Вы тут

Чаму Вайніловіча параўноўваюць з прэм'ер-міністрам Расійскай імперыі?


У кастрычніку спаўняецца 170 гадоў з часу нараджэння Эдварда Антонія Леанарда Вайніловіча. Яго імя цесна звязана са Случчынай. Таму менавіта тут і была зладжана міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Беларусь, Слуцкі край і Эдвард Вайніловіч».


Намеснік дырэктара Інстытута гісторыі па навуковай рабоце Нацыянальнай акадэміі навук Вадзім Лакіза адзначыў, што ў апошнія гады стала добрай традыцыяй правядзенне навуковых канферэнцый, прысвечаных розным аспектам гісторыі рэгіёнаў. Сучасныя ўмовы даследаванняў сведчаць, што ў Беларусі шмат таленавітых асоб, якія ў розныя перыяды ўнеслі значны ўклад у розныя сферы грамадскага жыцця. Але доўга гісторыю Беларусі і яе выдатных прадстаўнікоў згадвалі толькі ў сувязі з савецкім часам. Апошнія 20 гадоў у незалежнай Беларусі разгорнута вялікая работа па аднаўленні незаслужана забытых імён. У гэтай кагорце і Эдвард Вайніловіч.

Ён нарадзіўся 13 кастрычніка 1847 года ў вёсцы Сляпянка пад Мінскам у сядзібе бацькоў яго маці — Эдварда і Міхаліны Манюшкаў. Гэта была заможная шляхецкая сям'я. Бацькі Эдварда — Адам Вайніловіч і Ганна Ваньковіч — пражывалі ў радавым памесці Савічы Слуцкага павета. Род Вайніловічаў належаў да заможнай шляхты. Ён адзін з нямногіх, хто здолеў захаваць свае ўладанні і не паддаўся ўплыву Радзівілаў: «Род наш ні перад кім шапку не здымаў. Калі амаль уся шляхта былога Навагрудскага ваяводства запасіла свае багацці з крошак радзівілаўскага стала і з заложнікаў выйшла ў гаспадары, мы ні адзінай пядзі зямлі ад іх не ўзялі. Ва ўсёй шырокай акрузе Савічы, мабыць, адзінае памесце — непаслярадзівілаўскае».

— Спадчына, якую пакінуў Вайніловіч у беларускай гісторыі, надзвычай шматгранная, — канстатаваў Вадзім Лакіза. — Ён вучыўся ў Слуцкай кальвінісцкай гімназіі, з'яўляўся ганаровым суддзёй Слуцкага павета, узначальваў Слуцкае таварыства дабрачыннасці, стаў пачынальнікам сельскагаспадарчых выставак у Слуцку, стварыў першакласную сістэму гаспадарання на зямлі, асаблівую ўвагу ўдзяляў распаўсюджванню беларускай мовы.

Падкрэсліваючы цесную сувязь са Случчынай, Эдвард Вайніловіч пісаў: «Вайніловічы не прыйшлі ані з Усходу, ані з Захаду, а з'яўляюцца карэннымі, мясцовымі людзьмі. Косць ад косці, кроў ад крыві свайго народа, які калісь хаваў сваіх продкаў у тых курганах, што і цяпер ёсць на старых могілках».

Вайніловіч пабываў у шмат якіх замежных краінах, але вярнуўся на Случчыну і ператварыў яе ў самы паспяховы сельскагаспадарчы рэгіён, куды прыязджалі па вопыт калегі з Польшчы, Прыбалтыкі, Расіі, Украіны. Нярэдка яго параўноўваюць з прэм'ер-міністрам Расійскай імперыі Пятром Сталыпіным. Сапраўды, гэта былі добрыя гаспадарнікі, рэфарматары, якія настойліва дабіваліся пастаўленых мэт, выступалі супраць усялякіх рэвалюцый, людзі неўтаймаванай энергіі.

Доктар гістарычных навук, прафесар Міхаіл Касцюк у сваёй рабоце даследаваў эвалюцыю грамадскіх поглядаў і дзеянняў Эдварда Вайніловіча.

