Вы тут

Як становяцца інстаблогерамі


Цяпер большую частку свайго часу моладзь праводзіць у сацыяльных сетках. Дарослыя лічаць, што гэта хвароба, якая не вылечваецца. А між тым самі юнакі і дзяўчаты ўпэўнены, што «завісаць», значыць, самарэалізоўвацца, а не марнаваць час. Пра гэта я пагутарыла з дзвюма блогеркамі, профілі якіх маюць вялікую колькасць падпісчыкаў.


Яна Дубатоўка, 69 тысяч падпісчыкаў

— У Інстаграме я зарэгістравалася пяць гадоў таму. Спачатку не думала пра тое, як стварыць прыгожы профіль, выкладвала ўсё, што бачыла вакол сябе. Першай фатаграфіяй была звычайная прычоска, якую мне зрабіла сяброўка ў школе. Потым захацелася чагосьці большага, таму пачала глядзець профілі іншых дзяўчат, натхнялася — толькі тады зразумела, што патрэбна менавіта маёй старонцы.

Першапачаткова «вядзенне Інстаграма» для мяне было як хобі, а цяпер гэта частка жыцця. Я ўжо не ўяўляю свайго дня без гэтай сацыяльнай сеткі. Намагаюся выкладваць па адной фатаграфіі кожны дзень, але часам бяру перапынак, каб адпачыць ад тэлефона.

У кожнага сваё разуменне прыгажосці, у тым ліку і ў адносінах да фота. Мне вельмі імпануе, калі яны гарманіруюць паміж сабой у профілі. Таксама добра, калі ёсць здымкі роднага горада, прыроды. Мне самой здаецца, што я ўжо перафатаграфавала кожны метр Мінска, але ўсё роўна шукаю новыя цікавыя мясціны. Людзям, якія толькі пачынаюць сваю блогерскую дзейнасць у Інстаграме, магу параіць быць самімі сабой і не гнацца за папулярнасцю.

Калі гаварыць пра заробак, то ён, безумоўна, ёсць. Думаю, што калі рэкламаваць штосьці рэгулярна, то можна добра зарабляць. Я з задавальненнем рэкламую вопратку, касметыку, нешта смачнае, кнігі. Не стала б рабіць тое ў дачыненні да алкаголю, цыгарэт і 18+ рэчаў.

Цяпер я маю старонку, якая мяне задавальняе. Не сказала б, што чымсьці асабліва вылучаюся сярод іншых, проста раблю тое, што падабаецца. Я не ганюся за якімі-небудзь трэндамі ў Інстаграме, не выкладваю тое, што прынясе больш лайкаў толькі з-за таго, што нешта ў цяперашні момант вельмі папулярнае.

Яна Міхайлоўская, 10,2 тысячы падпісчыкаў

— Свой профіль у Інстаграме я стварыла тры гады таму. Першы фотаздымак — вінтавой лесвіцы, якая мне спадабалася. Зрабіць асабістую старонку вырашыла дзеля таго, каб у мяне было месца, куды я ў любы момант магла б выставіць фатаграфію і не думаць аб меркаваннях іншых людзей. Калі паглядзець мае здымкі ў профілі за апошнія некалькі месяцаў, то сярод бясконцых талерак, кубкаў кавы і хмарачосаў можна знайсці толькі адно фота мяне самой і ні адной раскладкі з касметыкай!

Апошнія паўгода выстаўляю фатаграфіі раз у тыдзень, бо няма вольнага часу. Спачатку было цяжка — спрабавала да кожнага здымка падабраць свой фільтр, доўга мучылася з цеплынёй і кантрастам. Але пасля ва ўсім разабралася і цяпер на апрацоўку фатаграфіі сыходзіць максімум пяць хвілін. Мінімум фільтра, мінімум кантрасту, пабольш рэзкасці і — гатова! Лічу, чым больш натуральна, тым лепш.

Калі прагортваю стужку Інстаграма, заўважаю і адзначаю толькі профілі, зробленыя з душой. Яны абавязкова павінны быць маляўнічыя, каляровыя і жывыя. Я падтрымліваю стасункі з многімі беларускімі інстаблогерамі і ўпэўнена, што ў іх ёсць чаму павучыцца. Яны вельмі адкрытыя і творчыя людзі!

Наконт рэкламы нічога канкрэтнага не магу сказаць, бо прапаноў не паступала, але я з вялікім задавальненнем пагадзілася б прапіярыць які-небудзь рэстаран ці кавярню. За статыстыкай сачу, але вельмі рэдка — а навошта? Я ж раблю гэта дзеля сябе найперш. Наконт залежнасці ад колькасці лайкаў або падпісчыкаў... Так, часам яна праяўляецца. Асабліва, калі пачынаеш параўноўваць фатаграфіі. Але гэта ненадоўга, трэба супакоіцца, сказаць, што гэта ўсё глупства і пайсці займацца сваімі справамі.

Дар'я Шлапакова, студэнтка ІІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Залежнасць ці самарэалізацыя?

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.