Вы тут

У актыўным пошуку


Мабыць, не памылюся, калі скажу, што большасць прадстаўнікоў цяперашняй моладзі знаёміцца з процілеглым полам найперш праз сеціва. Такі час, такія норавы... («У інтэрнэце ніхто не ведае, што насамрэч ты — кот».) Вось дзе ўжо можна разысціся напоўніцу! Гэта вам не экспромтам гумарам фантаніраваць, кампліменты ў вочы гаварыць. («Так смешна слухаць ману, калі ведаеш праўду. А перабіваць шкада — чалавек жа стараецца».) Ды што там казаць пра моладзь, калі нават дзеці ў сваіх профілях у сеціве ў графе «сямейнае становішча» (?!) пішуць: у актыўным пошуку! Во як, ні больш, ні менш! («Так... Дзяцінства крута змянілася. Раней у суседзяў яблыкі кралі, а цяпер Wі-Fі».) Не хочацца займацца маралізатарствам, але што нас чакае наперадзе пры такім падыходзе? («— Ты як ажаніўся? — Дзякуючы інтэрнэту. — «УКантакце» будучую жонку знайшоў? — Не, пагуляць выйшаў, калі дома інтэрнэт прапаў. — Дзякуй Богу, у мяне стабільны правайдар».)


Але, на шчасце, сярод прадстаўнікоў цяперашняга пакалення яшчэ сустракаюцца юнакі і дзяўчаты, якім уласцівы дух авантурызму, такі натуральны для іх папярэднікаў. («— Памятаеш, як мы дзецьмі біліся? — Вой, чым мы толькі не біліся!») Гэта калі яны актыўна спрабуюць пазнаёміцца з прадстаўнікамі процілеглага полу не ў віртуальным свеце, а ў рэальным. («Аб'ява: «Шукаю мужа. Проста Люся, 24 патушаныя хаты, 33 спыненыя кані».) Мабыць, многія бачылі — хто на здымках у інтэрнэце, хто наяве — абвесткі на слупах, прыпынках грамадскага транспарту накшталт «прашу адгукнуцца прыгожую бландзінку, якая ехала ў такі дзень і час у маршруце №...» або «вельмі спадабаўся высокі хлопец у чырвонай куртцы, з якім мы перакінуліся парай слоў на прыпынку тыдзень таму, прашу адгукнуцца». Не, напачатку яны павялі сябе як сапраўдныя «батаны», дзеці свайго часу, але потым нешта ж прымусіла іх выйсці са свайго шкарлупіння, адкінуць сарамлівасць і адважыцца на такі крок! («Мы жывём у дзіўны час, дзе хлопец можа ўразіць дзяўчыну, калі проста напіша паведамленне без памылак».)

Класіка жанру ў такой справе — прызнанні на асфальце. Яны быццам бы нагадваюць перапіску ў сеціве, але патрабуюць пэўнай мужнасці.

(«Ранкам падышла да акна і ўбачыла на асфальце надпіс: «Таня, выходзь за мяне замуж!» Я так радавалася, так радавалася, што не адразу прыгадала: я ж Оля».) Адны такімі надпісамі замілоўваюцца, маўляў, рамантыка, малайчына, сапраўдны кавалер. («Усе мужчыны шукаюць разумную, прыгожую, вясёлую, сексуальную, з кватэрай, машынай, а яшчэ верную і бескарыслівую. Узнікае пытанне: «А вы ёй навошта?») Іншых такія дамарослыя графіці раздражняюць. І тое праўда, тут галоўнае не перагнуць у сваёй актыўнасці... («— На белым-белым пакрывале... каханай дзяўчыны імя ён напісаў...» — Пятровіч, ты што робіш?! Гэта ж міліцэйскі пратакол! Пішы, як трэба: «Справіў малую патрэбу пад вокнамі сужыцелькі!»)

Нядаўна вось на слыху былі дзве гісторыі пра тое, як сужэнцаў сабе шукаюць 39-гадовая мінчанка і 27-гадовы жыхар сталіцы. Праз налепкі на аўтамабілях. Жанчына размясціла на сваім лаканічны запіс «Шукаю мужа», хлопец некалькі ўдакладніў пажаданне: «Шукаю жонку, а маці — нявестку». А што, як па мне, дык адразу адчуваецца жыццёвы досвед дамы! (Памятаеце, як было ў савецкім фільме «Масква слязам не верыць»? «— А адкуль ён узяўся? — З электрычкі. — Віншую. Ты ўжо пачала ў транспарце знаёміцца. Не чакала ад цябе. — Шчыра кажучы, я сама ад сябе не чакала».) Гэта вам не пакаленне інтэрнэту! («Мы лашчылі адно аднаго курсорамі па фатаграфіях. Ананімна. Узаемна. Інтымна».) Тут усё сапраўды актыўна і досыць празрыста. (Са «Службовага рамана»: «Вера, выклічце мне Навасельцава!») Наколькі эфектыўны такі спосаб знаёмства, можна меркаваць па тым, што толькі за тыдзень наяўнасці на аўто налепкі ў сярэднім мінчанцы тэлефанавалі па тры разы за дзень, яна кожны вечар хадзіла на новае спатканне. («Маладая сімпатычная дзяўчына, ласкавая, без шкодных звычак прадасць оптам 20 тон цэменту».) Праўда, пакуль ні адзін з патэнцыяльных кавалераў жанчыне не спадабаўся, таму спыняць пошукі яна не плануе. І тое праўда, чаго спяшацца з высновамі? («Хто пасля расставання больш не маніторыць ранейшых і не сочыць за іх жыццямі, той нават круцейшы за герояў баевікоў, якія не павернуцца на выбух».)

Ды і ў хлопца таксама не ўсё так гладка: за некалькі месяцаў яму патэлефанавалі ўсяго з дзясятак дзяўчат. Яны па большасці чамусьці ўспрымаюць заклік-прапанову маладога чалавека як жарт. («Аб'ява на сайце знаёмстваў. «Толькі сур'ёзныя адносіны! Я высокая, стройная, прыгожая. Люблю скакаць, катацца і смяяцца. Патрэбны батут, шафёр і клоўн».) Можа, мінчаніну проста варта крыху падкарэкціраваць тэкст, не палохаць з самага пачатку маладзіц свекрывёй? («— У тваіх равеснікаў ужо жонкі, дзеці, машыны, іпатэка! — Гучыць так, быццам бы віноўнік усіх гэтых бедстваў — я».)

У любым выпадку абодва шукальнікі сваіх патэнцыяльных другіх палавінак — малайцы. Пагадзіцеся, смеласці і актыўнасці, пачуцця гумару ім не займаць. А ўсё дзеля чаго? У імя самага галоўнага — кахання. («Гэты вы ў кавярню можаце схадзіць з кім заўгодна. А раздзяліць пад покрывам ночы патэльню смажанай бульбачкі дастойны толькі выбраны».) Так што ўсім удачы ў пошуках!

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.