— Ёсць сур'ёзныя сведчанні аб тым, што Сталыпін меркаваў у недалёкай перспектыве зрабіць Вайніловіча міністрам сельскай гаспадаркі Расійскай імперыі. Але прапанаваў яму толькі крэсла віцэ-міністра — на гэта былі розныя прычыны. За што прасіў прабачэння ў беларуса, — расказаў Міхаіл Паўлавіч. — Ёсць абгрунтаваныя падставы меркаваць, што рэформу ў аграрным сектары прапанаваў Пятру Сталыпіну менавіта наш зямляк.

У 1917 годзе падчас нямецкай акупацыі ад імя мясцовых землеўласнікаў ён выступіў за аднаўленне Вялікага Княства Літоўскага.

Эдвард Вайніловіч — чалавек высокай маралі і духоўнасці, глыбока веруючы, высакародны. Пра гэта сведчаць шматлікія факты з яго жыцця. Менавіта на іх спыніўся Уладзіслаў Завальнюк, пробашч сталічнай парафіі Святых Сымона і Алены. Пасля таго як заўчасна пайшлі з жыцця дзеці Вайніловіча, ён сказаў: «Перарвалася маё яднанне з маім родам і я застаўся адзін, як тое абвугленае дрэва». Але ён знайшоў у сабе сілы вярнуцца да жыцця, цалкам аддаваў сябе грамадскай дзейнасці, людзям, дапамагаў сіротам, дзецям з бедных сем'яў атрымліваць адукацыю, на што не шкадаваў асабістых грошай.

У 1917 годзе падчас рэвалюцыі сяляне спалілі сядзібу Вайніловічаў. Згарэлі галандскія ветраныя млыны, унікальная бібліятэка — 5000 рэдкіх кніг, вялікая карцінная галерэя. Але самае крыўднае — архіў Вайніловічаў, які збіралі на працягу 400 гадоў. Засталіся толькі руіны старога бровара. Але Эдварду Вайніловічу дапамагла перанесці ўдар лёсу яго глыбокая вера.

Калі прыйшлі палякі, то на тэрыторыі былой сядзібы ўладкавалі вісельні для пакарання тых, хто зруйнаваў велічны палац. Але Эдвард Вайніловіч папрасіў, каб не чапалі сялян, бо яны не разумелі, што робяць.

Памёр грамадскі дзеяч, палітык, мысліцель, мецэнат 16 чэрвеня 1928 года пасля працяглай хваробы. У канцы свайго дзённіка ён напісаў простыя, поўныя пакоры словы: «Відаць, з гэтай хваробы не выйду: на ўсё воля Божая. Э. Вайніловіч. 16 чэрвеня 1928 года». Яго пахавалі ў Быгшчыцы (Польшча). Ён заўсёды марыў ляжаць побач са сваімі продкамі, бацькамі, дзецьмі Сымонам і Аленай, у кургане на старых могілках у Савічах. І толькі ў 2006 годзе астанкі чалавека, які так шмат зрабіў для Беларусі, былі перавезены ў Мінск у Чырвоны касцёл, які ён пабудаваў на свае сродкі ў гонар рана спачылых дзяцей.

Помнячы пра маральныя і чалавечыя якасці Эдварда Вайніловіча, Каталіцкая царква падрыхтавала дакументы для яго беатыфікацыі.

Свой уклад у даследаванне жыцця і дзейнасці Эдварда Вайніловіча ўнеслі і школьнікі горада і раёна. Яны прадставілі на конкурс свае работы, дзе прааналізавалі шматлікія факты яго біяграфіі. Менавіта вучні прапанавалі ўвекавечыць памяць выдатнага земляка стварэннем музея.

У межах мерапрыемства даследчыкі з Мінска прэзентавалі кнігу гісторыка Мікалая Волкава «Слуцк на старажытных планах», якая выйшла з друку летам гэтага года.

Удзельнікі канферэнцыі азнаёміліся з выстаўкай «Дакументальная спадчына Беларусі XVІ—XІX cтагоддзяў: архіў Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра», наведалі музей слуцкіх паясоў.

Арганізавалі міжнародны форум Слуцкі райвыканкам, Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Беларускі Сталыпін

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».