Вы тут

Эмоцыі 5D: Пендэрэцкі, скрыпкі Страдывары


Музычнае жыццё беларускай сталіцы заўсёды было насычаным, але ёсць праекты, што ў апошні час прыцягваюць у Беларусь знакамітых у свеце творцаў. На гэта працуе і заснаваны ў 2006 годзе ў Мінску Міжнародны музычны фестываль Юрыя Башмета. Сёлета ён адбудзецца з 27 верасня па 8 кастрычніка.


Фестываль разлічаны на вельмі шырокае кола слухачоў, але найперш гэта нагода для аматараў класічнай музыкі паслухаць любімых выканаўцаў, а часам і сустрэцца з кумірамі, якія ў нашу краіну дагэтуль не завітвалі. Так, разам з выступленнямі калектываў пад кіраўніцтвам Юрыя Башмета і Расціслава Крымера, якія айчынны слухач ужо добра ведае, сёлета можна будзе ўбачыць жывую легенду сусветнай музыкі — польскага кампазітара Кшыштафа Пендэрэцкага. На фестывалі Башмета ён як дырыжор упершыню будзе выступаць з сімфанічным аркестрам Беларусі, харавой капэлай імя Р. Шырмы і камерным хорам: выканаюць Сімфонію № 7 «Сем брам Ерусаліма». Яе Пендэрэцкі напісаў адмыслова да 3000-годдзя Ерусаліма. У гэтым творы кампазітар з’яднаў кананічны тэкст Старога Запавету з мовай музыкі «вялікага авангарду». І гэта выкананне можа стаць адной з незабыўных падзей у беларускім музычным жыцці, бо сёння Пендэрэцкі — не толькі адзін з самых паважаных кампазітараў, але і жывы класік, творы якога выконваюцца амаль па ўсім свеце. Акрамя безлічы ўзнагарод, Кшыштаф Пендэрэцкі мае і павагу калег па цэху: нездарма ён ганаровы член венскага Musikverein, дзе побач з партрэтамі Шуберта, Брамса ды іншых вялікіх музыкантаў захоўваецца і партрэт польскага кампазітара.

Мастацкі кіраўнік Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета Расціслаў Крымер адзначае:

 — Вядома, вельмі няпроста прывезці ў Беларусь такую зорку, як Кшыштаф Пендэрэцкі, тым больш гэта гістарычная падзея. Асабліва ўсцешна, што дзякуючы нашым намаганням у папярэднія гады ў Мінск завіталі Губайдуліна, Канчэлі, Сільвестраў, якія, як і Пендэрэцкі, ужо ў шаноўным узросце.

Па маштабе канцэрт з удзелам польскага кампазітара ў Мінску стане грандыёзным: па-першае, на сцэне выступяць каля 200 чалавек адначасова, па-другое, інструменты-тубафоны вагой у некалькі тон былі адлітыя адмыслова для гэтай сімфоніі!

Фестываль Башмета любіць змяняць формы і фарматы, імкнецца быць больш дынамічным, але ў яго ёсць ужо і фірмовыя знакі. Напрыклад, канцэрт «Легенды фартэпіяна» нагадае пра вечную і незабыўную класіку: піяніст Аляксей Валодзін выканае творы Рахманінава, Пракоф’ева і Метнера. У той жа час можна паслухаць неверагодны акардэон, на якім сусветна вядомую музыку Астара П’яцолы будзе іграць Ксенія Сідарава, а творы Шумана і Баха выканаюць нямецкі віяланчэліст Давід Герынгас і італьянскі флейтыст Масіма Мярчэлі.

Не менш прыемнай для публікі абяцае стаць сустрэча з ужо знаёмым скрыпачом Юльянам Рахліным, які выступіць у канцэрце «Легенды на скрыпцы Страдывары». Штогод на фестывалі Башмета, акрамя зорных музыкантаў, можна пачуць зорныя інструменты, створаныя легендарнымі італьянскімі майстрамі. А сёлета іх будзе нават некалькі: унікальныя скрыпкі і віяланчэлі, створаныя Страдывары і Гванеры. На адным з такіх інструментаў Юльян Рахлін выканае музыку Моцарта: скрыпач абраў музыку менавіта гэтага кампазітара, бо лічыцца, што ў яго творах няма месца для хлусні і фальшывых жарсцяў.

Музыка Моцарта прагучыць і на канцэрце, прадугледжаным адмыслова для самых маленькіх. Арганізатары фестывалю лічаць, што менавіта з маленства ў характары закладваюцца асновы, у тым ліку і пачуццёвы. А што можа быць больш карысным у гэтым сэнсе, чым класічная музыка? Даследаванні даказалі, што кампазіцыі Моцарта маюць унікальны ўплыў на чалавечы мозг, таму праграма канцэрта складзена з твораў гэтага кампазітара.

Асаблівая прыступка на лесвіцы фестывалю Башмета — і беларускае мастацтва, бо такія маштабныя падзеі — нагода не толькі пазнаёміць слухачоў з выбітнымі беларускімі музыкантамі, але і дапамагчы кампазітарам знайсці новую аўдыторыю і выступіць на адной сцэне з замежнымі артыстамі. Сёлета арганізатары вырашылі разбурыць межы і сумясціць чатыры віды мастацтва, да таго ж слухача хочуць зрабіць непасрэдным удзельнікам творчага працэсу. Энергетыку музыкі, жывапісу, паэзіі і танца аб’ядналі ў адзін канцэрт: кола беларускай музыкі, створанай лепшымі айчыннымі кампазітарамі (Валерый Воранаў, Галіна Гарэлава, Канстанцін Яськоў і інш.), працягне яшчэ і тэатральнае майстэрства (Андрэй Бібікаў, Валянціна Гарцуева ды інш.), і паэтычнае слова (Таццяна Сівец, Юлія Алейчанка, Маргарыта Латышкевіч ды інш.).

Фестываль Башмета ў Мінску стаў неад’емнай часткай нашай культурнай сістэмы: колькасць наведвальнікаў з кожным годам павялічваецца, моладзі, зацікаўленай у класічнай музыцы, таксама становіцца больш. Сёлета канцэрты стануць яшчэ і своеасаблівым падарункам да юбілею Белдзяржфілармоніі, на вялікай сцэне якой выступяць легендарныя музыканты.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.