Вы тут

Прэзідэнт прапануе брытанскаму ўраду рэалізаваць праекты з Беларуссю


Дыпламатычным адносінам нашай краіны і Вялікабрытаніі сёлета споўнілася 25 гадоў. Нягледзячы на даволі высокі таваразварот — у асноўным, за кошт беларускага экспарту нафтапрадуктаў, палітычныя адносіны развіваюцца даволі марудна. Прынамсі, на гэтым тыдні да нас упершыню за чвэрць стагоддзя прыехаў член брытанскага ўрада. Гэты факт, будзем спадзявацца, стане пераломным у адносінах нашай дзяржавы і Туманнага Альбіёну.


Прыкладна год таму Беларусь наведаў член брытанскай каралеўскай сям'і — прынц Майкл Кенцкі. Відаць, гэта стала пачаткам да паступовага збліжэння краін. Учарашняя сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і дзяржаўнага міністра па справах Еўропы і Амерыкі Міністэрства замежных спраў Вялікабрытаніі Алана Дункана праходзіла ў вельмі дружалюбнай, шчырай атмасферы.

— Вы ведаеце, спадар міністр, пра што я падумаў, ідучы ў гэтую залу на сустрэчу з вамі? Па-першае, нарэшце высокапастаўлены чалавек, член урада вельмі развітой, прасунутай краіны вырашыў прыехаць у Беларусь. Новы, добры знак. А, па-другое, можа, вам гэта не спадабаецца, я падумаў: вельмі шкада, што Вялікабрытанія ў гэты момант сыходзіць з Еўрапейскага Саюза. У нас быў бы добры, надзейны партнёр і сябар у Еўрапейскім Саюзе, які мог бы сказаць праўду пра Беларусь, — адзначыў беларускі лідар у пачатку размовы з дыпламатам.

У гэтым, прызнаўся кіраўнік нашай дзяржавы, адказ на пытанне, чаго ён асабіста чакае ад візіту міністра брытанскага ўрада ў Беларусь.

— Я чакаю, каб вы ўбачылі Беларусь і хоць бы для сябе склалі пэўнае аб'ектыўнае меркаванне пра нашу краіну.
Я хачу, каб вы ўбачылі ўсё тое, чаго так доўга «не заўважалі» заходнія палітыкі і дзяржаўныя дзеячы. Для таго, каб больш глыбока вывучыць гэты працэс, каб ён у нас пайшоў, давайце вызначым тры-чатыры пілотныя салідныя праекты — эканамічныя, бо эканоміка — база любых адносін, — і рэалізуем іх.

Сёння ў Вялікабрытаніі дзейнічае тры суб'екты тавараправоднай сеткі айчынных прадпрыемстваў-экспарцёраў — гэта дачынная структура «Беларускай нафтавай кампаніі», прадстаўніцтва авіякампаніі «Белавія» і прадстаўніцтва ўнітарнага прадпрыемства «Адані». Што да брытанскіх інвестыцый у Беларусі, то летась у нашу эканоміку іх было прыцягнута амаль на 1,5 млрд долараў.

— Давайце скажам па-народнаму проста: у Вялікабрытаніі маса вольных грошай, якія павінны быць укладзены ў справу, — прапанаваў Прэзідэнт Беларусі. — Мы створым самыя зручныя і выгадныя ўмовы для бізнесу, і некалькі — два-тры — сумесных прадпрыемстваў пабудуем у Беларусі, якія будуць працаваць на дзве краіны.

Ён звярнуў увагу, што ёсць некаторыя кірункі, якія ўвогуле не вітаюцца ўрадам Вялікабрытаніі для развіцця на сваёй тэрыторыі. У той жа час у Беларусі яны вельмі неабходныя, а прадукцыя гэтых прадпрыемстваў запатрабавана і ў Вялікабрытаніі. Прэзідэнт прапанаваў стварыць вытворчасць такога тыпу ў нашай краіне.

Аляксандр Лукашэнка станоўча ацаніў рашэнне ўрада Вялікабрытаніі перавесці краіну на электрамабілі:

— Я вітаю і апладзірую такому рашэнню. Па вашым прыкладзе ў гэтым кірунку і мы вырашылі рухацца і ў гэтым плане шукаем найбольш прасунутых партнёраў. Давайце разам паспрабуем працаваць у Беларусі. Гэта так, наўскідку, у першым набліжэнні. І маса такіх кірункаў, дзе мы можам разам працаваць з вялікай выгадай для вашага і нашага бізнесу. І калі ваш візіт будзе нейкім штуршком у гэтым кірунку, будзем лічыць, што мы нездарма з вамі правялі час і вы нездарма прыехалі ў Беларусь.

Алан Дункан прызнаўся, што вельмі рады быць першым брытанскім міністрам, які наведвае Беларусь. Ён перадаў беларускаму лідару найлепшыя пажаданні ад прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Тэрэзы Мэй і падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за магчымасць асабіста сустрэцца.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: «Пазнаёміць» дзелавыя колы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».