Вы тут

Андрэйчанка: Дэпутаты дапамагаюць прасоўваць мясцовыя ініцыятывы


У панядзелак, 2 кастрычніка, адкрываецца чарговая сесія Нацыянальнага сходу Беларусі.

Падчас мінулагодніх парламенцкіх выбараў і нацыянальныя, і замежныя назіральнікі канстатавалі высокую яўку. Сапраўды, дэпутат, парламентарый у нашай краіне — чалавек, які карыстаецца выключнай павагай і важкім — грамадскім — уплывам. Пра тое, як народныя выбраннікі працуюць з людзьмі, як грамадская ініцыятыва знаходзіць увасабленне ў рэальных законах, «МС» расказаў Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.


Адказнасць мы не дзелім

— Штомесяц дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пэўны час працуюць у сваіх акругах. Гэта і прыёмы грамадзян на базе гар- і райвыканкамаў, і выязныя прыёмы ў вёсках, і сустрэчы з працоўнымі калектывамі. Наколькі важнае для іх супрацоўніцтва з мясцовымі органамі ўлады? Як пабудавана гэтая сістэма ўзаемадзеяння?

— Супрацоўніцтва, пра якое вы пытаецеся, для нас вельмі важнае. Бо праблемы, з якімі звяртаюцца да нас людзі, закранаюць практычна ўсе сферы грамадскіх адносін. Але рашэнне большасці пытанняў, няхай гэта будзе занятасць насельніцтва, развіццё інфраструктуры, будаўніцтва жылля, добраўпарадкаванне тэрыторый, газіфікацыя населеных пунктаў, забеспячэнне пітной вадой і г.д., залежыць ад рэальных сацыяльна-эканамічных умоў, кампетэнтнасці і паваротлівасці кіраўніцкіх кадраў.

Таму кожны новы працоўны тыдзень дэпутата ў акрузе, як правіла, пачынаецца з сустрэчы з кіраўніцтвам адміністрацыі, дэпутатамі мясцовых Саветаў. Парламентарыі рэгулярна ўдзельнічаюць у абмеркаванні пытанняў, якія выносяцца на пасяджэннях выканаўчых і распарадчых органаў, буйных грамадскіх аб'яднанняў. На асабістыя прыёмы грамадзян дэпутат запрашае прадстаўнікоў адпаведных службаў, якія дапамагаюць зняць большасць праблем непасрэдна ў ходзе прыёму.

Мы вельмі цэнім гэтую дапамогу, але і самі не застаёмся ў даўгу. Працуючы ў акрузе, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў аддаюць прыярытэтную ўвагу вырашэнню надзённых эканамічных задач і пытанняў падтрымкі прадпрыемстваў, стварэння новых працоўных месцаў, развіцця сацыяльнай інфраструктуры і захавання гісторыка-культурнай спадчыны. Дэпутаты дапамагаюць прасоўваць канструктыўныя мясцовыя ініцыятывы, прыцягваць насельніцтва да вырашэння задач, з якімі можна справіцца сваімі сіламі, выкарыстоўваюць свае міжнародныя кантакты для прыцягнення інвестараў. Пытанні, якія складана вырашыць на мясцовым узроўні, становяцца для парламентарыяў зыходным пунктам у іх заканадаўчай дзейнасці і дыялогу з урадавымі структурамі.

— Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў выбіраюцца грамадзянамі непасрэдна, членаў Савета Рэспублікі выбіраюць мясцовыя Саветы дэпутатаў. А чым адрозніваецца работа дэпутата Палаты прадстаўнікоў у выбарчай акрузе ад работы яго калегі — члена Савета Рэспублікі?

— Перш за ўсё, усе мы працуем адзінай камандай і робім агульную справу. Што датычыцца кантактаў з насельніцтвам, працоўнымі калектывамі, асабістых прыёмаў — тут у нас вельмі шмат падобнага. Больш за тое, дэпутаты і члены Савета Рэспублікі нярэдка праводзяць сумесныя прыёмы грамадзян.

Калі казаць пра адрозненні, пачнём з таго, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў працуюць на прафесійнай аснове і практычна траціну свайго працоўнага часу праводзяць у выбарчых акругах. Сенатары ж застаюцца на ранейшай пасадзе і сумяшчаюць парламенцкія функцыі з выкананнем сваіх асноўных службовых абавязкаў.

