской ратушы ўрачыста праводзілі беларускую зборную на чэмпіянат свету па прафесійным майстэрстве.

WоrldSkіlls — найбуйнейшыя спаборніцтвы, своеасаблівыя «алімпійскія гульні» для маладых рабочых і спецыялістаў. Яны праводзяцца кожныя два гады ў міжнародным фармаце. Прыняць удзел у чэмпіянаце «залатых рук» могуць маладыя кваліфікаваныя рабочыя, студэнты, навучэнцы ліцэяў і каледжаў ва ўзросце да 22 гадоў.


44-ы чэмпіянат WоrldSkіls Іntеrnаtіоnаl пройдзе з 14 па 19 кастрычніка ў Абу-Дабі (ААЭ). Удзел у ім возьмуць больш за 1200 канкурсантаў з 77 краін. Спаборніцтвы будуць праходзіць па 51 кампетэнцыі. У склад нацыянальнай зборнай WоrldSkіlls Bеlаrus увайшлі 29 чалавек — навучэнцы каледжаў, студэнты і маладыя кваліфікаваныя рабочыя з усіх рэгіёнаў Беларусі. Яны будуць змагацца ў 27 кампетэнцыях, сярод якіх «цяслярскія работы», «выраб мэблі», «праграмнае забеспячэнне для бізнесу», «вэб-дызайн», «такарныя работы», «фрэзерныя работы», «электроніка», «цырульніцкае мастацтва», «дызайн адзення» і іншыя. Гэта будзе ўжо другая спроба выступлення беларусаў на самым высокім міжнародным узроўні.

— Вам аказаны высокі давер — прадстаўляць Беларусь на сусветным форуме, і гэта дарагога каштуе, — падкрэсліў падчас урачыстай цырымоніі провадаў намеснік прэм'ер-міністра нашай краіны Васіль ЖАРКО. — Таму для перамогі трэба мабілізаваць усе сілы. Прэзідэнтам нашай краіны пастаўлена задача ўдасканальваць і павышаць якасць адукацыі, у тым ліку і мадэрнізаваць сістэму прафесійнай адукацыі. Ад узроўню падрыхтоўкі рабочых кадраў у многім залежыць рост прамысловага патэнцыялу нашай краіны, прыцягненне міжнародных інвестыцый у эканоміку.

Дзяржава ўдзяляе вялікую ўвагу падрыхтоўцы кадраў: актыўна абнаўляецца вучэбна-матэрыяльная база навучальных устаноў, набываецца сучаснае абсталяванне, ствараюцца рэсурсныя цэнтры, адкрываецца падрыхтоўка па новых прафесіях. Усе гэтыя захады дазваляюць нашай краіне паспяхова інтэгравацца ў сусветныя працэсы і адпавядаць міжнародным стандартам прафесійнай адукацыі.

На думку віцэ-прэм'ера, удзел у такіх прэстыжных форумах — добрая магчымасць для абмену вопытам і развіцця міжнароднага супрацоўніцтва з іншымі краінамі.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Чэмпіянат «залатых рук»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».