Вы тут

У Белавежскай пушчы працягваюцца пошукі хлопчыка


У групе «УКантакце» пошукава-выратавальнага атрада «Анёл» людзі працягваюць пакідаць свае тэлефоны і шукаць спадарожнікаў, каб дабрацца да аграгарадка Новы Двор на пошукі дзесяцігадовага Максіма Мархалюка, які сышоў у лес 16 верасня і да гэтага часу не вярнуўся. Акрамя валанцёраў, штодзённа прачэсваюць навакольную тэрыторыю атрады МНС, МУС і Міністэрства абароны. Калі мы туды прыехалі, у пошуках было задзейнічана каля 250 чалавек.


Датычыцца кожнага

Такі выпадак — першы на памяці мясцовых жыхароў. У гэтых лясах нават ніколі не губляліся грыбнікі, якія часта заходзяць у гушчар, а месца, дзе знайшлі ровар Максіма, — знаёмае для ўсіх дзяцей аграгарадка. Каля таго шалаша дзеці гулялі не тое, што з году ў год, — на ім будавалі свае «крэпасці» нават іх бацькі. Што павінна было здарыцца, каб дзіця заблукала на такой вядомай тэрыторыі?

Здарэнне не пакінула абыякавым ніводнага жыхара вёскі. Па словах Аліны ВЯРСТАК, з кожнага дома павыходзілі на пошукі хлопчыка. Яна асабіста прачэсвала лес з нядзелі да нядзелі.

Разам са знаёмай па крокамеры яны налічылі, што праходзілі ў дзень да 30 кіламетраў, але ніякага следу... Пушча вельмі густая, у некаторых мясцінах прыйшлося нават прапаўзаць. Далёка не бачна — усюды дрэвы. Нечакана яны наткнуліся на зубраня. Добра, што побач не было яго маці. Выходзілі каля 11, вярталіся бліжэй да гадзіны ночы. Потым ужо сталі прыходзіць раней, бо падключыліся спецыялісты з цеплавізарамі, якія маніторылі тэрыторыю ноччу. У пошуках удзельнічаў і муж Аліны, яе дачка спецыяльна прыехала з Мінска. Яна сябруе са старэйшым братам Максіма. А Аліна працуе разам з бацькам хлопчыка, гаворыць, што найдабрэйшы, безадмоўны чалавек. Ды, увогуле, мясцовыя жыхары станоўча характарызуюць гэту сям'ю.

— Лічу, што нельга застацца абыякавым да гэтай бяды, — расказвае Аліна. — Тут паднялася ўся вёска. Я даведалася пра здарэнне ў нядзелю, аказалася, ужо нават ноччу ў суботу ездзілі яго шукаць. Адразу выйшла на пошукі ўся Лясная вуліца, дзе жыве сям'я Максіма. Шмат было моладзі на машынах і матацыклах.

Дапамагалі не толькі ў лесе. Калі на выхадныя прыехала больш за 2000 людзей на пошукі, Аліна з мужам адкрылі вароты, каб можна было ў двары паставіць машыны. І паклікалі на начлег восем валанцёраў з іншых гарадоў, апошнія з'ехалі толькі ў сераду і планавалі вярнуцца ў выхадныя, калі сітуацыя не зменіцца. Гаворыць, калі людзі ў суботу сталі ў шарэнгу прачэсваць лес, яна расцягнулася амаль да суседняй вёскі Корнадзь.

Валанцёры дапамагаюць таксама тым, што гатуюць, прывозяць неабходныя рэчы. Адзін мужчына, па расказах мясцовых жыхароў, самастойна прывёз цэлы бартавы УАЗік прадуктаў.

Глядзіце ўважліва!

Начальнік Свіслацкага раённага аддзела ўнутраных спраў Валерый РАМАНЧУК расказвае, што зараз пошукавыя мерапрыемствы паглыбляюцца. У сераду, 27 верасня, шчыльнымі групамі прачэсвалі балоты метр за метрам. Ад таго месца, дзе сведкі бачылі хлопца ўвечары ў суботу, 16 верасня, — каля шлагбаума на ўездзе ў запаведнік, — у паўночным напрамку ўжо ўсё праверана, групы адпрацоўваюць квадраты на паўднёвым захадзе.

Мы далучыліся да атрада з супрацоўнікаў міліцыі, які пачаў рухацца з сярэдзіны лесу да балот. Маладыя людзі становяцца на адлегласці каля трох метраў адзін ад аднаго. Па баках і ў сярэдзіне стаяць галаўныя групы, якія сочаць, каб шарэнга не збівалася і не расцягвалася, каб ніхто не адстаў. Час ад часу перакрыкваюцца і раўняюцца. Ужо дзесьці праз сто метраў другому боку стала ісці цяжэй: пасярэдзіне шарэнгі пачалі па калена вязнуць у вадзе. А вакол яшчэ лес: балота нават не пачыналася. Увогуле ўсе характарызуюць мясцовасць як вельмі складаную, акрамя іншага, там яшчэ і завалы. Багністыя мясціны цяжка праходзіць. У дзень можа атрымацца толькі 10—15 кіламетраў.

Валерый Раманчук расказвае, што ў асноўным у лесе губляюцца грыбнікі. Часам іх знаходзяць і за 20—30 кіламетраў ад хаты. Людзі дэзарыентуюцца, далей паніка. Пачынаюць бегаць і часам выходзяць да балота. Але, вядома, каб выйсці да людзей, неабходна трымацца лясных дарог. Яны абавязкова кудысьці выведуць.

Працяг будзе

Усяго ў аграгарадку пражывае 740 чалавек. Старшыня Навадворскага сельвыканкама Свіслацкага раёна Уладзімір ЗДАНОВІЧ працуе на гэтай пасадзе ўжо 11 гадоў, таму і ведае асабіста амаль кожнага. Ён таксама ўсе гэтыя дні ўдзельнічае ў пошуках. Разам з ім хадзіў і бацька хлопчыка. За гэты час тут працавалі і верталёты, і спецтэхніка. Такое ўпершыню здарылася ў тутэйшых мясцінах.

У распрацоўцы застаецца некалькі версій. Адна з асноўных — хлопчык у змроку заблукаў у лесе, таму ёсць сэнс працягваць яго шукаць. Гавораць, што ў той дзень недалёка ад Новага Двара прайшоў статак зуброў, які мог напалохаць Максіма. Акрамя таго, ёсць меркаванні, што хлопчык мог спецыяльна сысці з дому, але пакуль пацвердзіць яе немагчыма.

Валанцёр Раман Хартон з Мінска адпрацаваў некалькі дзён на мінулым тыдні і вярнуўся зноў на гэтым. У Новым Двары да гэтай пары чакаюць добраахвотнікаў і будуць шукаць Максіма, пакуль не знойдуць.

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».