Вы тут

Прэзідэнт сустрэўся з прадстаўнікамі Рады Канферэнцый біскупаў Еўропы


У нашай краіне не прынята дзяліць людзей па нацыянальнасці і веравызнанні, па мове і колеры скуры. У апошнія гады такая палітыка стала сапраўднай каштоўнасцю, якая асабліва цэніцца за мяжой. Учора ў сталіцы пачалося пленарнае пасяджэнне Рады канферэнцый біскупаў Еўропы. У Палацы Незалежнасці з высокапастаўленымі ўдзельнікамі мерапрыемства сустрэўся Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.


Знак асаблівай павагі

— Прыезд у Мінск такіх высокіх прадстаўнікоў каталіцкага духавенства мы расцэньваем як знак асаблівай павагі да веруючых-католікаў Беларусі. Упэўнены, гэта прызнанне палітыкі міру і згоды, якую наша дзяржава мэтанакіравана праводзіць унутры краіны і на міжнароднай арэне, — прывітаў іерархаў Касцёла кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што сёння Беларусь не проста геаграфічны цэнтр Еўропы. На працягу многіх стагоддзяў у нас гарманічна суседнічаюць розныя рэлігіі. Іх узаемадзеянне ў многім паўплывала на фарміраванне беларускай нацыі, яе культурнае і духоўнае развіццё.

— У адрозненне ад многіх іншых кропак планеты разнастайнасць рэлігій у Беларусі не стала падставай для канфліктаў на нацыянальнай і рэлігійнай глебе, — звярнуў увагу беларускі лідар, — наадварот, служыць умацаванню ўзаемаразумення і павагі. Існуючая ў нас сістэма неканфліктных адносін паміж дзяржавай, рэлігіяй і грамадствам можа і павінна быць прыкладам для іншых краін.

І гэта пры тым, што сёння ў свеце назіраецца вострая патрэбнасць у адкрытым і давяральным дыялогу. Кіраўнік дзяржавы канстатаваў: няма агульных падыходаў у вырашэнні выклікаў і праблем, якія хвалююць і закранаюць усіх нас.

— Цяперашняя ваша Рада якраз сведчанне таго, што Царква, як заўсёды, паказвае прыклад, якім шляхам трэба ісці, каб хоць бы наблізіцца да рашэння тых цяжкіх, застарэлых канфліктаў, якія ёсць сёння ў свеце. Тым больш важкім становіцца статус нашага Мінска як важнай перамоўнай пляцоўкі, на якой абмяркоўваюцца і прымаюцца рэзалюцыі па самых складаных рэгіянальных і сусветных праблемах. Тое, што вы прыехалі ў Мінск і вырашылі правесці тут Раду — вы паступілі правільна. Мы гэта цэнім.

Крызіс дабра

Духоўны крызіс, які цяпер перажываюць многія краіны, стаў яшчэ адной тэмай, да якой звярнуўся Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з каталіцкім духавенствам.

— Гэта пагроза страшнейшая за любыя эканамічныя выклікі! Ды і ўсе эканамічныя выклікі менавіта ад гэтага. У аснове іх ляжыць бездухоўнасць... Дабро, міласэрнасць, любоў, вера — найвышэйшыя чалавечыя каштоўнасці, якія заўсёды служылі апорай для людзей, разбураюцца на вачах.

Карэннае насельніцтва еўрапейскіх краін старэе, падае нараджальнасць. Гэтыя негатыўныя дэмаграфічныя працэсы адбываюцца на фоне маральнай дэградацыі грамадства, парушэння традыцыйных сямейных інстытутаў і масавага наплыву мігрантаў. У канчатковым выніку ўсё гэта, мяркуе беларускі лідар, можа прывесці да трагічных наступстваў і «выраджэння ўсёй еўрапейскай — найстаражытнейшай, найкаштоўнейшай — цывілізацыі».

— Нельга дапусціць, каб людзі страцілі арыенціры — той унутраны компас, які закладзены ў кожным з нас Госпадам і які дазваляе нам адрозніваць дабро ад зла, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дзяржавы падкрэсліў: у Беларусі разумеюць важнасць рэлігіі ў жыцці грамадства, у Царквы заўсёды была свая асаблівая роля. Адно са сведчанняў высокага прызнання яе заслуг у нашай краіне — штогадовае ўручэнне прэмій «За духоўнае адраджэнне» святарам, прадстаўнікам рэлігійных арганізацый.

Без міру не будзе будучыні...

На пленарным пасяджэнні Рады абмяркоўваецца праблема пастырства моладзі, а таксама роля Царквы ў пераадоленні крызісаў сучаснай Еўропы. У Беларусь упершыню адначасова прыехала каля 50 вышэйшых каталіцкіх іерархаў Еўропы.

