Вы тут

«Пошукі хлопчыка будуць працягвацца»


У Белавежскай пушчы па-ранейшаму вялікая колькасць людзей задзейнічана ў пошуках 10-гадовага хлопчыка — жыхара аграгарадка Новы Двор Свіслацкага раёна, які ў суботу 16 верасня выправіўся ў лес у грыбы і не вярнуўся дадому.


— Пошукі з таго моманту не спыняюцца. Колькасць міліцыянераў, вайскоўцаў, ратавальнікаў, прадстаўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў, валанцёраў пошукава-ратавальных атрадаў, добраахвотнікаў стабільна высокая, — паведаміў «Звяздзе» намеснік старшыні па сацыяльных пытаннях Свіслацкага райвыканкама Юрый Кулікоў. — Цяпер яны вядуць пошукі больш кропкава, паколькі асноўныя напрамкі ўжо неаднаразова адпрацаваныя. Найперш гаворка пра цяжкадаступныя месцы, дзе можа знаходзіцца хлопчык. Працаваць у такіх кропках могуць толькі падрыхтаваныя людзі, а не звычайныя добраахвотнікі. Да таго ж кола пошукаў звужаецца. На жаль, свежай інфармацыі няма: хлопчык пакуль не знойдзены... Але аперацыя будзе працягвацца.

Як дадалі ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, у панядзелак у пошуках брала ўдзел каля 500 чалавек, у аўторак — каля 350. Нагадаем, у мінулыя выхадныя, як паведамлялася, у аперацыі ўдзельнічала да дзвюх тысяч чалавек. Што датычыцца лятальных апаратаў, дык у панядзелак яны яшчэ былі задзейнічаны, а ў аўторак — ужо не. Звязана гэта з тым, што імі адпрацаваны ўсе магчымыя месцы, якія можна і трэба было правяраць.

Між тым Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па факце знікнення дзесяцігадовага Максіма Мархалюка ў Свіслацкім раёне. Пра гэта ўчора журналістам паведаміў старшыня СК Іван Наскевіч. «Мы распачалі крымінальную справу ў адпаведнасці з артыкулам 167 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса», — сказаў ён і растлумачыў, што калі на працягу 10 дзён пасля афіцыйнай заявы аб невядомым знікненні месцазнаходжанне асобы не ўстаноўлена, то частка 2 артыкула 167 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса дазваляе прыняць рашэнне аб завядзенні крымінальнай справы па факце невядомага знікнення.

Як сказаў Іван Наскевіч, сёння няма інфармацыі, што зніклае ў Свіслацкім раёне дзіця стала ахвярай злачынства. «У той час як уся грамадскасць, людзі спадзяюцца, што хлопчык яшчэ жывы, што ён, напэўна, заблукаў, чакае дзесьці дапамогі, заводзіць справу па факце забойства было б нават амаральна. Не кажучы пра тое, што незаконна», — дадаў ён.

У прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама таксама акцэнтавалі ўвагу на недапушчальнасці распаўсюджвання чутак пра тое, што хлопчыка бачылі ці ён нібыта знойдзены. Дэзынфармацыя толькі шкодзіць пошукавым мерапрыемствам. Па поўную і дакладную інфармацыю варта звяртацца да афіцыйных крыніц.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».