Вы тут

25 гадоў таму быў адроджаны Свята-Раство-Багародзічны жаночы манастыр


Урачыстую літургію ў гонар гэтай даты ўзначаліў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. А напярэдадні тут сустрэлі цудадзейную святыню — спіс іконы Жыровіцкай Божай Маці, які прыбыў з Жыровіцкага манастыра.


Хоць манастырскі комплекс і знаходзіцца сярод мноства старажытных будынкаў старога Гродна, яго воблік не зблытаеш з іншымі з-за чорнага купала, на якім зіхацяць жоўтыя металічныя зоркі. Гэты купал бачна здалёк. Такім ён стаў ужо ў перыяд аднаўлення манастыра.

У гонар яго вяртання ў Беларускай праваслаўнай царкве ў пачатку ліпеня 1992 года прайшло першае богаслужэнне і хрэсны ход. Здзейсніў урачыстую літургію Мітрапаліт Мінскі Філарэт, які зараз з'яўляецца ганаровым Патрыяршым Экзархам.

Сёлета юбілейныя ўрачыстасці прымеркавалі да свята Раства Прасвятой Багародзіцы. Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі паведаміў журналістам, што сёстры манастыра не толькі захавалі, але і развіваюць, упрыгожваюць святыню. І цяпер гэта не толькі гістарычны і архітэктурны помнік, але і жывы царкоўны арганізм.

Ігумення Гаўрыіла звяртае ўвагу яшчэ на адну значную акалічнасць — у пачатку будучага года споўніцца 175 гадоў, як жаночы манастыр з уніяцкага ператварыўся ў праваслаўны. Тады ж пачалася яго перабудова па праваслаўных канонах. Цяпер будуецца царква ў гонар Сяргея Раданежскага, а таксама гаспадарчыя карпусы. Расце і колькасць насельніц. Падчас Першай сусветнай вайны іх колькасць дасягала 500.

Насельніц не аднойчы пераводзілі ў іншыя манастыры, аднак, Гродзенскі доўгі час заставаўся дзеючым. Рашэнне аб закрыцці манастыра было прынята ў 1959 годзе, а ў 1960-м насельніц пад наглядам шматлікіх пастоў міліцыі пачалі высяляць. Іх перавезлі ў Жыровіцкі мужчынскі манастыр. З апусцелым будынкам гарадскія ўлады ніяк не маглі вызначыцца: то аддавалі яго студэнтам-медыкам пад інтэрнат, то абласному камітэту ДТСААФ, і нарэшце, па іроніі лёсу, тут размясціўся Рэспубліканскі музей атэізму. І гэта, як ні парадаксальна, выратавала комплекс ад заняпаду. Пастарэлыя будынкі пачалі прыводзіць у належны стан, прычым работы па рэстаўрацыі вяліся згодна з гістарычным і архітэктурным статусам, што адбывалася далёка не ўсюды. У гэты час на тэрыторыі манастыра знайшлі рэшткі старажытнай царквы XІІ стагоддзя. Храм быў пабудаваны на Замкавай гары майстрамі гродзенскай архітэктурнай школы ў гонар Багародзіцы і стаў галоўным праваслаўным храмам горада. Такім чынам, манастыр знаходзіцца на адным з самых намоленых месцаў, і гэту традыцыю працягвае па сённяшні дзень. Цяпер тут пражывае 16 насельніц, поўнасцю адноўлена манаскае жыццё, кругласутачна чытаецца «неусыпаемы псалтыр».

З першага дня адноўленага манастыра яго ігуменняй з'яўляецца матушка Гаўрыіла (Марыя Глухава).

— Матушка Гаўрыіла, як манастыру ўдаецца ўпісвацца ў жыццё горада?

— Мы ўзнавілі ў першую чаргу аблічча храма, каб прыхаджане маглі атрымаць заспакаенне сваёй мяцежнай душы, духоўнае падмацаванне, падтрымку. А дапамога прыходзіць праз святыя таінствы — прычасце, сабораванне, малітвы. Мы вядзём дабрачынную дзейнасць, не прапускаем ніводнае свята, падзею. Дапамагаем і на Раство, і на Вялікдзень, і на Масленіцу, і на свята Пятра і Фяўроньі — у Дзень сям'і і вернасці, і на Пакроў — у Дзень маці.

— Вы з'яўляецеся лаўрэатам прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне». Якую ролю адыгрывае гэта званне ў вашым служэнні?

— Званне абавязвае. І я для сябе вызначыла галоўнае — не спыняцца. Бо калі спынішся, то і жыццё заканчваецца, таму што ўсё жыцце — гэта рух.

— Ці вядзе манастыр гаспадарчую дзейнасць?

— У нас ёсць участак у 3,2 га непадалёку ад Гродна, дзе мы працуем, забяспечваем сябе гароднінай і дапамагаем іншым. Вялікі надзел няма магчымасці трымаць, таму што не хапае рук — у нас усяго 16 насельніц. Але нямала прыхаджан, якія нам дапамагаюць.

— Хто можа стаць насельніцай манастыра? Ці атрымоўваюць гэтыя жанчыны тое, што шукаюць?

— Стаць насельніцай можа любая праваслаўная хрысціянка, якая хоча выратаваць сябе, сваіх блізкіх. Але гэта няпроста і патрабуе столькі працы, што значна лягчэй звярнуць снежную груду, разгрузіць грузавік, чым адзін дзень пражыць у манастыры. Гэта вялікая праца над сабой, над сваім самалюбствам, сваім «я». Трэба поўнасцю аддаваць сябе Богу, адсячы ва ўсім сваю волю, слухаць ва ўсім ігуменню і старэйшых манахіняў. Гэта не кожнаму пад сілу, таму зараз мала ахвотных ісці ў манастыр. Але тыя, хто падыходзіць да гэтага выбару свядома, шчыра, яны атрымоўваюць тое, што шукаюць...

— Якая карысць грамадству ад манаскага послуху?

— Вы прыйшлі ў храм, ідзяце да цудадзейных ікон, гутарыце са святаром, з манахінямі. Калі вы атрымоўваеце духоўнае суцяшэнне, радасць, значыць, вы не дарма прыйшлі ў святую мясціну, вы знайшлі аддушыну. Да пустога калодзежа людзі не ходзяць.

— Ведаю, што манастыр не стаіць убаку ад грамадскага жыцця. Як ідзе ўзаемадзеянне са свецкімі структурамі?

— Мы падтрымліваем дзяржаву, асабліва ў выхаванні новага пакалення. Стараемся, каб дзецям прывіваліся асновы духоўнасці, маральнасці, каб яны выконвалі Божыя запаветы. Галоўным запаветам, лічу, павінна быць шанаванне бацькоў. Тады дзеці не будуць і настаўнікам грубіць, і старэйшым людзям, будуць паважаць сваіх аднагодкаў. Гэта мы стараемся прывіваць і нашым вучням нядзельнай школы, і маладзёжнай групе «Міраносіцы».

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Новы адлік святой мясціны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».