Гаворачы аб праблемах моладзі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў:

— Казаць сёння пра моладзь, пра перспектывы маладых людзей, пра іх будучыню без сувязі з тым, наколькі мірным будзе наш кантынент — значыць, як мінімум, дапускаць грубую памылку. Калі не будзе міру ў Еўропе, не будзе і самой моладзі, не будзе ў людзей, якія ідуць за намі, маладосці. Яны як мінімум будуць вымушаны стаяць на полі бою са зброяй у руках і глядзець адзін на аднаго праз прыцэл аўтамата. Гэта недапушчальна.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў: тое, што адбываецца ва Украіне — бяда. Але яшчэ большая бяда ў тым, што мы не можам спыніць вайну.

— Мы не можам даць надзею на будучыню не толькі моладзі гэтай цудоўнай дзяржавы, якой з'яўляецца Украіна, — сказаў кіраўнік Беларусі. — Мы пазбаўляем усялякага жыцця і надзеі сярэдняе і старэйшае пакаленне. Таму гэта страшная бяда, што мы не можам у сваім доме навесці парадак. Гэта кажа пра найцяжэйшы крызіс у Еўропе. Патрэбны вельмі гучны ваш голас і настойлівы заклік да дзяржаўных дзеячаў спыніць вайну і ўмацаваць бяспеку на Еўрапейскім кантыненце, пакуль мы не згубілі Еўропу ўвогуле.

Стабільнасць патрабуе апоры

Згадаў кіраўнік дзяржавы і выхад Вялікабрытаніі з Еўрасаюза. На думку кіраўніка краіны, гэта «таксама небяспечны інцыдэнт, які можа разбурыць Еўрапейскі саюз». Сустракаючыся на гэтым тыдні з прадстаўніком урада Вялікабрытаніі, Аляксандр Лукашэнка заявіў: наша дзяржава з'яўляецца паборнікам адзінства Еўропы і Еўрасаюза.

— Бо мы прыхільнікі шматпалярнага свету, — растлумачыў беларускі лідар. — А Еўрапейскі саюз з'яўляецца адной з асноўных апор сёння спакою і раўнавагі ў свеце. Калі гэта апора сыходзіць, калі яна будзе парушана, свет нахіліцца — нахіліцца яшчэ больш, зразумела, у які бок.

У многім падтрымаць стабільнасць у грамадстве, у рэгіёне можа ў тым ліку і Царква. Аляксандр Лукашэнка заклікаў удзельнікаў пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцый біскупаў Еўропы не адставаць ад жыцця. Па яго словах, гэта датычыцца і праваслаўных, і каталіцкіх святароў:

— Каб ні ў якім разе не адстаць ад патрабаванняў жыцця — і своечасова — няхай не праз рэформы, я не вельмі люблю гэта слова, ісці ў кірунку ўдасканалення. Каб людзі ішлі да вас — па параду, па добрае слова, па падтрымку.

Прэзідэнт згадаў адносна нядаўнюю — але ўжо названую гістарычнай — сустрэчу Папы Рымскага і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла на Кубе ў лютым 2016 года.

— Трэба падумаць пра тое, каб яны сустрэліся тут, у Мінску. Гэта якраз сёння тое месца, дзе можна абмяркоўваць праблемы Захаду і Усходу, Поўдня і Поўначы і ўсёй планеты. Калі вы з Праваслаўнай царквой прыйдзеце да такога разумення, я і беларускі народ зробім усё, для таго каб вы, вашы кіраўнікі, кіраўнікі Праваслаўнай царквы, зрабілі гэту сустрэчу тут, у Мінску, гістарычнай. Падумайце над гэтым, — заклікаў беларускі лідар.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

У тэму

Кардынал Анджэла Баньяска, старшыня Рады Канферэнцый біскупаў Еўропы, архібіскуп Генуэзкі:

— Рада Канферэнцый біскупаў Еўропы вітае жаданне беларускага боку прыняць у Мінску сустрэчу Папы Рымскага Францыска і Патрыярха Кірыла. Такая паўторная сустрэча вельмі чаканая ўсімі. Мы радуемся жаданню Беларусі правесці яе тут, у Мінску. Мы вельмі пазітыўна ацэньваем Беларусь, яе народ. І асабліва цэнім вялікую ўвагу дзяржавы да інстытута сям'і.

Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі:

— У Палацы Незалежнасці праходзяць розныя сустрэчы, але яшчэ ніколі ў ім не было так шмат прадстаўнікоў Каталіцкай царквы. Гэта яшчэ адно сведчанне таго, што кожную гадзіну Беларусь, якая геаграфічна знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, усё часцей становіцца цэнтрам прыцяжэння бакоў кантынента — не толькі для палітыкаў, эканамістаў, дзеячаў культуры і навукі або спартсменаў, але таксама і для рэлігійных лідараў.

Загаловак у газеце: Голас міру

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».