Яшчэ адно адрозненне заключаецца ў тым, што нашы дэпутаты, можа быць, у большай ступені канцэнтруюцца на вывучэнні практыкі прымянення заканадаўства, а калегі з Савета Рэспублікі — на пытаннях удасканалення дзейнасці органаў мясцовага самакіравання і каардынацыі ўзаемадзеяння паміж імі і органамі дзяржаўнага кіравання. Хоць і тут мы шмат у чым узаемадапаўняем адно аднаго.

Нарэшце, у адрозненне ад члена Савета Рэспублікі дэпутат абавязаны не радзей за адзін раз на год рабіць справаздачу перад выбаршчыкамі аб праведзенай рабоце. А ў цэлым, паўтаруся, адказнасці мы не дзелім. Праца з людзьмі — наш агульны клопат.

Заканадаўчая ініцыятыва расце

— Падчас прыёмаў грамадзян, якія рэгулярна праводзяць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, людзі часам прыходзяць з прапановамі па ўдасканаленні заканадаўства. Наколькі такія прапановы рэалізуюцца ў канкрэтных заканадаўчых актах? Можа, на працягу наступнай сесіі будуць прымацца змяненні, прадыктаваныя зваротамі і прапановамі грамадзян?

— Прыкладаў, калі грамадзяне ставяць перад намі пытанні, якія патрабуюць прыняцця прававых рашэнняў, дастаткова шмат. Больш за тое, парламентарыі зацікаўлены ў падтрыманні пастаяннай зваротнай сувязі з выбаршчыкамі. Менавіта ў гэтых мэтах была пашырана практыка грамадскага абмеркавання законапраектаў, павялічаны час правядзення асабістых прыёмаў у Палаце прадстаўнікоў, укаранёны механізм электронных зваротаў. Вынікі кажуць самі за сябе. Калі ў чацвёртым скліканні колькасць зваротаў, прысвечаных удасканаленню заканадаўства, была меншая за 13 працэнтаў, то ў пятым яна павялічылася больш чым у тры разы. А сёння з улікам пытанняў тлумачэння законаў і зваротаў у Канстытуцыйны суд доля прапаноў, што непасрэдна датычацца кампетэнцыі Палаты прадстаўнікоў, складае без малога 48 працэнтаў.

Уся гэтая інфармацыя дэталёва аналізуецца ў пастаянных камісіях, абагульняецца і рэалізуецца на ўсіх стадыях заканадаўчага працэсу. Вынікам такой работы становяцца, напрыклад, прапановы, якія штогод уносяцца ў праект закона аб рэспубліканскім бюджэце.

Раней з улікам меркаванняў, выказаных грамадзянамі, была праведзена карэкціроўка заканадаўства аб ахове здароўя, мовах, зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, рэгістры насельніцтва, дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання, рэкламе. І гэта далёка не поўны пералік.

Сярод зусім свежых прыкладаў — новая рэдакцыя Закона «Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей». Распрацоўшчыкі прапаноўвалі ажыццяўляць пераразлік памеру дапамогі на дзяцей да трох гадоў толькі адзін раз на год. Але, ведаючы пазіцыю выбаршчыкаў, дэпутаты настаялі на тым, каб гэты пераразлік рабіўся двойчы.

Кажучы пра нашы найбліжэйшыя планы, трэба адзначыць, што на восеньскай сесіі мы збіраемся разгледзець дзве сур'ёзныя дэпутацкія ініцыятывы па ўдасканаленні заканадаўства аб інвестыцыях і прыватызацыі. Распрацоўка гэтых дакументаў шмат у чым з'яўляецца вынікам абмеркавання праблемных пытанняў у рэгіёнах і на сустрэчах з працоўнымі калектывамі.

Да другога чытання рыхтуецца яшчэ адзін дэпутацкі законапраект. Ён прадугледжвае ўвядзенне адказнасці за ўключэнне ў жыроўкі платы за неасноўныя жыллёва-камунальныя паслугі без заключэння дагавораў на іх аказанне. Гэтым жа праектам устанаўліваецца і адказнасць для службовых асоб за наўмыснае раскрыццё персанальных даных грамадзян. Акрамя таго, з улікам зваротаў выбаршчыкаў плануецца ўнесці змяненні ў Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў». Гаворка ідзе, напрыклад, пра парадак вяртання складанабытавой тэхнікі, а таксама аб размяшчэнні на таварах інфармацыі на беларускай і (або) рускай мовах.

Падчас адкрыцця дзіцячага садка ў Глыбокім.

