Вы тут

Топ-10 фільмаў пра настаўнікаў


У першую нядзелю кастрычніка беларусы па традыцыі будуць віншаваць работнікаў адукацыйнай галіны з прафесійным святам — Днём настаўніка. Акрамя таго, 5 кастрычніка больш як 100 краін ужо 23 гады запар адзначаюць заснаваны ЮНЕСКА Сусветны дзень настаўнікаў. Напярэдадні святочных дат «Звязда» прапануе ўзгадаць — а мо і перагледзець наноў — 10 знакавых фільмаў пра школу і педагогаў з вялікай літары, якія дробнымі крокамі мяняюць да лепшага свет і людзей вакол сябе.


«Рэспубліка ШКІД» (1966)

Час дзесьці паміж Кастрычніцкай рэвалюцыяй і грамадзянскай вайной. Школа-камуна імя Дастаеўскага, у якой сабраліся, з аднаго боку, «шкідаўцы», падлеткі-беспрытульнікі — чытай, юныя злачынцы рознай масці, а з другога — педагагічны калектыў «халдзеяў» пад кіраўніцтвам Віктара Мікалаевіча Сарокі-Расінскага, якога выхаванцы перайменавалі ў Вікніксора. Перад настаўнікамі-энтузіястамі стаіць сапраўды тытанічная і, як часам падаецца, невыканальная задача — перакаваць тых, чые характары ўжо вылепілі і загартавалі вуліцы Петраграда...

«Дажывём да панядзелка» (1968)

Бадай, гэту карціну ўспамінаюць першай, гаворачы пра вобраз настаўніка ў кіно. Гісторыя даўжынёй у тры дні — з чацвярга да суботы — і ў некалькі пакаленняў настаўнікаў і вучняў, якія будуюць стасункі адно з адным, вучаць і вучацца самі, адстойваюць уласныя перакананні і ідуць на кампрамісы, памыляюцца і дасягаюць вышыняў. Фільм аказаўся настолькі пераканаўчым, што самі педагогі, дэлегаты ІІ Усесаюзнага з'езда настаўнікаў, стоячы апладзіравалі аўтарам і акцёрам.

«Вялікі перапынак» (1972—1973)

Яшчэ адно культавае кіно пра школу. На гэты раз вячэрнюю, многія наведвальнікі якой старэйшыя і значна больш вопытныя за маладога настаўніка Нестара Северава, але пры сутыкненні з тыповымі школьнымі праблемамі часта паводзяць сябе як вялікія дзеці.

Вядома, фільм мог бы атрымацца зусім іншым — калі б першапачатковая назва «Прыгоды школьнага настаўніка» не выклікала хвалю абурэння ў педагогаў (замяніць назву рэжысёра папрасіў асабіста міністр асветы), а роля настаўніка дасталася б Андрэю Мягкову або Канстанціну Райкіну. Каханай галоўнага героя магла стаць Святлана Кручкова, а хулігана Ганжу «прымяралі» Станіслаў Садальскі і Аляксандр Філіпенка. Але ўсё ж менавіта той акцёрскі ансамбль, які падабраўся на здымках, зрабіў карціну асабліва светлай і добрай. Зняты матэрыял настолькі спадабаўся кіраўніцтву студыі «Тэлефільм», што з 2-серыйнага фільм вырас у 4-серыйны. Магла б атрымацца і пятая серыя, — але ў здымачнай групы банальна скончыліся адведзеныя грошы і час.

«Ключ без права перадачы» (1976)

У звычайнай ленінградскай школе з'яўляецца новы дырэктар — адстаўны армейскі афіцэр. Ці зможа былы вайсковец стаць добрым кіраўніком, калі старшакласнікі лічаць яго «абмежаваным салдафонам» і абапіраюцца на іншыя аўтарытэты — у прыватнасці на маладую прагрэсіўную настаўніцу літаратуры, блізкую ім па духу?

Але аднойчы запісаная на плёнку дыскусія настаўніцы з вучнямі, падчас якой сказана шмат непрыемнага пра іншых выкладчыкаў, выпадкова трапляе ў рукі бацькоў адной са школьніц. Разгараецца вялікі канфлікт, які пагражае паглынуць усю школу, — і тут, як ні дзіўна, менавіта новы дырэктар знаходзіць выйсце...

«Урокі французскай» (1978)

У галодныя пасляваенныя гады маці выпраўляе 11-гадовага Валодзю з вёскі ў райцэнтр — вучыцца, каб выбіцца ў людзі. Хлопчык пасяляецца ў цёткі, шматдзетнай маці-адзіночкі, і каб перамагчы малакроўе, павінен штодня выпіваць шклянку малака. Каб здабыць грошы, Валодзя вымушаны гуляць у «чыку» — але, выйграўшы патрэбны рубель, адразу выходзіць з гульні. Раззлаваныя яго пастаянным шанцаваннем, падлеткі аднойчы моцна пабілі хлопца. Сінія гузакі заўважыла маладзенькая настаўніца французскай мовы Лідзія Міхайлаўна — і пад маркай дадатковых заняткаў пастаралася дапамагчы хлопцу, ахвяраваўшы ў выніку ўласнай школьнай кар'ерай...

У экранізацыі аднайменнага апавядання Валянціна Распуціна здарыліся ідэальныя пападанні ў ролі. Дзетдомавец Міша Ягораў, як гэта часта бывае, «перайграў» многіх прафесійных акцёраў, а актрыса Яўгенія Ташкова выдатна перадала ідэю добрасардэчнасці і любові-спачування — якасцяў, якія сёння ў вялікім дэфіцыце.

