Вы тут

«У мяне хвілінкі вольнай няма!»


Калі сядзець увесь час з мужам дома і глядзець тэлевізар, у рэшце рэшт пачняце сварыцца...

Як сказала Фаіна Ранеўская, наша будучыня — старасць. І гэта не так ужо і страшна, тым больш што, якой яна будзе — шмат у чым залежыць ад самога чалавека.

Дарэчы, усё ж, які ён, сучасны трэці ўзрост? Як выглядаюць, апранаюцца, жывуць сучасныя пенсіянеры? У беларускай старасці — у асноўным жаночы твар, таму мы пагаварылі з трыма абаяльнымі прадстаўніцамі трэцяга ўзросту з горада Светлагорска. Перад вамі — тры маналогі, у якіх пазнае сябе не адна жанчына.


Тамара Казлова, 65 гадоў

Я калісьці працавала кандуктарам у аўтапарку. Выйшла на пенсію ў 55 гадоў. Жыву адна. Усё было — і нічога не стала. Спачатку муж памёр, 27 гадоў таму, а потым сын (на яе вочы наварочваюцца слёзы). Мы з мужам прыехалі сюды калісьці з Расіі, па накіраванні Міністэрства рачнога транспарту. Муж быў выкладчыкам у тэхнікуме. Наш малодшы, Коля, паступіў без экзаменаў у Марскую акадэмію і ўжо заканчваў яе, але на 6 курсе яго не стала.

Застаўся яшчэ адзін сын, ёсць унук, якому цяпер сем гадоў. Сын з сям'ёй жыве тут жа, у Светлагорску, але на работу ездзіць ва Узбекістан. Ён геадэзіст.

Лічу, што ў жыцці самае каштоўнае — зносіны. Мы, пенсіянеркі, збіраемся ў нашым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання два разы на тыдзень, а ў астатнія дні, бывае, на вуліцы сустрэнемся, спынімся, пагаворым адна з адной... Мяне ў ТЦСАН прывяла сяброўка. Яна ў нас у тэхнікуме працавала калісьці вахцёрам, мы з ёй ужо 30 гадоў як сябруем.

Вы не паверыце, але дома ў мяне хвілінкі вольнай няма! Прачынаешся, паснедаеш, потым у краму, часам у паліклініку. Далей на гурток ці, вось, напрыклад, цяпер вяжу кручком. Я раней не ўмела чытаць схемы. Цяпер вось вучуся. Хачу сплесці сабе капялюшык да лета (какетліва ўсміхаецца) ...Так і дзень праходзіць.

Нават і не ведаю: як мы раней, працуючы, усё паспявалі? Тады ўсё было ў тэмпе, званок будзільніка празвінеў — і паляцела! У мяне ўсё было выверана ледзь не па секундах. Ад дома да прыпынку — 4 хвіліны... А зараз... Паспела нешта зрабіць — добра, не — дык заўтра зраблю.

Ларыса Галаванава, 73 гады

Я ўжо 28 гадоў на пенсіі, сышла з работы ў 45. На «Хімвалакне» працавала, таму ў мяне «шкодны стаж». 20 гадоў глядзела хворую маму, што была паралізаваная. Яна ў мяне была пісьменнай жанчынай, цікавілася ўсім, толькі што ляжачая была.

Цяпер вось хаджу ў розныя гурткі ў ТЦСАН, наведваю клубы «Дачнік», «Сустрэча сяброў». У апошнім клубе ў нас і артысты выступаюць, і дыскатэкі бываюць!

Мы жывём удваіх з мужам, дзеці ў Расіі. Прыязджаюць, дапамагаюць, чым могуць. Мужу майму ўжо 80, ён сядзіць дома, але ва ўсім мяне падтрымлівае.

У цэнтры сацыяльнага абслугоўвання ў нас фітнес, трэнажоры. Дома займацца гімнастыкай лянуюся, а тут з задавальненнем і адчуваю такую бадзёрасць пасля заняткаў!

