Вы тут

БАТЭ – «Арсенал»: бой пасля перамогі


Пасля баявой нічыі, якой скончыўся першы ў групавым этапе Лігі Еўропы матч барысаўчан з белградскай “Црвенай Звездай” 2 тыдні таму, недзе ў глыбіні душы цепліўся агеньчык надзеі, што нешта падобнае мы ўбачым і на беларускім полі ў паядынку з “Арсеналам”. Англійскі клуб прывёз на “Барысаў-Арэну” другі склад сваіх гульцоў. Яно і ясна: такіх грандаў, як Пятра Чэха, Месута Озіла, Алексіса Санчаса і яшчэ некалькі ключавых футбалістаў настаўнік лонданскай каманды Арсен Венгер аырашыў прыберагчы для іншых паядынкаў.


Але так ці інакш, але англійскі клуб лічыўся фаварытам задоўга да стартавага свістка. Перад матчам букмекеры давалі на перамогу “Арсенала” каэфіцыент у 1.57-1.64, нічыю – 4.00-4.45, БАТЭ – 5.50-5.90. Такі паважны статус “Кананіры” і пацвердзілі ўвечары 28 верасня, выйграўшы матч супраць БАТЭ з лікам 4:2.

Госці захапілі лідарства ў матчы літаральна з першых секунд гульні. Абарона барысаўчан аказалася няшчыльнай. Ужо на 7-й хвіліне Тэа Уолкат пацэліў мячом у штангу, і літаральна праз некалькі секунд у наступнай атацы патрапіў дакладна ў браму.

Другі гол аказаўся і ўвогуле нейкім недарэчным – варатар барысаўчан Дзяніс Шчарбіцкі адпасаваў прама Тэа Уолкату, які і засмуціў яго яшчэ раз.

І праз тры хвіліны “Арсенал” бабахнуў з усіх ствалоў. Роб Холдынг адным дотыкам скіраваў мяч у браму пасля падачы вуглавога ўдару.

Здавалася б, барысаўчане на гэтым павінны былі здацца. Усё-такі лік 0:3 на 26-й хвіліне супраць вельмі моцнай англійскай каманды фактычна вырак іх на паражэнне. Але якраз тут барысаўчане і пачалі імкліва выпраўляць агрэхі ў сваёй гульні. Ды прычым вельмі паспяхова! На 28-й хвіліне Мірка Іваніч стварыў нешта неверагоднае, забіўшы галавой гол пад перакладзіну. Чатыры галы крыху больш чым за палову першага тайма! Пасля гэтага імпэт барысаўчан неймаверна ўзрос. Гульцы “Арсенала” нават крыху разгубіліся ад атак, якія ішлі адна за другой, але незадоўга да свістка рэферы вярнулі сабе ініцыятыву. Роба Холдынга абарона барысаўчан прапусціла ўсё-такі ў штрафную, але англічанін у мітусні скіраваў мяч наўпрост у штангу.

Другі тайм пачынаўся з надзеі – можа, барысаўчане здолеюць адквітаць два галы? Але ўжо на 48-й хвіліне нашы гульцы зарабілі на роўным месцы пенальці, які паспяхова рэалізаваў Аліўе Жыру. Але радавацца адрыву ў тры галы даводзілася нядоўга: на 67-й хвіліне брамнік гасцей Аспіна адбіў атаку Іваніча, аднак Гардзяйчук загнаў мяч пад перакладзіну!

У апошнія 25 хвілін гульні барысаўчане выглядалі вельмі нядрэнна, але ўсё-такі запалу не хапіла, нягледзячы на некалькі вельмі небяспечных атак. І хоць матч скончыўся з лікам 2:4 не на нашу карысць, аднак забіваць “Арсеналу” два галы можа далёка не кожная каманда. Што ж, пасля гэтага матчу Арсену Венгеру ёсць над чым задумацца: ці варта будзе выстаўляць на гульню ў Лондане другі склад, або ўсё-такі задзейнічаць першы? Але гэта будзе няхутка – 7 снежня. А пакуль што БАТЭ будзе рыхтавацца да вельмі важнага паядынку з “Кёльнам”. Ён стартуе 19 лістапада а 20-й гадзіне.

У іншым матчы групы Н “Црвена Звезда” выйграла ў “Кёльна” з лікам 1:0.

Становішча: “Арсенал” – 6 ачкоў, “Црвена Звезда” – 4, БАТЭ – 1, “Кёльн” – 0.

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.