Баланс інтарэсаў дзяржавы і грамадства

— Быць дэпутатам — ганаровая праца. З вашага пункту гледжання, якая роля дэпутата ў ХХІ стагоддзі?

— Мяркую, што галоўная функцыя парламентарызму як асноўнага інстытута дэмакратыі застаецца нязменнай. Толькі выконваць яе ў наш час нашмат цяжэй. Жыццё стала больш імклівым, структура грамадства — больш складанай. Прывесці каштоўнасці мноства сацыяльных і эканамічных груп да агульнага множніка, забяспечыўшы пры гэтым устойлівы баланс інтарэсаў дзяржавы і грамадства, — задача не з лёгкіх. Але толькі так можна захаваць народнае адзінства, без якога немагчыма даць годны адказ на выклікі і пагрозы сучаснасці.

Вядома, у тым, што геаграфічныя, нацыянальныя, моўныя бар'еры паступова знікаюць, ёсць пэўны плюс. У людзей, асабліва ў моладзі, з'яўляецца больш шанцаў для самарэалізацыі. Але тое, што пры гэтым размываюцца і традыцыйныя каштоўнасці, сямейныя, духоўныя, культурныя, не можа не турбаваць.

Парламентарыі заўсёды былі сілай, якая кансалідуюе грамадства, і сёння гэта асабліва значна. Бо паспяховая рэалізацыя нашых сацыяльна-эканамічных планаў у цяперашніх умовах патрабуе мабілізацыі ўсіх матэрыяльных і інтэлектуальных сіл краіны. Таму найважнейшай нашай задачай з'яўляецца падтрыманне і развіццё шырокага грамадска-палітычнага дыялогу ў мэтах захавання народнага адзінства, сацыяльнай салідарнасці, павышэння прававой, эканамічнай і палітычнай культуры насельніцтва.

Важны таксама міжнародны аспект гэтай задачы. І галоўнае тут — актыўны ўдзел у міжнародных намаганнях па захаванні міру, які становіцца ўсё больш кволы.

Што датычыцца непасрэднай работы з людзьмі, асаблівым клопатам дэпутата была і застаецца падтрымка тых, хто без дапамогі дзяржавы не ў стане вырашыць свае жыццёвыя праблемы. Гэта перш за ўсё шматдзетныя і няпоўныя сем'і, пенсіянеры, ветэраны, сіроты, людзі з абмежаванымі магчымасцямі.

Мабілізуючы фактар

— Дэпутаты часта прымаюць удзел у розных дабрачынных акцыях і выступаюць ініцыятарамі многіх добрых і патрэбных спраў. Наколькі ў сувязі з гэтым важная для парламентарыяў інфармацыйная падтрымка?

— Гэта сур'ёзны мабілізуючы фактар, і дэпутаты актыўна супрацоўнічаюць са сродкамі масавай інфармацыі, прычым не толькі для арганізацыі масавых дабрачынных, культурных або спартыўных акцый. Перш за ўсё гэта дае магчымасць аператыўна інфармаваць насельніцтва аб рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі, мерах, якія прымаюцца органамі ўлады па забеспячэнні ўстойлівага развіцця краіны, растлумачваць дзейнічае заканадаўства і прыцягваць грамадзян да ўдзелу ў абмеркаванні законапраектаў, якія маюць прынцыповае значэнне для дзяржавы і грамадства.

— Як вядома, газета «Звязда» — парламенцкае выданне, якое, да таго ж, мае спецыяльны дадатак для выбаршчыкаў і дэпутатаў «Мясцовае самакіраванне». Якую ролю яна адыгрывае ў штодзённай рабоце Нацыянальнага сходу?

— «Звязда» заўсёды годна прадстаўляла парламент у інфармацыйнай прасторы краіны і дапамагала нам падтрымліваць дыялог з грамадскасцю. Газета штодня дае аператыўную, а галоўнае, аб'ектыўную інфармацыю аб заканадаўчай дзейнасці, міжпарламенцкім супрацоўніцтве, рабоце парламентарыяў у выбарчых акругах. Дзякуючы вам дэпутаты маюць магчымасць выказаць сваю пазіцыю па самых жыццёва важных грамадска-палітычных пытаннях і своечасова данесці яе да насельніцтва. У сувязі са стагоддзем вашага выдання шчыра жадаю ўсяму творчаму калектыву «Звязды» натхнення, яркіх публікацый і новых поспехаў у дзейнасці на карысць роднай Беларусі.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.