«Таварыства мёртвых паэтаў» (1989)

Гэты галівудскі фільм-драма з бліскучым Робінам Уільямсам заснаваны на рэальных стасунках выкладчыкаў і навучэнцаў прэстыжных прыватных школ — можа, таму ён і атрымаў «Оскар» за найлепшы сцэнарый і прыз Брытанскай акадэміі як найлепшы фільм 1989-га? А фраза з фільма «Carpe Dіem». «Лавіце момант, хлопцы. Зрабіце сваё жыццё экстраардынарным», між іншым, увайшла ў топ-100 найлепшых кінацытат па версіі Амерыканскага інстытута кіно.

Джон Кітынг выкладае ў кансерватыўным каледжы для хлопчыкаў, прынцыпы якога «Традыцыі», «Гонар», «Дысцыпліна» і «Дасканаласць» як нельга лепей адлюстроўваюць атмасферу навучальнай установы, што заціскае юнацкія душы ў жорсткія рамкі. Аднак пакуль ягоныя калегі разважаюць пра арыстакратызм, харызматычны настаўнік літаратуры пасвячае вучняў у таямніцу «таварыства мёртвых паэтаў» і вучыць крыху спешчаных, але ў цэлым звычайных хлопцаў мысліць, адчуваць, ствараць — быць самімі сабой, а не прыстасоўвацца. Натуральна, праўда нонканфармізму далёка не ўсім падабаецца, і за яе выкладчыку давядзецца несці адказнасць па поўнай.

«Чалавек эпохі Адраджэння» (1994)

Камедыя з Дэні дэ Віта была негатыўна ўспрынятая гледачамі і крытыкамі, таму праз некаторы час выйшла ў пракат пад іншай назвай.

Звольнены супрацоўнік рэкламнага агенцтва Біл Рэга, які аказаўся няздатным да іншых спраў, ад бязвыхаднасці вымушаны пагадзіцца на месца настаўніка ў трэніровачным армейскім лагеры. Працуе ён, натуральна, зусім без імпэту. Яшчэ меншую цікавасць да заняткаў праяўляюць вучні — у асноўным маладыя і далёкія ад любой навукі салдаты, «прабіць» браню якіх удаецца з дапамогай «Гамлета» Шэкспіра. Гісторыя атрымалася, безумоўна, наіўнай казкай пра ператварэнне групы ёлупаў у каманду аднадумцаў, — але пры тым добрай, забаўнай і аптымістычнай.

«Харысты» (2004)

І зноў фільм пра цяжкіх падлеткаў, — але на гэты раз падзеі разгортваюцца ў Францыі 1949 года, дзе настаўнік музыкі Клемент Мацье на справе даказвае, што дабрынёй і чуласцю можна дасягнуць большага, чым строгасцю і жалезнай дысцыплінай.

«Клас» (2008)

Залатую пальмавую галіну на Канскім фестывалі так проста не даюць, але гэта французская драма ўзнагароду сумленна заслужыла. Сюжэт, здавалася б, даўно знаёмы: настаўнік-энтузіяст Франсуа Бежадо стараецца скіраваць на добры шлях старшакласнікаў, мякка кажучы, з непрэстыжных гарадскіх раёнаў. Аднак ёсць адно істотнае «але»: звычайныя праблемы ўскладняюцца расавымі непаразуменнямі, бо значная частка вучняў — імігранты розных нацыянальнасцяў, вымушаныя ўжывацца ў адной школе. Пагрозамі і пакараннямі ад падлеткаў нічога не дабіцца, і тады настаўнік кліча на дапамогу ўсё сваё цярпенне і спагадлівасць...

«Настаўнік на замену» (2011)

Генры Барт працуе часовым настаўнікам англійскай літаратуры, які падмяняе хворых або адсутных калег. Чарговае прызначэнне прыводзіць яго ў школу для «неўладкаваных» падлеткаў, на якіх адкрыта начхаць усім, — і прыстойнаму грамадству ў цэлым, і іншым выкладчыкам, і ўласным бацькам.

Гэтае адчужэнне, нежаданне грамадства ўнікнуць у праблемы расізму, школьнага насілля і бездапаможнасці педагогаў — не фон для выпрабаванняў, якія пад бадзёрую музыку пераадольваюць героі, а галоўная і вельмі вострая праблема, што не прадугледжвае шчаслівага фіналу. Сапраўды, хіба здольны адзін неабыякавы настаўнік, да сэрца якога дастукаліся падлеткі, пераадолець татальны хаос?.. Як трапна адзначылі расійскія кінакрытыкі, пасля прагляду гэтай філасофскай амерыканскай драмы нашумелы фільм «Школа» Валерыі Гай Германікі нагадвае жыццярадасную сцэнку.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

tselyashuk@zviazda.by


Банджорна, бамбіні!

У спіс вартых прагляду можна ўнесці некалькі дзясяткаў карцін, але, на наш погляд, без бенефісу Генадзя Хазанава — «ералашаўскай» серыі «40 чарцей і адна зялёная муха» (1984) — гэты спіс будзе няпоўным. Кароткая, але такая выразная і павучальная гісторыя, знятая па аднайменным апавяданні Джавані Моска, за нейкія пяць з паловай хвілін бліскуча паказвае, што настаўніцкі аўтарытэт і павага вучняў — рэчы не безумоўныя, іх трэба яшчэ ўмець заваяваць і ўтрымаць.

Загаловак у газеце: Першыя, сапраўдныя, любімыя...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.