Я таварыскі чалавек, у мяне шмат сяброў. Інтэрнэтам валодаю: чытаю навіны, а калі мяне нешта зацікавіць канкрэтна — задаю пытанне ў «Яндэксе». Нядаўна вось зацікавілася, чым карысныя грыбы. Зачытала мужу ўласцівасці кожнага грыба — і мы тут жа адправіліся ў лес. Апошнім часам кожны дзень туды хадзілі — па два вядры кожны раз прыносілі. Вельмі шмат сёлета грыбоў! Замарожваем іх, але стараемся не марынаваць — я баюся батулізму. А так — я ўжо ікру грыбную рабіла, сушыла, ваўнянкі саліла...

А вось гатаваць не люблю. Гатуе ў нас дома муж.

Галіна Чуракова, 62 гады

Я пайшла на пенсію ў 57 гадоў. Якраз у гэты час у мяне пачаўся артроз ног, так што працаваць далей было цяжка. Работа ў мяне была — увесь час бегам, такой хуткасці яна патрабавала! Я абслугоўвала на цэлюлозна-папяровым камбінаце паток цэлюлозы і макулатуры, з якой рабілі паперу. Увогуле, працавала, колькі магла, а калі стала ўжо зусім цяжка, пакінула працу.

Вядома, пазбаўленне ад працоўных абавязкаў — гэта быў вялікі плюс. А мінус — аказалася, асабліва спачатку, што мне цяпер няма куды ісці. Уявіце: чалавек быў увесь час заняты, а потым рэзка ў яго з'яўляецца шмат вольнага часу. І надыходзіць пенсійная дэпрэсія, калі не ведаеш, куды сябе падзець.

І я стала шукаць месцы, куды я магу пайсці і правесці там свой час. Мая знаёмая арганізавала клуб агароднікаў, прысвечаны арганічнаму земляробству. І мы, члены клуба, раз на тыдзень збіраемся і абмяркоўваем там усё: спачатку свае агародныя тэмы, потым плаўна пераходзім да гумару, п'ём гарбату, можам праспяваць што-небудзь... Адзначаем разам святы, дні нараджэння. І гэта ўсё займае прастору пустэчы, што ўтварылася з выхадам на пенсію.

Затым мы даведаліся, што і ў тэрытарыяльным цэнтры сацабслугоўвання можна збірацца і размаўляць. Прыйшлі і сюды — і шмат чаму навучыліся тут. Я зрабіла прыгожае дрэва з сурвэтак і падарыла яго ўнучцы. Навучылася дэкупажу, шыццю з абрэзкаў...

Я і ў маладосці займалася рукадзеллем: шыла, вязала для сваіх дзетак, таму што атэлье было дорага, а тканін было навалам. А цяпер асвойваю тое, што ў маладосці не ўмела рабіць, і займаюся ўпрыгожваннем свайго дома і дачы. У мяне ўжо даўно была блакітная мара — навучыцца вышываць стужкамі, і вось яна спраўдзілася. Для нашага ўзросту гэта наогул знаходка: стужка ж гэта не тоненькая нітачка, што добра пры нашым зроку — акуляры надзенеш і ўсё бачыш. Галоўнае — праявіць фантазію!

Яшчэ мая аддушына — маленькая ўнучка. У сына работа вахтавая, ён месяц там, месяц дома. Нявестка заканчвае работу ў 6 гадзін. Так што я магу забіраць сваю ўнучку ўвечары з дзіцячага садка, у выхадныя гуляю з ёю. Гэта такая радасць! А старэйшыя ўнукі ўжо вучацца ў Мінску. Яны любяць печыва, пірагі — значыць, я зноў запатрабаваная, таму што мама працуе цэлымі днямі і ёй не да гэтага. І я фантазірую з выпечкай, каб іх пацешыць. Ну і грошай трэба ім з сабою крыху даць (смяецца). І ў грыбы хочацца схадзіць, нягледзячы на хворыя ногі, і перапрацаваць усё, што вырасла на агародзе. Таму цяпер у мяне жыццё віруе!

Святлана Бусько

buskо@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?