Вы тут

Жыць і жыць бы на свеце...


Раз увечары пераключаю кнопкі тэлевізійнага пульта ў спадзяванні за што-небудзь «зачапіцца» і на адным з каналаў заўважаю Уладзіміра Познера ў ролі героя інтэрв'ю. «Чалавек па сутнасці трагічны, таму што жыццё кароткае, зусім кароткае», — гаворыць ён сваёй суразмоўніцы.


Тады паабяцала сабе, што неяк падумаю над гэтым. Прыгадала разважанні таленавітага журналіста і тэлевядучага, калі глядзела ўрыўкамі юбілейны канцэрт Кабзона. І напачатку песня з пранізлівымі еўтушэнкаўскімі радкамі: «Я не верую в чудо. Я не снег, не звезда. И я больше не буду никогда, никогда!» Зноў ноткі трагізму, ды яшчэ магутны і непаўторны голас Кабзона, які лёгка выклікае мурашкі на скуры...

Не забываецца сустрэча з Іосіфам Кабзонам у Брэсцкім тэатры драмы роўна дваццаць гадоў таму. Тады, калі памятаеце, спявак наладзіў нешта накшталт развітальнага тура па гарадах былога Саюза з нагоды свайго 60-годдзя. Ён аб'яўляў аб спыненні канцэртнай дзейнасці. Аказалася, паспяшаўся аб'явіць. Не атрымалася адмовіцца ад канцэртаў. Ну і дзякуй богу. Бо яшчэ і цяпер голас мэтра гучыць упэўнена. У Брэсце, дарэчы, яму падарылі дыван з белым буслам. Ну тады ўсім дарылі дываны мясцовага прадпрыемства. Іх было шмат на складзе, попыту асаблівага не назіралася, 90-я ж гады...

Іосіф Давыдавіч прыняў падарунак з удзячнасцю і шчырай усмешкай. Весела сказаў, разгарнуўшы для камер вытканага нашымі майстрыхамі бусла: «Ну калі і цяпер мае дзеці не падораць мне ўнукаў, не прынясе іх гэты птах, тады не ведаю...» Нібы ў ваду глядзеў, нібы і праўда наш бусел выканаў сваю пачэсную місію. Цяпер у караля расійскай эстрады вялікая сям'я, шмат унукаў, прыгажуня-жонка, якую ўсе называюць анёлам-ахоўнікам. Пра Нэлі Міхайлаўну ён таксама гаварыў у Брэсце з вялікай любоўю. Называў яе мудрай, бо ў ліку іншых дабрадзейнасцяў валодала ўменнем дараваць яму гастрольныя грахі. А некаму падавалася, што гэты тытулаваны спявак і дэпутат Дзярждумы заўсёды ўяўляў сабой узор сямейніка. Ды, як бачыце, і ён туды ж, куды ўсе астатнія мужыкі... Але гэта так, дарэчы. Бо не кожны, відаць, можа пахваліцца жонкай, якая па-сапраўднаму ўмее дараваць.

Дык вось пра народнага артыста можна сказаць, што дасягнуў усяго, аб чым можа марыць чалавек: поспеху, дабрабыту, народнай любові. Сапраўды, яго знаюць і любяць. Пра талент і голас казаць няма чаго, цяперашніх нікога побач не паставіш. Паважаюць, бо ніколі не быў баязліўцам. Першы выступіў з канцэртам для ліквідатараў наступстваў чарнобыльскай катастрофы. На думку жонкі, адтуль бярэ пачатак анкалогія, якую спявак, на шчасце, змог перамагчы. Сваімі выступленнямі не раз падтрымліваў салдат і афіцэраў у Афгане. У ліку першых увайшоў у начынены ўзрыўчаткай «Норд-Ост» і вывеў адтуль некалькі жанчын з дзецьмі. Заўсёды дапамагаў калегам-артыстам, якія трапілі ў складанае становішча. Многа людзей вакол, якія яму ўдзячныя. Адным словам, як у яго песні: «Жить и жить бы на свете, да, наверно, нельзя».

У тым і заключаецца трагізм, пра які гаварыў Познер: усе віншуюць Іосіфа Давыдавіча з 80-годдзем, жадаюць здароўя і доўгіх гадоў, але ўсе разумеюць, што ён належыць да пакалення людзей, якія сыходзяць.

Далёка не ўсім шанцуе дажыць да запаветных васьмідзесяці. Пра такіх, калі што, гавораць: пажыў. Нярэдка, дарэчы, кажуць: «пажыў» і пра 70-гадовых. А што тут пажыў? Некалькі няшчасных дзесяцігоддзяў? Якія да таго ж ляцяць са скорасцю, што нарастае ў геаметрычнай прагрэсіі. З узростам кожнае наступнае праходзіць як мінімум удвая хутчэй папярэдняга, альбо чым старэйшы чалавек, тым хутчэй рухаецца яго час. Не заўважалі? Значыць, вы зусім малады альбо маладая. Гэтага не заўважаюць дваццацігадовыя, нават трыццацігадовыя, а з цягам часу чалавек вельмі рэальна пачынае адчуваць, як гады перастаюць ісці, бо яны бягуць, потым наогул ляцяць. Таму старыя людзі любяць параўноўваць жыццё з пакоем, у адны дзверы якога толькі што зайшоў, і вось застаецца крок да іншых дзвярэй, у якія ўжо трэба выходзіць.

Ну і як тут змагацца са сваёй трагічнай сутнасцю? — скажа ўдумлівы чытач. Гэта ўжо хто як умее. Адны знаходзяць суцяшэнне ў веры, другія ў любімай справе, на якую і жыцця не хапае, іншыя чэрпаюць сілы з прыроды, з прыгажосці і праўды веснавой краскі ды жоўтага ліста, якія ніколі не здраджваюць. «З гадамі ўсе дні пачынаеш любіць» — пісаў Максім Танк. Пра любоў не сказала, пра цэлы свет, які ўмяшчаецца на прасторы асобна ўзятай душы. Ну... вы самі дапоўніце.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.